Вышла в свет новая книга Николая Мороза «Не маючы літасці»

Духоўнае Новости Общество

“Не маючы літасці”
Пабачыла свет новая кніга пісьменніка Мікалая Мароза “Не маючы літасці”.
Гэта трэцяе мастацкае беларускае выданне аўтара (не лічачы кнігу пра лёс Обальскага керамічнага завода пад назваю “Другой судьбы не пожелая…”, напісаную на рускай мове). У адрозненне ад першай кнігі “Развеяны сум” новая “Не маючы літасці” (і назва, як бачыце, суровая і “бязлітасная”) змяшчае больш сталую, калі хочаце, больш спелую прозу.
У першай аповесці “Вяртанне” прасочваецца лёс цэлага роду чалавека, які вярнуўся на сваю маленькую радзіму, да сваіх вытокаў. Нездарма эпіграфам да аповесці М. Мароз абраў словы Вальтэра: “Мы ніколі не жывём, мы толькі спадзяёмся, што будзем жыць”. Па сутнасці, словы вялікага пісьменніка могуць быць эпіграфам да ўсёй кнігі пісьменніка – суровай і  неўміручай праўды жыцця. Менавіта праўды, якой жывуць і дзве астатнія аповесці празаіка. У мастацкіх творах цікавыя жыццёвыя калізіі, па-грамадзянску смела, з публіцыстычнай завостранасцю напісаны эсэ і разважанні пісьменніка.
У кнізе “Не маючы літасці” нічога ад перавыдадзенага – усё новае. Хаця і напісанае даўно (за выключэннем хіба аповесці “Зязюльчыны слёзы”, прысвечанай землякам пісьменніка, барысаўчанам), бо рукапіс праляжаў чатыры ці пяць гадоў – не знаходзіўся спонсар. А пасля пісьменнік, як зараз модна казаць, на тры праколы падцягнуў рэмень, сэканоміў грошы з зарплаты і выдаў кнігу. Як кажуць, за свае кроўныя. Каб у чарговы раз парадаваць чытача беларускім словам, свежым сюжэтам, мастацкімі напрацоўкамі. Творы, паляжаўшы ў шуфлядцы, не страцілі, хочацца верыць, сваёй  жыццёвай сілы.
Паверце, анатацыя кнігі Мікалая Мароза “Не маючы літасці” напісана без усякіх авансаў. Хаця ўсё ж апошняе слова – за чытачом. Але перш чым вынесці кнізе свой вердыкт, яе трэба прачытаць. Уважліва, унікліва і непрадузята.
Надрукавана ў №16 ад 28.02.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *