На заседании президиума районного Совета депутатов рассматривался вопрос профилактики подростковой перступности

Актуалии Президент

Пра падлеткавую злачыннасць

Калі сказаць, што раней дзеці не пілі гарэлкі, не цягнуліся да цыгарэты, значыць, схлусіць, увесці ў зман. Было і тады, скажам словамі паэта, на заранку маёй маладосці, усякага. Аднак каб павальна смакавалі такое “зелле”, як віно ці гарэлка – барані Бог.

Сёння з гэтым трывожна. Балюча за тое, што маладзее злачыннасць, што дзіця горкае, а ўжо ставяць яго на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх РАУС. Адкуль гэта і чаму такая непавага да законаў? Хто вінаваты ў тым, што дзеці раздураныя, што па многіх з іх, як сёння кажуць, плача турма?

Зачын танальнасці ў размове пра падлеткавую злачыннасць зрабіла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая і вяла пасяджэнне прэзідыума. Ірына Мікалаеўна адзначыла дынаміку праблемы: да 2012 года злачынстваў, учыненых падлеткамі, станавілася больш, а вось за мінулы год адбыўся прыемны “абвал”. Тое ж і па правапарушэннях. Аднак жа ў сярэднім па вобласці такіх несамавітых дзіцячых учынкаў удвая менш, прычым кожнае другое злачынства ўчынена нападпітку.

Злоўжываюць напоямі дарослыя, адсюль – сямейныя дэбошы, п’яныя разборкі, у выніку церпяць дзеці, бяруцца, на дурным прыкладзе бацькоў, за чарку, за цыгарэту. Ці процістаяць такому “вірусу” школы і цэнтры дзяцей і моладзі? Далёка не заўсёды і не ўсюды. Тут, такое ўражанне, “гуляе” бескантрольнасць. Вось такі прыкры ланцужок прасачыла ў сваёй прадмове да гаворкі І. М. Новікава.

З дакладам выступіла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Л. А. Грузневіч. Больш стала групавых дзіцячых злачынстваў, заўважыла Людміла Аляксееўна, па-ранейшаму шмат крадзяжоў. На праблеме з удзелам дарослых тут паставілі тлустую кропку, а вось з чыста дзіцячымі групамі “ваяваць” не навучыліся. Аформлена за 2013 год 281 матэрыял, у тым ліку 84 адміністрацыйныя пратаколы. На ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх пастаўлена 26 падлеткаў, на 17 з іх складзены пратаколы за п’янку. Больш за ўсё правапарушальнікаў з СШ № 1 і 2 г. п. Шуміліна, Обальскай , Кардонскай, Амбросавіцкай, Башнёўскай школах. Увялі ў практыку выязныя пасяджэнні камісіі. Хочацца, каб часцей бываў у дзіцячых установах урач-нарколаг. Гэта сёння патрэба дня, хаця патрэба, ад якой вельмі сумна.

Асаблівы клопат – пра хлапечае племя, бо менавіта хлапчукі і запісваюць на свой рахунак львіную долю парушэнняў і злачынстваў. Даўно наспела патрэба адкрыць гурткі тэхнічнага профілю, камп’ютарныя гурткі, больш выводзіць хлапчукоў на стадыёны. Як робіць настаўнік СШ № 1 С. Сахончык (не выкладчык фізкультуры), які з задавальненнем гуляе з хлопчыкамі ў футбол. Самай пільнай увагі патрабуюць да сябе праблемныя дзеці.

Выступіў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які курыруе праблему. Ён павёў гаворку аб тым, што абавязаныя асобы, згодна з Дэкрэтам № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, павінны кампенсаваць выдаткі, якія нясе дзяржава за выхаванне адабраных у гэтых гора-бацькоў дзяцей. А ўсё ж самае галоўнае ў праблеме – вярнуць дзяцей у біялагічную сям’ю, сказаў Анатоль Мікалаевіч. Пакуль што ўдалося зрабіць так для чатырох дзетак. Крайне мала. Між тым амаль усе адабраныя з сямей дзеці хочуць вярнуцца да сваіх бацькоў. І гэта боль, які не павінен пакідаць раўнадушнымі нікога з нас. Як не можа не раздражняць той факт, калі абавязаную асобу, а па сутнасці, дэгенерата, вязуць на працу на аўто, а калі машыну арганізацыі выдзеліць не выпадае, кіраўнік выклікае нават таксі. Былі такія выпадкі. Робіцца няўтульна і дзіка!..

На пасяджэнне прэзідыума была запрошана старшыня суда Шумілінскага раёна А. А. Сініцкая. Алена Аляксееўна ўзяла ў гаворцы самы чынны ўдзел. Яна трывожыцца за тое, што міліцыя не да канца настойлівая ў пошуках “фігурантаў”, каб даставіць на працу. А яны хаваюцца ў шафах, у суседзяў, уцякаюць. Міліцыя магла б знайсці, калі б трымала больш цесную сувязь з тымі, хто ведае ўсе сцежкі-дарожкі ўцекачоў.

“Зараз у школах многія вучні і кураць, і п’юць гарэлку, – такі “вердыкт” вынес нехта з залы. – Дык што, усіх і ставіць на ўлік у інспекцыю непаўналетніх?..” Пытанне няпростае, адказ на яго павінен шукаць кожны з дарослых. І сям’я, і школа, і грамадскасць. Дрэнна, што недагледзелі чатырох падлеткаў, якіх ва ўрача-нарколага перавялі ўжо ў дарослую групу ахвочых да выпіўкі. Па сутнасці яны сталі “хронікамі”, хаця змагацца за іхні лёс усё ж трэба. Двое падлеткаў пастаўлены на ўлік у нарколага, хаця ўсе разумеюць, што лічба гэтая – фармальная. Прыйшоў час, калі ў школе ўрач-нарколаг павінен быць вельмі частым госцем.

Слова перад прэзідыумам трымаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама П. У. Спірыдонаў. Работнікаў аддзела нацэлілі больш прадметна займацца кантролем за наведваннем дзіцячых гурткоў, асаблівую ўвагу надаваць рабоце саветаў прафілактыкі і камісій па садзейнічанні сям’і і школе на самым пярвічным узроўні, ва ўстановах адукацыі.

Мікалай МАРОЗ.

Надрукавана ў №18 ад 07.03.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *