Встреча с кандидатами в депутаты местных Советов прошла в Шумилино


У дзелавым ключы
12 сакавіка адбылася сустрэча кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў з выбаршчыкамі. У зале раённага цэнтра культуры  перад прысутнымі (а сабралася ладная аўдыторыя) выступілі са сваімі перадвыбарнымі платформамі  кандыдат у дэпутаты абласнога Савета па Шумілінскай выбарчай акрузе № 39 Р. В. Вінакураў і пяць кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў з 12, што балаціруюцца па акругах райцэнтра.
Першым слова атрымаў Р. В. Вінакураў. “Сёлетняя выбарчая кампанія для мяне адметная і надзвычай адказная, – пачаў сваё выступленне Руслан Ва-сільевіч. – Я балаціруюся там, дзе нарадзіўся і дзе прайшло маё юнацтва. А гэта накладвае свой адбітак на ўсёй маёй  перадвыбарнай рабоце…”. Далей Р. В.  Вінакураў расказаў сваю біяграфію (даволі сціплую, бо ён малады кандыдат у дэпутаты). Як старшыня камітэта  прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аблвыканкама спыніўся на тых праблемах, якія  непакояць вобласць, – забруджванне атмасфернага паветра, якасць вады і ўпарадкаванне бытавых адыходаў.  На апошняй пазіцыі выступоўца спыніўся больш падрабязна (ўразіла лічба, прыведзеная у выступленні, – 2 мільёны тон адыходаў накопліваецца ў вобласці за год, і лічба мае тэндэнцыю працэнтаў на 10 штогод павялічвацца).
І ў Шуміліне наспела вострая патрэба мяняць  цэнтральны палігон бытавых адыходаў з тым, каб аздаравіць экалагічную сітуацыю вакол мястэчка. Была засяроджана ўвага на пракладцы ліўневай каналізацыі ў Шуміліне, на праблемах, якія стварае для  экалогіі комплекс па гадоўлі жывёлы ААТ “Лаўжанскае”. Рэалізацыю гэтых і шэрагу іншых праектаў будзе  адстойваць Р. В. Вінакураў у абласным Савеце   ў выпадку выбрання яго дэпутатам.
А. М. Зайцаў, кандыдат у дэпутаты раённага Савета, расказаў пра дэмаграфію ў раёне, пра тое, што непакоіць яго як намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе сацыяльную сферу, зрабіў асаблівы акцэнт на балючых “кропках” жыцця раёна – на “выміранні” вёсак, на п’янстве – як павальнай з’яве, язве грамадства, на падлеткавай злачыннасці і абавязаных асобах.
Ю. А. Арлоў, намеснік начальніка РАУС, пачаў са спецыфікі сваёй работы, не забыўся на кадравую праблему, асабліва па ўчастковых інспектарах. Праблема вырашаецца цяжка, з рыпам. А начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. А. Крукаў акрэсліў шэраг задач, якія трэба рашыць у раёне, каб палепшыць дабрабыт людзей. Гэта перш за ўсё  праблема занятасці, работа з дзецьмі і прыстойная інфраструктура раёна. І. А. Крукаву паступіла пытанне:  ці наладжаны ў раёне збор тэрмометраў, іншых прадметаў, якія ўтрымліваюць ртуць? Адказ: так, пры УП ЖКГ створаны пункт прыёму такіх  рэчаў, былых ва ўжыванні.
А. С. Сідарэнка, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама, гаварыла пра ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў і арганізацый раёна, настаўнік гісторыі СШ № 1 С. Я. Сахончык спыніў ўвагу выбаршчыкаў на пытаннях школьнага жыцця.
На заканчэнні сустрэчы прагучала пытанне да Р. В. Вінакурава і ўладаў раёна. У раёне, наколькі вядома, ці не самая вялікая ступень рызыкі анкалагічных захворванняў у вобласці. Ці не звязана гэта з экалогіяй і што будзе рабіцца, каб зняць праблему? Пытанне патрабуе ўніклівых даследаванняў.
Сустрэча прайшла ў дзелавым і канструктыўным ключы.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №20 ад 14.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *