Из небытия возвращены имена восьми сапёров, погибших при разминировании района в 1945 году

Актуалии

Не бывае ў вайны  эпілога
16 лістапада, у дзень 67-й гадавіны вызвалення Мішневіч ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, тут адбылося перазахаванне астанкаў воінаў-сапераў.
Жалобныя ўрачыстасці вярнулі прысутных у той векапомны 1945 год. Народ святкаваў перамогу, будаваў смелыя планы на далейшае шчасце. Але страты не скончыліся. Трэба было лячыць зраненую зямлю ад снарадаў і мін, засеўшых у яе целе.
Менавіта гэтым і займаліся маладыя чырвонаармейцы з 221-га асобнага атрада размініравання непадалёк ад вёскі Старыновічы. Яны таксама марылі пра будучае, пра каханне, пра сваіх дзетак… Выбух перакрэсліў усе надзеі.
Іх пахавалі ў адной магіле на грамадзянскіх могілках ля Старыновіч. Мясцовыя жыхары, згадваючы загінуўшых на вайне сваіх родных, клапатліва даглядалі апошні прытулак сапёраў.
Сёння са сведкаў тых горкіх падзей і тых, хто дарыў клопат воінскаму пахаванню, у жывых засталася Якаўлева Ніна Акімаўна. Менавіта яна і расказала пра пахаванне сапёраў жыхару вёскі Жданоўка У. Л. Трафімаву. Уладзімір Леанідавіч палічыў сваім абавязкам ініцыяваць перазахаванне загінуўшых чырвонаармейцаў.
Праз 65 год у іх гонар іграе жалобныя маршы ваенны духавы аркестр, застылі ў каравуле сённяшнія ваеннаслужачыя і піянеры Беларусі, людзі схілілі галовы, многія не тояць слёз. А ў неба ляцяць ружэйныя залпы і малітва бацюшкі аб спачыне душ загінуўшых.
Праз 65 год, дзякуючы 52-му асобнаму спецыялізаванаму пошукаваму батальёну, мы ведаем імёны васьмі загінуўшых за свабоду нашай зямлі сапераў, імёны герояў:
старшы сяржант Лактаеў, гвардыі малодшы сяржант Яцэнка, чырвонаармейцы: Макараў,
Катовіч, Чэркас, Уладзімеранка, Кашпар, Анюшка.
Ім — кветкі, ім — наша пашана, ім — наша памяць.
Вайна заканчваецца толькі тады, калі будзе пахаваны апошні загінуўшы салдат, падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Мікалаевіч Зайцаў, выступаючы на мітынгу.
Аліна Канстанцінава
Надрукавана ў №90 ад 19.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *