К профессиональному празднику

Актуалии Общество

КУП БАН: перамаглі мінусавую рэнтабельнасць
Напярэдадні прафесійнага свята дырэктар КУП БАН В. П. Бабічаў атрымаў падзяку старшыні Віцебскага аблвыканкама за вялікі асабісты ўклад ў развіццё бытавога абслугоўвання. Справа ў тым, што ўпершыню за апошнія пятнаццаць гадоў райбыткамбінат перамог мінусавую рэнтабельнасць. Упершыню ў мінулым годзе прадпрыемства не брала крэдыт банка на заработную плату і закупку сыравіны.
“Усяго паслуг насельніцтву і арганізацыям за мінулы год аказана на 2,2 мільярда рублёў, – кажа Віктар Паўлавіч. –  Гэта на 36,8% больш у параўнанні з 2012 годам. У тым ліку бытавых паслуг насельніцтву аказана на 1,2 мільярда рублёў (на 30,8% больш, чым у 2012 годзе), у разліку на аднаго жыхара раёна аказана паслуг на 63,6 тысячы рублёў. Мы на шостым месцы сярод 17 райбыткам-бінатаў вобласці…”
Вядома, райбыткамбінату не прыходзіцца спаборнічаць са сваімі калегамі з Оршы, Віцебска ці Багушэўска. Але ж прадукцыйнасць працы ў мінулым годзе ў параўнанні з 2012 вырасла на 74,4%. “У нас добрая бухгалтарская служба, – кажа Віктар Паўлавіч. – Развіваем транспартныя паслугі, заняліся продажам дроў насельніцтву. Актывізавалі работу швейнага цэха: пасцельная бялізна, ручнікі і пледы нашых швачак карыстаюцца папулярнасцю. Больш як на 300 мільёнаў рублёў вырабілі ў мінулым го-дзе жалезабетоннай агароджы. Яе можна бачыць на многіх вуліцах райцэнтра і ў аграгарадках”.
Усе тыя паслугі, якія прыносяць даход прадпрыемству, у 2014 го-дзе райбыткамбінат мяркуе ўдасканальваць. Напрыклад, у планах пашырыць паслугі сталярнага цэха і паслугі па грузаперавозках.
Работа на КПП ажывілася
Комплексны прыёмны пункт у а.-г. Башні па выніках работы за мінулы год  мае самыя лепшыя паказчыкі ў раёне. Тут аказана розных паслуг насельніцтву на 116,4 мільёна рублёў (на 41% больш у параўнанні з 2012 годам). І прамая заслуга ў гэтым прыёмшчыцы заказаў КПП Вольгі Анатольеўны Масюковай, якая нядаўна была ўзнагароджана граматай абласнога ўпраўлення бытавога абслугоўвання.
Вольга Анатольеўна працуе на комплексным прыёмным пункце шэсць гадоў. За гэты час работа пункта ажывілася. Прыемна зайсці да ветлівай і ўсмешлівай прыёмшчыцы, купіць у яе трыкатаж, насенне, пасцельную бялізну ці заказаць сталярныя вырабы. Вялікім попытам карыстаюцца ў вяскоўцаў агароджы і дошкі.
А яшчэ Вольга Анатольеўна Масюкова працуе ў пральным камбінаце ў Шуміліне. За мінулы год аказала пральных паслуг больш як на 36 мільёнаў рублёў.
Вадзіцель, зваршчык і вынаходнік
Пётр Леанідавіч Трафімаў добра ведае самыя аддаленыя вёскі раёна. Усюды даязджае на сваім аўтобусе мабільнага абслугоўвання. Вось ужо сем гадоў аўтобус – у ягоных руках. П. Л. Трафімаў не толькі ездзіць па розных заказах бытавога абслугоўвання, але і займаецца  платнымі грузаперавозкамі для прадпрыемстваў і арганізацый.
У гэтым годзе Пётр Леанідавіч за добрую работу ўзнагароджаны граматай абласнога ўпраўлення бытавога абслугоўвання. Дырэктар райбыткамбіната В. П. Бабічаў кажа: “Пётр Трафімаў працай жыве. Ён і зваршчык, і сантэхнік, і рамонтнік”. А яшчэ вынаходнік. Гэта ён змайстраваў для гарадскога парка двое дзіцячых арэляў, за якія два гады таму райбыткамбінату было прысуджана прызавое месца. А нядаўна “зварыў” самаробныя культыватар і акучнік  да трактара –  яны будуць задзейнічаны ў час пасяўной.
Лесанарыхтоўкі
Сярод работнікаў свайго прад-прыемства  дырэктар УП ЖКГ  І. К. Штуро вылучыў начальніка ўчастка лесанарыхтовак Рыгора Мацвеевіча Тхорава. Найперш, таму, што гэта старанны і надзейны працаўнік, сапраўдны гаспадар. Да таго ж, Рыгор Мацвеевіч вось ужо дзесяць гадоў працуе ў камунгасе.
Р. М. Тхораў любіць сваю работу і людзей, з якімі працуе. У мінулым лесаруб, ён быў пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў і двойчы прымаў удзел у чэмпіянатах свету сярод лесарубаў. Чалавек сціплы, ён сваімі ўзнагародамі хваліцца не любіць. А вось пра сваю работу расказвае з захапленнем. “Наша брыгада нарыхтоўвае за месяц па 800-1200 метраў кубічных дроў”, – кажа Рыгор Мацвеевіч. Нарыхтоўка ідзе без перабояў, і ў гэтым заслуга лесанарыхтоўшчыкаў. А, значыць, і Рыгора Мацвеевіча.
Надрукавана ў №22 ад 21.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *