Если в наследство достался банковский вклад

Вопрос-Ответ Закон

Калі ў спадчыну дастаўся банкаўскі ўклад
“Пасля смерці бацькі ў яго на рахунку ў банку застаўся ўклад. Як яго можна атрымаць наследніку? Раскажыце, калі ласка, аб працэдуры атрымання гэтых грашовых сродкаў.”
Пытанне пракаменціраваць мы папрасілі юрысконсульта ЦБП №225 г. п. Шуміліна ААБ “Беларусбанк” Наталлю Лінаву.
– У выпадку смерці ўкладчыка грашовыя сродкі на яго банкаўскіх рахунках і ўкладах (дэпазітах) пераходзяць да наследнікаў. Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны два магчымыя спосабы наследавання маёмасці: па завяшчанні, а пры яго адсутнасці – па законе. Завяшчанне можа быць складзена і зацверджана як у натарыуса (натарыяльна засведчанае завяшчанне), так і непасрэдна ў тым банку, у якім адкрыты банкаўскі рахунак альбо размешчаны банкаўскі ўклад (завяшчальнае распараджэнне). Апошняе замацавана ў п. 1 арт. 1048 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Завяшчальнае распараджэнне на сродкі ў банку павінна быць уласнаручна напісана і падпісана завяшчальнікам, з указаннем даты складання. Дакумент абавязкова засведчвае спецыяліст банка, які мае права прымаць да выканання распараджэнні кліента ў адносінах сродкаў на яго рахунку.
Уладальнік рахунка мае права ў любы час адмяніць ці змяніць завяшчальнае распараджэнне. Пры гэтым трэба адзначыць, што завяшчальнае распараджэнне, аформленае ў канкрэтным банку, будзе сапраўдным толькі ў адносінах рахункаў і ўкладаў завяшчальніка, адкрытых у гэтай жа банкаўскай установе.
Наследнік, указаны ў завяшчальным распараджэнні, складзеным у банку, атрымлівае з рахунка спадчынадаўцы грашовыя сродкі, што не перавышаюць у 100 разоў устаноўлены заканадаўствам памер базавай велічыні, у любы час (да заканчэння шасці месяцаў) без аніякіх дадатковых зваротаў да натарыуса за афармленнем спадчыны. У гэтым перавага завяшчальнага распараджэння. На натарыяльна засведчанае распараджэнне такое не распаўсюджваецца.
Калі па кожнаму рахунку складзена асобнае завяшчальнае распараджэнне, то з кожнага рахунка выплачваюцца грашовыя сродкі, якія не перавышаюць у 100 разоў памер базавай велічыні. Але тут трэба звярнуць увагу на адзін нюанс: калі на некалькі рахункаў аформлена толькі адно завяшчальнае распараджэнне, агульная сума выплаты таксама не павінна будзе перавышаць 100 базавых велічынь.
Калі згодна з завяшчальным распараджэннем рахунак завешчаны некалькім асобам, кожнаму выдаецца належачая яму доля. Пры гэтым агульная сума грашовых сродкаў усім указаным асобам не можа перавышаць у 100 разоў памер базавай ве-лічыні.
Рэшта грашовых сродкаў на рахунку, якая перавышае ў 100 разоў памер базавай велічыні, наследуецца на агульных падставах. Сродкі выдаюцца наследнікам на падставе пасведчання аб праве на спадчыну.
Згодна з заканадаўствам мужу (жонцы), які перажыў жонку (мужа), пры звароце да натарыуса выдаецца пасведчанне аб праве ўласнасці на Ѕ долю маёмасці, нажытай абодвума ў перыяд шлюбу. А, як вядома, правы на грашовыя сродкі ўваходзяць у склад спадчыны. Адпаведна, перажыўшаму мужу (жонцы) пры звароце ў банк будуць выплачаны грашовыя сродкі з рахункаў (укладаў) на падставе пасведчання аб праве ўласнасці на долю ў маёмасці, што знаходзіцца ў сумеснай уласнасці мужа і жонкі.
Такім чынам, на працягу 6 месяцаў з дня адкрыцця спадчыны (з дня смерці спадчынадаўцы) грашовыя сродкі, размешчаныя на рахунках памёрлага ўкладчыка,  выдаюцца наследнікам па наступных дакументах:
па завяшчальнаму распараджэнню, складзенаму ў банку, у памеры, які не перавышае ў 100 разоў памер базавай велічыні;
ці па пасведчанні аб праве ўласнасці перажыўшаму мужу (жонцы) на Ѕ долю маёмасці.
А вось праз 6 месяцаў з дня адкрыцця спадчыны (з дня смерці спадчынадаўцы) грашовыя сродкі, размешчаныя на рахунках памёрлага ўкладчыка, у тым ліку і тыя, у адносінах якіх у банку зроблена завяшчальнае распараджэнне, выдаюцца наследнікам па наступных дакументах:
па пасведчанні аб праве на спадчыну па завяшчанні ці па законе,
ці па пасведчанні аб праве ўласнасці перажыўшаму мужу (жонцы) на Ѕ долю маёмасці.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *