В Шумилино продолжается реконструкция районной больницы

Актуалии Здоровье

Мадэрнізацыя  бальніцы працягваецца
За апошнія гады ўліванні ў раённую медыцыну дазволілі істотна абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу галіны, змяніць знешні выгляд медыцынскіх устаноў, іх унутраную напоўненасць. Самым сучасным абсталяваннем пасля рамонту аснашачана рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы. Новы дах пазбавіў хворых і ўрачоў ад бясконцых патопаў на верхніх паверхах паліклінікі і бальніцы. Абнавіліся амбулаторыі і ФАПы ў аграгарадках.  Дзякуючы бюджэтным выдаткам і спонсарскай дапамозе, новае аблічча набыла бальніца сястрынскага догляду ў Мішневічах. І гэты працэс працягваецца.
Як расказаў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы К. Ф. Баканаў, рамонт ў бальніцы не спыняецца. Зараз набліжаецца да завяршэння рамонт у дзённым стацыянары пры паліклініцы, распачаты ў мінулым годзе. У памяшканнях стацыянара заменены старыя дзверы і вокны на сучасныя пластыкавыя, пакладзена новая плітка ў палатах і працэдурных кабінетах, пафарбаваны сцены і столь. Пасля гэтага будаўнікі пяройдуць на неўралагічны пост. Усяго на бягучы рамонт выдаткавана каля 500 мільёнаў рублёў. Раённы бюджэт праплаціў замену ўсіх вокнаў у тэрапеўтычным аддзяленні (260 мільёнаў рублёў). Гатовыя да замены 35 акон ў хірургічным аддзяленні (220  мільёнаў таксама выдаткаваў раённы бюджэт.)
У планах галоўнай медыцынскай установы раёна – рэканструкцыя ўваходнай групы. Сучасныя патрабаванні да ўваходу патрабуюць, каб ён быў зручны для ўсіх катэгорый грамадзян, асабліва для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Існуючы ганак паліклінікі не адпавядае сучасным патрабаванням, таму ў другім-трэцім квартале бягучага года пачнецца яго рэканструкцыя.  Будзе створаны фактычна новы ўваход – з пандусам, поручнямі. На гэтыя мэты абласное ўпраўленне аховы здароўя выдаткоўвае 400 мільёнаў рублёў.
У рамках праграмы развіцця сяла запланавана выдзяленне 150 мільёнаў на рамонт Светласельскай урачэбнай амбулаторыі і Лявонаўскага ФАПа.
Вядзецца ў ЦРБ закупка новага абсталявання. Так, дзякуючы замене бойлера (са сродкаў УП ЖКГ выдаткавана 220 мільёнаў рублёў), гарачая вада стала падавацца ва ўсе аддзяленні і кабінеты бальніцы ў кругласутачным рэжыме (раней было толькі некалькі дзён на тыдзень). Ужо сёлета быў набыты парагенератар для дэзінфекцыйнай камеры і бальнічнай пральні.
Для клініка-дыягнастычнай лабараторыі бальніцы будуць закуплены апарат аўтаматычнай імуна-ферментнай дыягностыкі “Віцязь”, мікраскопы. Праведзена абнаўленне электракардыёграфаў. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў бальніцу (для хуткай медыцынскай дапамогі) паступіў апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх для транспарціроўкі цяжкіх хворых. Галоўны ўрач упэўнены, што сучаснае абсталяванне дапаможа лепш праводзіць дыягностыку і лячэнне пацыентаў, стварыць добрыя ўмовы для лячэння хворых і работы медыкаў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №25 ад 01.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *