Репортаж о праздновании Дня Победы в Шумилинском районе

Актуалии Общество

І зноў мірнае неба над галавой

9 мая на Шуміліншчыне прайшлі ўрачыстасці і народныя гулянні ў гонар Перамогі, Свабоды і Жыцця. Мы радасна і шчыра сустрэлі 69-ты мірны май. І хоць сіноптыкі сумняваліся ў тым, што гэты дзень будзе сонечным, мы, насуперак усім прагнозам, рыхтавалі самыя прыгожыя свае ўборы. І нам удалося пераканаць прыроду разам адзначыць Дзень Перамогі – сонцам, усмешкамі, чыстай слязой у хвіліну маўчання…

На зямлі нашай светлай добра жыць і любіць.Аб чацвёртым,
чацвёртым мы не можам забыць

Святкаванне Дня Перамогі на шумілінскай зямлі пачалося з мітынгаў на буйнейшых воінскіх могілках у вёсках Дворышча і Тропіна. Менавіта туды накіравалася прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама У. П. Куранным.
Дворышча. Не выпадкова манумент уяўляе савецкага воіна ў зімовай вопратцы. Тут пахавана 1746 савецкіх салдат, якія загінулі ў жорсткіх пазіцыйных баях, што вяліся  зімой 1943-1944 гадоў, пакуль стаяла лінія фронта.
Ля помніка сабраліся мясцовыя жыхары, педагогі і школьнікі Слабадской школы. Пранікнёныя словы пашаны ветэранам вайны, загінуўшым воінам гучаць у літаратурнай кампазіцыі, падрыхтаванай школьнікамі. Ніколі не забываць вайны, каб не дапусціць паўтарэння ўсіх жахаў, заклікаў А. А. Цынгель, былы малалетні вязень нацысцкіх канцлагераў. Хвіліна маўчання. Кветкі да пліт з імёнамі загінуўшых. Сухія аўтаматныя выстралы вайсковага салюту.
Тропіна. Пад абеліскам у выглядзе сцяга пахавана 1628  воінаў. Гэта лічба расце, бо пошукавыя атрады зноў і зноў знаходзяць астанкі загінуўшых салдат. Штогод праходзяць перапахаванні савецкіх байцоў, якія загінулі падчас вызвалення Беларусі і нашага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Штогод адкрываюцца імёны раней невядомых герояў Вялікай Айчыннай вайны.
На кароткім мітынгу выступіў старшыня Сіроцінскага сельвыканкама С. У. Каржуеў, вучні Сіроцінскай школы. З асаблівай увагай слухалі ўдзельнікі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны С. В. Сідарава. Падзякавала за павагу да памяці загінуўшых савецкіх воінаў  А. А. Кашыркіна, якая прыехала ў Тропіна з Расіі на магілу свайго дзядзі П. В. Стручова.
Хвіліна маўчання, вайсковы салют. Кіраўнік раёна, члены раённага выканаўчага камітэта, усе прысутныя ўскладаюць вянкі і кветкі да абеліска, памятных пліт.
“Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым”, – сказаў вядомы паэт, маючы на ўвазе памяць пра вайну, пашану загінуўшым воінам. Ніколі нам не выказаць да канца падзяку салдатам, якія аддалі сваё жыццё, каб жылі мы, нашы дзеці і ўнукі. І заўсёды да іх магіл будуць несці кветкі, будуць схіляцца ў нізкім паклоне за іх подзвіг, за іх ахвяру.
“А за мною заўсёды, да самай труны,
Будзе крочыць праклятая здань вайны”

Усё меней сярод нас застаецца сведак той страшнай вайны, усё больш каштоўнымі становяцца іх успаміны. І так хочацца ахіліць іх увагай, паспець сказаць ім “дзякуй” і яшчэ раз нізка пакланіцца.
9 мая традыцыйна праходзіць сустрэча ветэранаў вайны з кіраўніцтвам раёна. На гэты раз усяго трое ветэранаў змаглі прыехаць на сустрэчу, узняць сімвалічныя сто грамаў “За Перамогу”. І. М. Новікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў, заўважыла, што за сталом сустрэліся і франтавік Дзмітрый Іванавіч Бандарэнка, і партызанка Зінаіда Фёдараўна Юрчанка, і работнік тылу Раіса Міхайлаўна Бяззубенка. Ім сапраўды ёсць што расказаць: памяць учэпіста не адпускае ніводнага імгнення. І праз амаль 70 год пасля Перамогі ім сніцца вайна.
Да Берліна, скрозь холад, голад, здаецца, нечалавечыя выпрабаванні дайшоў Дзмітрый Іванавіч. “Што адчувалі вы ў момант, калі зразумелі: вось яна – Перамога?” – пытаецца Ірына Мікалаеўна. “Што адчуваў? А вось вы ўявіце: ты выжыў, і табе сказалі – жыві”, – адказвае ветэран.
Ад сэрца, са слязамі на вачах у памяць аб тых, каго ўжо няма побач, Ірына Мікалаеўна ад імя сучаснікаў абяцала берагчы памяць і праўду пра Вялікую Перамогу: “Калі б не вы, не было б ні нас, ні нашых дзяцей, ні нашых унукаў. У галаве проста не ўкладваецца, які кошт прыйшлося заплаціць за мір і свабоду. 50 мільёнаў жыццяў. Кожны чацвёрты ў Беларусі. Да вайны ў Шумілінскім раёне жыло 43 тысячы чалавек, а зараз – 18800. Нам так і не ўдалося аднавіць узровень насельніцтва даваеннага часу”.
А. М. Зайцаў, намеснік старшыні райвыканкама, гаварыў пра важнасць выхавання патрыятычных пачуццяў моладзі, пра тое, што ў нашай дзяржаве створана атмасфера, калі свята захоўваецца і шануецца памяць аб кожным салдаце, гонар за мужнасць і самаахвярнасць дзедаў і прадзедаў.
Ветэраны шмат успаміналі, дзякавалі за цёплы прыём, а пасля разам з усімі  на ўрачыстым мітынгу ўскладалі кветкі да брацкіх могілак.
“Слава вам, адважныя салдаты
Самай страшнай і святой вайны”

Магчыма, гэта толькі здаецца, але ў гэты раз з кветкамі на гарадскую плошчу ў прызначаны час людзей прыйшло больш, чым звычайна. Яны сабраліся загадзя, каб паслухаць мелодыі духавога аркестра, каб пранікнуцца  шчымліва-кранальнай атмасферай свята.
А парадам кіравалі юныя барабаншчыцы. Следам – аркестр, ветэраны вайны, першыя асобы раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, шумілінцы, шмат дзяцей. Людзі абступілі брацкія могілкі з усіх бакоў. Каб усім разам схіліць галовы ў хвіліну маўчання; разам пусціць слязу, слухаючы ветэрана З. Ф. Юрчанку, кранальныя словы вядучых, зварот унука да загінуўшага на  вайне дзеда; разам пачуць гучнае “З Днём Перамогі!” ад кіраўніка раёна.
В. П. Куренной с ветеранами войны и гостями торжеств У. П. Куранны, выступаючы на мітынгу, выказаў словы ўдзячнасці ветэранам, словы гонару і абяцанне словам і справай мацаваць здабытыя імі мір, суверэннасць дзяржавы. “Мы, беларусы, у кожнай сям’і маем ваяваўшых дзедаў і прадзедаў, мы заўжды будзем помніць і цаніць самаахвярнасць, моц духу, высокі патрыятызм і любоў да Айчыны пакалення пераможцаў. Мы заўжды будзем памятаць, што войны нясуць толькі смерць і разбурэнне. Мы помнім, што 10 тысяч жыхароў нашага раёна змагаліся на франтах Вя-лікай Айчыннай вайны. Мы помнім, што фашысты расстралялі, спалілі, закатавалі каля дзвюх тысяч мірных жыхароў Шуміліншчыны – дзяцей, старых, жанчын, 800 чалавек загналі на работу ў Германію. Былі знішчаны 133 населеныя пункты, 24 вёскі так і не былі адноўлены, – падводзіў  страшны рахунак вайне Уладзімір Пятровіч.  – Памяць – гэта адзінае, чым мы можам аддзячыць тым, хто цаной уласнага жыцця падарыў нам будучае”.
“Узброеныя сілы заўжды гатовы абараніць Айчыну так жа самаахвярна, як гэта рабілі воіны-вызваліцелі ў гады Вялікай Айчыннай!”, – ад сённяшніх ваеннаслужачых паабяцаў ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі.
Удзел ва ўрачыстасцях браў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі У. У. Шыцько.
Геаграфія памяці
Абеліскі, помнікі на могілках савецкіх салдат. Колькі іх раскідана па Еўропе: ад Волгі да Берліна, ад Баранцава да Чорнага мора і Дуная. На барацьбу з ворагам узняўся ўвесь Савецкі Саюз, дзясяткі народаў аддалі мільёны сваіх сыноў на барацьбу з агульным ворагам. Многія так і не даведаліся, дзе пахаваны іхнія мужы, сыны і браты. А хто ведаў, той імкнуўся хаця б раз у жыцці прыехаць, пакланіцца роднай магіле, аддаць апошнюю даніну павагі і пашаны.
Не было года, каб не прыязджалі ў наш раён сваякі воінаў, што загінулі на шумілінскай зямлі. З Узбекістана і Туркменіі, Азербайджана і Кіргізіі, Арменіі і Грузіі, Дагестана і Сібіры – з усіх куткоў вялікай краіны.
І гэты паток не спыняецца. Амаль сем дзясяткоў гадоў прайшло з таго першага дня Перамогі 9 мая 1945 года, на магілы да сваіх родных
прыязджаюць ужо ўнукі і праўнукі. І кліча іх у далёкую дарогу свяшчэнны абавязак, родная кроў. Многія даведаліся пра месца пахавання сваіх родных толькі зараз, калі з дапамогай сучасных тэхналогій, інтэрнэту адкрыліся магчымасці доступу да ваенных архіваў.
Вось і сёлета ў святочныя майскія дні ў наш раён завіталі родныя воінаў, пахаваных на Шуміліншчыне. Яны прыехалі пакланіцца роднай магіле, прыехалі, каб разам адсвяткаваць наша агульнае вялікае свята – Дзень Перамогі.
З далёкага Казахстана, з сяла Кокалажар Паўночна-Казахстанскай вобласці прыехаў Сакдык Топін з дачкой Гульбаршын на магілу свайго бацькі Барыкена Топіна, пахаванага ў в. Язвіна.
На ваенных могілках у в. Дабея пахаваны А. Д. Папоў, бацька Міхаіла Аляксеевіча Папова, які прыехаў з г. Дзімітраўграда Ульянаўскай вобласці.
На мемарыял у Тропіна, каб пакланіцца сваім родным прыехалі адразу некалькі сем’яў з Расіі: Леанід Уладзіміравіч Чэчык – на магілу дзеда І. М. Чэчыка, да свайго дзядзькі П. В. Стручова – Алена Аляксандраўна Кашыркіна з г. Міхайлаў Разанскай вобласці, Мушэг Сосавіч Марцірасян з роднымі прыехалі з Масквы да магілы дзеда М. А. Мартірасяна.
Разам з жыхарамі райцэнтра яны ўдзельнічалі ў святочных мерапрыемствах, наведалі музеі ў Шуміліне і Обалі. Яны былі ўражаны цёплым прыёмам, увагай да іх.  Шчыра  дзякавалі за догляд за воінскімі пахаваннямі, за памяць пра загінуўшых, за павагу да ветэранаў вайны.
“Нашы песні дышуць праўдай, вернасцю,
Нашы песні пахнуць жытам, верасам,
І не заглушыць іх чысты звон”

І мы падпявалі артыстам на сцэне, бо аказалася, што песні гэтыя мы ўсе ведаем з дзяцінства. Не, мы не спяваем іх штодня, але і не забываем. “Зямлянка”, “Синий платочек”, “Дзень Перамогі”… Нашы артысты вельмі стараліся, каб тэатралізаваны канцэрт “Дзявяты дзень Вялікага мая” запомніўся шумілінцам і гасцям горада. Яны прадумалі ўсё – ад сюжэта прадстаўлення да касцюмаў артыстаў. І ў іх усё атрымалася. Таму людзі да самай апошняй песні не разыходзіліся і апладзіравалі стоячы – Перамозе, памяці, свабодзе і песні.
І над Радзімаю слаўны салют
Салют як фініш народным гулянням заўжды праходзіць пад апладысменты. І народу ў парку збіраецца не менш, чым днём. А некаторыя і не пакідаюць традыцыйнага месца святкаванняў, пакуль неба не разарвуць рознакаляровыя мірныя выбухі.
“Кароткінцы – прыклад мужнасці і адвагі”
Да музея  адзін за адным падыходзілі дарослыя і дзеці, глядзелі  выставу “Кароткінцы – прыклад мужнасці і адвагі”, фотаздымкі, чыталі гістарычны матэрыял, прысвечаны брыгадзе імя Кароткіна і мужнасці партызан.
На другім паверсе гісторыка-краязнаўчага музея працавала не менш цікавая выстава пад назвай “Пра вайну раскажуць экспанаты”.  Тут можна было пабачыць даваенны інтэр’ер беларускай хаты,  а таксама атрыбуты ваеннай пары: салдацкую форму, зброю, кацялок. Цікава было пачытаць факсімільнае выданне газеты  “Раздавім фашысцкую гадзіну”, датаванае ліпенем 1941 года.  Ганарова, па-баявому выглядалі на выставе сцягі тых баявых дывізій, якія змагаліся на тэрыторыі нашага раёна.
“Нам жыць і памятаць”
Работнікі раённай бібліятэкі шмат папрацавалі, каб сабраць многа краязнаўчага матэрыялу пра наш раён і людзей, якія жылі тут, працавалі і ваявалі. Увесь гэты каштоўны матэрыял быў змешчаны падчас свята на выставе пад назвай “Нам жыць і памятаць”. Дапаўняў выставу ваенны куток: каска, салдацкі рамень і пілотка. Побач – кветкі. У гонар тых, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, хто абараняў нашу Радзіму.
“Той шчаслівы май”
Да шчаслівага мая  1945-га года адсылала кампазіцыя “Той шчаслівы май”, падрыхтаваная работнікамі раённага Дома рамёстваў.  Тут можна было ўбачыць выставу-прэзентацыю страў нацыянальнай беларускай кухні “Разынка”. Кожная страва  прысвечана Перамозе. Прыгожа і апетытна выглядалі пірагі “9 Мая” і “Голуб міру”, бутэрброды ў форме зорак. Упрыгожвалі выставу ярка-чырвоныя цюльпаны з памідораў. Побач са стравамі – атрыбуты Перамогі. Так, менавіта лісты з дома, фотаздымкі каханай сагравалі душу салдата, давалі сілы і абаранялі ад варожай кулі.
Работнікі Дома рамёстваў арганізавалі выставу-продаж сувенірных вырабаў, а таксама бяспройгрышную латарэю для ўсіх ўдзельнікаў і гасцей свята. Дарэчы, бяспройгрышную латарэю “Шчаслівы куфар” прапанавалі і работнікі раённага цэнтра культуры.
Шчаслівае дзяцінства
Выхаванцы і педагогі Цэнтра дзяцей і моладзі прынялі актыўны ўдзел у свяце. У іх можна было купіць вязаныя, плеценыя, вышытыя, выпіленыя вырабы. Педагогі дадатковай адукацыі Т. П. Каласкова,  Т. В. Чупрукова паказалі майстар-класы па вырабах з паперы, майстэрству бодзі-арт.
У гонар Перамогі – 8:0
Парадавалі ў Дзень Перамогі і шумілінскія футбалісты, якія правялі таварыскую сустрэчу супраць зборнай Бешанковіцкага раёна. Дарэчы, матч сабраў багатую аўдыторыю балельшчыкаў. Нашы паказалі змястоўную і цікавую гульню, забіўшы па чатыры галы ў кожным з таймаў. 8:0 – добрая рэпетыцыя перад стартам абласнога першынства.
Надрукавана ў №36 ад 13.05.2014 г.



4 комментария по теме “Репортаж о праздновании Дня Победы в Шумилинском районе

  1. Выдатны рэпартаж! Так, 9 мая — свята, на якім людзі аб’ядноўваюцца, каб не толькі парадвацца, але і заплакаць разам. Аднак канцэрт быў надта сціплым. Спадзяёмся, што да 70-годдзя вызвалення Беларусі культработнікі падрыхтуюцца больш грунтоўна, і мы парадуемся выступленню паўнакроўнага хору «Світанак», знакамітых «Гульбічаў», што будуць і масавыя танцавальныя нумары, і дзіцячыя групы.

  2. Как все понимают в культуре. А ничего что концерт шел 2,5 часа.
    Попробовали бы сами.

  3. Для Ники…
    Людская зависть — сродни подлости…
    А там — до сглаза не далеко,
    Подобно хищной зубастой полости,
    Кусает больно и глубоко…
    Не видно ран глазами значимых,
    Да только горечь — куда больней,
    Душевных сил тобой затраченных,
    Как тяжесть брошенных в тебя камней.
    И даже как-то порой не верится,
    Откуда зависть берётся в нас…
    Зубами острыми в злобе щерится,
    Взгляд ощущаем мы недобрых глаз.
    А может дело всё — в нашей корысти?
    Чего добиться трудней самим…
    Потерей нашей духовной гордости,
    Когда мы с завистью на других глядим

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *