Крестьянская жилка Москальковых

Людзі і лёсы Семья

Сялянская жылка Маскальковых
Размаўляю з   “фермерамі” на іхнім падворку, атуленым хлявамі, куратнікам, іншымі гаспадарчымі пабудовамі. Кароў яны вывелі на пашу, самі ж  прыбіралі на двары рэшткі саломы, гною, яшчэ нечага – растрэсенага і непрыбранага. “Клопаты нас самі знаходзяць, – смяецца гаспадыня, Надзея Пятроўна. – Мы на іншае і не разлічвалі, ведалі, за што бяромся. Без справы не сядзім. Ды і не хочацца быць бесклапотнымі. Не ўмеем мы так, не прывучаны…”.
У іх крайняя ся-дзіба па вуліцы Першамайскай у Шуміліне. Зусім побач  з чыгункай, таму і здзівіўся, чаму ж абралі для сваёй сядзібы менавіта гэты пляц, а не іншы, дзе было б больш ціха. “А мы і тут не стамляемся, – смяецца жанчына. – Сяліліся сюды, бліжэй да пуцей, наўмысна: хацелі з Анатолем раздолля. На той час суседніх хат не было і ў паміне. А мы ўжо тады  думалі пра сваю буйную гаспадарку. Тады, калі ставілі хату. Ай-ёй, мінула ж з той пары амаль сорак гадоў!.. Во час бяжыць…” –  яна заківала  галавой.
Аказалася, не такія яны, даруйце за слова,  і зацюканыя работай. І Надзея Пятроўна, і Анатоль Халімавіч выкройваюць час і на вячэрнія тэленавіны, і на чытанне газет (гаспадар пры мне патрос кіпай газет, якія выпісвае сям’я, была сярод іх і раённая газета), і на тое, каб адпачыць. Вядома, на Канары яны не едуць, ды і не хочацца ім туды, няма ў іх па сутнасці і водпускаў. У нашым звыклым разуменні. І пахварэць няма часу. “Будзем хварэць, як пастарэем, – кажа гаспадар. – А пакуль чатыры каровы, конік, куры. Гадавалі свіней, браліся некалі і за індычак, і за нутрый, і за цацарак, і авечак… Усяго пераспрабавалі. Кінем усё гэта, як толькі адчуем, што нам такая гаспадарка не пад сілу. І тады ўжо адпачнём. А пакуль дужыя… Ведаеце, – прызнаўся ён, – мы за месяц летась мелі ад гаспадаркі па тысячы долараў. Тады ў нас было шэсць кароў. Сёлета будзе трохі менш, але ўсё роўна звонкая капейка…”.
У Маскальковых двое дзяцей. Дочкі дарослыя, на сваім хлебе. У бацькоў грошай не просяць. Таму і паціка-віўся ў іх: навошта выжыльвацца? “Па-іншаму ўжо не можам, – смяецца гаспадыня. – Мы з мужам на пенсіі, і калі аблянуемся, калі заляжам на канапе – усё, капцы. Праца нас ратуе…”. Анатоль не курыць і ніколі не курыў. Нават у Ветрынскай школе-інтэрнаце, дзе вучыўся і дзе курылі многія. Школе неўзабаве  90. А. Х. Маскалькоў абавязкова паедзе. Жонка  разумее яго душу, разумее сэрца мужа – выпускніка “калібру” 1969-га.
З Ветрынскай школай Анатоля звязваюць усцешаныя ўспаміны. Там ён навучыўся даіць кароў, там з равеснікамі даглядалі свіней. Адтуль у яго, напэўна, жаданне і самому некалі завесці  буйную гаспадарку. А паставіць сваю хату цвёрда рашыў на вайсковай службе.
Анатоль і сёння помніць свой колішні клас – сваіх 27 аднакласнікаў. Увогуле абдзеленыя лёсам і не  спешчаныя суровым жыццём,  многія з іх сталі выдатнымі людзьмі. Сярод іх гордасць –  галоўны інжынер буйнога завода і паэт, яшчэ шмат хто. Гаспадыня, пачуўшы пра паэта, завіхнулася ў гасцёўню, адтуль прынесла паперку з вершам. Пачыталі: цікавы, свежы верш-прысвячэнне выпускнікам канца 60-х. Зараз  з класа ў жывых усяго 19 чалавек. Анатоль Халімавіч, успамінаючы клас, расчульваецца. Наогул чалавек ён пачуццёвы, жонка ж, наадварот, як сама яна прызналася, “жалезная ледзі” – скажам прама, з мужчынскім, больш суровым і напорыстым  характарам.

*       *       *
Сям’я жыве, не накопліваючы “капітал”, хаця грашамі тут не     раскідваюцца. Надзея Пятроўна з гневам гаварыла пра тых, хто не працуе, жыве абібокам і спрабуе папракнуць Маскальковых за жылаватасць у рабоце. Няхай плявузгаюць,  паблажліва разважае жанчына, як кажуць: конь вазок сабе цягне, а сабака і брэша.
Дарэчы, пра каня. Акрамя чатырох кароў, якіх навязваюць за “лініяй”, на падворку цягавіты конік. Без яго ў гаспадарцы як без рук. Ці сена прывезці, ці травы для падкормкі. Або абараць на-дзел. Хацеў А. Х. Маскалькоў набыць і міні-трактар, а затым перадумаў: аднаму на трактары не спадручна. Магла б і жонка дапамагаць, але ў яе сваіх клопатаў, жаночых, па самую макаўку. Таму  ідэю адпрэчыў. Затое ў гаражах ягоных дзве машыны: адна, “Волга” – для выезду ў горад, “Жыгулі” ж  – на месцы, на падхваце. То травы каровам для падкормкі прывезці, то крутануцца хуценька па якой пільнай патрэбе.
Абое яны – пенсіянеры. А быў жа час, калі  працавалі ў былым калгасе імя Леніна. Надзея Пятроўна – заатэхнікам, ён – вадзіцелем. Калі стварылі сям’ю, маглі даць ім дом у Светласельскім. Адмовіліся. Падумалі тады:  свой вугал – зусім іншае, і ўзяліся за будаўніцтва, узяліся  жыва і з азартам. Пакуль маладыя. На той час Анатоль працаваў у ПМК-70 мулярам, так што яму былі і карты ў рукі…
Асаблівая радасць у іх – 12-гадовая ўнучка Віка. Яна часта прыязджае з Віцебска на “пабыўку”, захапляецца гімнастыкай. Прыязджае  – і адразу: “Бабуля, дай і я падаю карову”. Тая дазваляе, хаця і па-блажліва, помнячы, што тая гарад-ская, а  сама згадвае, як яны жылі ў Баёўцы і ёй даводзілася хадзіць да мамы на ферму. Было дзяўчынцы шэсць гадкоў, і матуля выбірала ёй некалькі  больш рахманых каровак. І спраўлялася, і бегла да матулі. Помніць Надзея Пятроўна і сваю першую маладую карову ў гаспадарцы. Красуля давала столькі малака, што калі прыспеў час збываць яе на мяса (дванаццаць гадоў адслужыла гаспадарам, як кажуць, і верай і праўдай), плакалі абодва – і яна, і гаспадар.
Задаволены жыццём Маскальковы. Хіба на першы погляд жыццё ў іх  аднастайнае, як кажуць, дзень пры дні адно і тое ж, нічога нібыта няма ні захапляльнага, ні прывабнага.  Але так разважаць можа дылетант або той, хто не спазнаў шалёнай радасці ад таго, калі “прэ” ўдача, хто не зведаў горыч, калі фартуна  адварочваецца, калі прыходзіць “чорная паласа”.
Але на тое яно і жыццё, у ім ёсць месца не толькі радасці і шчасцю, нямала ў ім нягод і няўдач. Ад таго яно не менш цікавае, не менш насычанае, няхай вечна ў клопатах, як у Маскальковых, аднак жыццё, за якое ім ні на ёту не сорамна перад людзьмі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №38 ад 20.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *