С аншлагом прошёл спектакль, поставленный в Мишковичском сельском клубе

Культура

Спектакль з аншлагам
Гэты год для Шуміліншчыны знамянальны, юбілейны, бо 70 год прайшло з таго часу, як раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды ўдзельнікі дзіцячага аматарскага тэатральнага калектыву Мішкавіцкага сельскага клуба падрыхтавалі спектакль па аповесці Б. Васільева “А світанкі тут ціхія”. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіла загадчыца клуба Зінаіда Касьянава.
Спектакль ставілі на сцэне Мішкавіцкага клуба двойчы – у красавіку і ў маі – і двойчы клуб быў запоўнены гледачамі. Самадзейныя артысты ўклалі душу ў вобразы сваіх герояў, ігралі так, што толькі раўнадушны глядач мог не заплакаць у час іх выступлення. Плакалі ўсе, перажываючы тыя моманты, калі гінулі галоўныя гераіні.
Былі тут і выбухі, і бой, слёзы па загінуўшых сяброўках, адчай, перажыванне, хвіліны цішыні са спевамі птушак… Месца падзей дарэчы дапаўнялі дэкарацыі. Важную ролю адыграла ў пастаноўцы і музычнае афармленне (Насця Казлоўская, вучаніца Мішкавіцкай д/с-БШ).
Шчырыя працяглыя апладысменты вяскоўцаў былі лепшай ацэнкай таленту самадзейных артыстаў – вучаніц Кардонскай д/с-СШ і Мішкавіцкай д/с-БШ: Насці Шэдзько (Соня Гурвіч), Ані Блахіной (Галя Чацвяртак), Юлі Касьянавай (Рыта Асяніна), Насця Казлоўская (Яўгенія Камялькова), Вікі Яўчанка (Ліза Брычкіна). Ролю старшыні Васкова выканаў галоўны інжынер СФГ “Раднік” Уладзімір Касьянаў.
За гэтую тэатральную пастаноўку дзіцячы аматарскі тэатральны калектыў атрымаў грамату аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладдзі райвыканкама і 1 месца ў раённым конкурсе дзіцячай тэатральнай творчасці.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *