День физкультурника в Шумилино

Общество Спорт

Трохдзённы марафон
У мінулыя выхадныя  ў ДЮСШ і на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшлі спартыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту.
На ўрачыстым адкрыцці фэсту намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў адзначыў, што ў нашай краіне шмат робіцца для прапаганды здаровага ладу жыцця і стварэння годных умоў для развіцця фізкультуры і спорту. Анатоль Мікалаевіч пажадаў усім удзельнікам свята перамог у спаборніцтвах.
Спартландыя.  У пятніцу  адкрывалі спартыўны  марафон самыя юныя спартсмены – выхаванцы  пяці  дзіцячых садкоў. І  колькасць каманд, і іх настрой  стварылі непаўторную і вострую барацьбу. Юныя спартсмены змагаліся як на спартыўных, так і на жартоўных этапах. Эстафета, бег у абручах, пасадка бульбы, бег у хустках з венікам… Пры моцнай падтрымцы бацькоў з усімі заданнямі малышы  лёгка справіліся. У выніку пераможцамі сталі юныя спартсмены  са Светласельскага дзіцячага садка, дзіцячыя садкі №2 і №4 дапоўнілі прызавую тройку.
Сямейная эстафета стартавала адразу пасля завяршэння спартландыі. За перамогу змагаліся чатыры сям’і. Разам, усёй сям’ёй, бацькі і дзеці імкнуліся да перамогі. Лепшы вынік паказала сям’я Ільюшчанкаў (на здымку), другі вынік у сям’і Рагожкіных, трэці – у сям’і Някрасавых.
Валейбол.
У пятніцу каманда дзяўчат прыняла ўдзел у абласным турніры па валейболе ў Бешанковічах, які быў прысвечаны Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту. На жаль, у прызавую тройку нашы валейбалісткі не змаглі трапіць.
У суботу у ДЮСШ прайшоў міжраённы турнір па валейболе. Перамога засталася за шумілінскімі валейбалістамі. Лепшымі на пляцоўцы былі Ілья Шніпаў, Віталь Воранаў, Іван Жукаў і Уладзіслаў Шэкін.
Футбол.
У суботу на гарадскім стадыёне прайшлі занальныя спаборніцтвы па футболе “Скураны мяч”. За выхад у фінал змагаліся юныя футбалісты ў дзвюх узроставых групах з Шуміліна, Гарадка, Віцебска і Віцебскага раёна.
У малодшай узроставай групе пуцёўку ў фінал атрымалі гарадоцкія футбалісты. А вось сярод старэйшых каманд удача была на баку нашых землякоў.  Каманда, якую трэніруе Аляксандр Ходзюш, будзе выступаць у абласным фінале.
“Добры выдаўся турнір, – каменціруе нападаючы ФК “Шуміліна” Станіслаў Прасветаў, які на “Скураным мячы” быў суддзёй. – Радуе тое, што нам, дарослым футбалістам, падрастае годная змена. Асабліва хочацца выдзеліць юных футбалістаў Яўгена Пашкевіча, Уладзіслава Аксёнава, Вадзіма Асташонка і Паўла Шчарбакова”.
А пад вечар адбыўся таварыскі матч паміж камандамі ФК “Шуміліна” і “Прамень” (Гарадок). Нашы футбалісты выйшлі на поле ў эксперыментальным складзе. Гэта і прадвызначыла ход гульні.  ФК “Шуміліна” саступіў з лікам 1:5 (адзін гол забіў Алег Шульжынскі).
Пляжны валейбол.
У нядзелю спаборнічалі змешаныя пары. Прызавая тройка наступная: першае месца – Рыта Бяззубенка– Андрэй Іваноў, другое – Валерыя Акуневіч – Станіслаў Прасветаў, трэцяе – Наталля Лебедзева – Дзмітрый Суханаў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *