Война глазами детей

Общество

“Тата з фронту так і не вярнуўся”
Перад табой, чытач, вытрымкі з успамінаў Раісы Іванаўны Маркіянавай – далёкай сваячкі аўтара ліста  Рамана Карнілава, вучня мясцовай школы, які і запісаў яе ўспаміны. Праўда, рыхтаваўся матэрыял да конкурсу, прысвечанаму вайне, але ў рэдакцыі палічылі, што вытрымкі з ліста заслужылі таго, каб азнаёміць іх з чытацкай аўдыторыяй газеты “Герой працы”.
«…Ішоў 1942 год. Мне тады было ўсяго 5 гадоў. Не помню дакладна, якая стаяла пара года:  восень ці вясна, але снегу не было. Немцы прыйшлі да нас у хату і ўсіх  вывелі на вуліцу. Мне неяк і не зусім было зразумела, што яны хочуць ад нас. Нас было пяцёра: я, браты Шурка і Васька, малодшая сястра Люба і наша матуля Анюта. У той дзень фашысты ўсю вёску сагналі ў калгасны свіран і замкнулі на замок.  У свірне было вельмі холадна, цесна і неяк жудасна.  Нас, малых, авалодаў страх, таму мы абшчапілі сваю матулю (Любка была малая і маці трымала яе на руках), а яна нас увесь час гладзіла па галаве, суцяшала і сама плакала.
Неўзабаве да свірна падышоў настаўнік з нашай вёскі (ён быў партызанам). Падышоў да немцаў і сказаў: “Каго вы сагналі ў свіран? Гэта ж жонкі і  бацькі нашых паліцаяў. Калі вы іх падпаліце або пастраляеце, то вас саміх пастраляюць. Тыя ж паліцаі  ці партызаны”. Вось так нечакана нас выратавалі.
У той час жылі мы бедна, абутку не было. Я басанож бегла дадому і ніяк не магла дачакацца, калі адчыню родныя дзверы, забяруся на печку, прытулюся шчакой да цёплых, выцертых цаглін і ад асалоды закрыю вочы. Грэцца буду доўга-доўга…
Пасля вайны мы таксама жылі вельмі бедна, натуральна пухлі ад голаду. Каб пракарміць нас, маці хадзіла на розныя работы ў калгас: то лен аббіваць, то бульбу перабіраць. Помню, як малымі вясной і ўлетку мы хадзілі збіраць шчаўе. Кацялкоў ці каструль не было, дык мы варылі шчаўе ў артылерыйскай гільзе. Варылі так званую свінячую бульбу, дробную, з гарох, перамёрзлую, дадавалі трохі абсевак ад мукі і пяклі бліны. Во была смаката!
У маёй памяці засталіся ўспаміны пра цяжкую сялянскую працу. Я ўжо казала, што немцы забралі ў нас усё, у тым ліку коней, быкоў. А зямлю трэба была неяк араць. Вось і запрагаліся жанчыны. Была за каня і наша матуля. За адзін плуг станавілася чалавек восем. Замест хамута была доўгая палка, да якой  плуг чапляўся. За плугам хадзіў малады хлопец або мужчына.
Тата ўсё з фронту не прыходзіў. Мы нават не ведалі, калі ён вернецца. Скончылася вайна. За  вайну мы падраслі. Брат Шурка быў старэйшы за мяне і многа чаго ўмеў рабіць: плёў рыбацкія сеткі, ладзіў нам абутак.  На востраве, на нашым возеры, калісьці былі немцы, вось ён там усё патрэбнае і браў. Прынясе адтуль нямецкі абутак, старую ваенную палатку, выстругае падэшву, наробіць дзірачак, прасуне ніткі з тканінай. Вось які-ніякі абутак і есць для нас, усе ж не босыя.
Тата наш з фронту так і не вярнуўся, і маці выхоўвала нас адна. Мы сталі атрымліваць грашовую дапамогу. Гэта было ўсяго некалькі рублёў з капейкамі, але ўсе ж жыць стала крыху лягчэй. Вельмі цяжка было з харчаваннем, і маці надумала купіць казу. Доўга мы збіралі грошы, у многім сабе адмаўлялі, недаядалі. У выніку грошы сабралі і купілі маладую козачку. Яна падрасла, і неўзабаве мы маглі ўжо забяліць “голае” шчаўе або папіць малака з бульбай.
Усяго было ў вайну і пасля яе. Але выжылі, бо вельмі хацелася жыць, вельмі цанілі жыццё».
Запісаў
Раман КАРНІЛАЎ, вучань 9 класа Амбросавіцкай д/с-сярэдняй школы.
Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *