На «прямой линии» — вопросы трудового законодательства

Актуалии Общество

Важна, каб паразумеліся…
У рэдакцыі газеты “Герой працы” 10 сакавіка праводзілі прыём грамадзян і “прамую лінію” першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы С. У. Ануфрыеў і начальнік аддзела па наглядзе і кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы ўпраўлення Г. А. Галай. На працягу дзвюх гадзін  Сяргей Уладзіміравіч і Галіна Анатольеўна адказвалі на пытанні, адрасаваныя па тэлефоне, разбіралі даволі няпростыя сітуацыі ў працоўных адносінах, давалі вычарпальныя адказы, кампетэнтныя і прафесійна вывераныя парады.
Першым на прыём прыйшоў малады мужчына. У яго праблема: ён працуе па кантракце, знайшоў іншую работу, хоча звольніцца, а наймальнік не пускае, пакуль той не прывя-дзе ў парадак сваю службовую машыну. Г. А. Галай уважліва вывучыла ўсе дакументы, запрасіла ў ад-дзеле кадраў арганізацыі неабходныя паперы. Пасля параіла вырашаць праблему па пагадненні бакоў: важна паразумецца, пайсці на кампраміс, але рабіць усё трэба па закону. Былі дадзены канкрэтныя парады.
Званок на “прамую лінію”. Грамадзянка К. папрасіла кансультацыю па водпусках. Ёй належыць водпуск за перыяд з 1 сакавіка 2010 года па 28 лютага 2011 года. Сам водпуск сёлета запланаваны на ліпень. “Ці правамернае такое вызначэнне перыяду?” — пытае жанчына, бо вельмі дарэчы ёй быў бы водпуск зараз.
Згодна з артыкулам 170 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь наймальнік абавязаны прадастаўляць работніку працоўны водпуск на працягу кожнага рабочага года. У выключных выпадках, калі прадастаўленне поўнага працоўнага водпуску работніку ў бягучым працоўным годзе можа неспрыяльна адбіцца на нармальнай дзейнасці арганізацыі, дапускаецца са згоды работніка перанос часткі водпуску на наступны рабочы год. Астатняя частка працоўнага водпуску не можа быць меншай за 14 каляндарных дзён, прадастаўляецца яна да заканчэння бягучага рабочага года. У дадзеным выпадку частку водпуску павінны былі прадаставіць жанчыне да 28 лютага 2011 года.
Пераносімая частка працоўнага водпуску па жаданні работніка далучаецца да водпуску за наступны рабочы год ці выкарыстоўваецца асобна.
На прыём прыйшлі жанчыны, якіх не можа задаволіць зарплата на прадпрыемстве: на чацвярых у цэху ім налічана за люты 480 тысяч рублёў. “Чаму нам не даплачваюць да мінімальнай заработнай платы?” — абураюцца яны.
Адказ наступны. Згодна з арт. 59 Працоўнага кодэкса мінімальная заработная плата  (месячная і гадзінная) — дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у вобласці аплаты працы за работу ў нармальных умовах пры выкананні ўстаноўленай (месячнай або пагадзіннай) нормы працы. Дарэчы, са студзеня 2011 года  месячная мінімальная заработная плата дасягнула 460 тысяч рублёў, пагадзінная — 2710 рублёў.
Даплата да мінімальнай заработнай платы жанчынам не праводзілася, бо яны не выконвалі ўстаноўленых нормаў працы. Між тым наймальнік згодна з арт. 89 Працоўнага кодэкса абавязаны забяспечыць нармальныя ўмовы працы для выканання работнікамі нормаў выпрацоўкі, выканання заказаў і аб’ёмаў работ.
У адпаведнасці з п.3 ч.1 арт. 55 ПК наймальнік абавязаны весці ўлік фактычна адпрацаванага работнікам часу. Згодна з арт. 133 ПК уліку падлягае фактычны рабочы час, які складаецца з часу, калі чалавек працуе, і часу, калі працаю не заняты. Час унутрызменных прастояў улічваецца, пачынаючы з пяці хвілін.
Індывідуальныя працоўныя спрэчкі разглядаюцца камісіямі па працоўных спрэчках або судом. Так што жанчыны могуць звяртацца ў вышэйназваную камісію, а калі не згодны з яе рашэннем або калі яна не створана —  у суд на працягу трох месяцаў з таго дня, калі былі парушаны іх правы, а па справах аб звальненні — у месячны тэрмін з дня ўручэння копіі загаду аб звальненні або з дня выдачы працоўнай кніжкі з запісам аб падставах для перапынення працоўнага дагавору або з дня адмовы ў выдачы ці атрыманні ўказаных дакументаў.
Падрыхтавалі  Мікалай МАРОЗ, Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №19 ад 15.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *