Чем живёт регион: Обольщина

Актуалии Край шумілінскі Общество Экономика

Обальскі сельсавет – 12485 гектараў зямлі, 38 населеных пунктаў і пасёлак Обаль. На тэрыторыі сельсавета пражывае 3314 чалавек, у тым ліку, 1500 працаздольных і 579 дзяцей. На Обальшчыне працуюць 4 прадпрыемствы, школа і  бальніца. 11 ліпеня карэспандэнты «Герой працы» правялі сустрэчу з работнікамі некаторых арганізацый і прадпрыемстваў Обалі.
Больш за 20 год – дэпутат
Разам з Мікалаем Лявонцьевічам Петручэнем  карэспандэнту раённай газеты  пашчасціла сёлетняй вясной быць  у складзе рабочай групы падчас  правядзення Дня работы  з насельніцтвам у Обальскім сельсавеце. У вёсцы Чэрчыцы жанчыны засыпалі Мікалая Лявонцьевіча праблемнымі пытаннямі: калі будзе сёлета вялікае разводдзе, то як да вёскі давязуць  прадукты, як даедзе “хуткая дапамога”. І Мікалай Лявонцьевіч адказваў на іх  грунтоўна, не спяшаючыся. Поты шмат гаварылі пра справы жыцейскія, пра нарыхтоўку дроў, вулічнае асвятленне. Адна з жанчын прамовіла нечаканае: “Гэта наш дэпутат! Ён усё ведае і дапамагае людзям”.
Гэта гучала  шчыра, ад душы. Вось так людзі ацанілі работу дэпутата па Убоінскай выбарчай акрузе № 13 Обальскага сельскага Савета М. Л. Петручэні. Бачна было, што вяскоўцы давяраюць свайму дэпутату і часта да яго звяртаюцца. “Нярэдка сустракаюся са сваімі выбаршчыкамі, – кажа Мікалай Лявонцьвіч. –  Людзей хвалююць самыя розныя пытанні: як прайсці медыцынскае абследаванне, чаму раптам адмянілі адзін рэйс аўтобуса на Шашы, якім гаспадарам “Ульскі” выдзяляе бясплатна сена, чаму дарога ў выбоінах і не гараць на слупах ліхтары?. Гэтыя  і іншыя пытанні вырашаем разам са старшынёй Обальскага сельвыканкама М. А. Будневічам”.
Мікалай Лявонцьевіч дэпутатам з’яўляецца больш за дваццаць гадоў. Практычна ўсё жыццё займаў адказныя пасады – быў старшынёй калгаса імя Мічурына,  16 гадоў працаваў старшынёй Обальскага сельвыканкама. І колькі  грамадскіх праблем вырашыў за гэты час, колькім людзям дапамог  не злічыць. І сёння М. Л. Петручэня ў  самай гушчы грамадскага жыцця.
Раёнку тут чытаюць
Не маглі мы не завітаць у гэты дзень да сваіх калег-паштавікоў. Сустрэла нас загадчыца аддзялення паштовай сувязі Обалі А. Г. Будневіч.
Дарэчы, паштовае аддзяленне ў Обалі карыстаецца папулярнасцю (падчас размовы з Аленай Генадзьеўнай Будневіч на пошту завітала чалавек трыццаць, а мо і болей).  Адны спяшаліся сюды, каб разлічыцца з банкаўскімі крэдытамі, другія ішлі купіць газету, аплаціць камунальныя і іншыя паслугі. Пенсіянеры ішлі за пенсіямі, за таварамі паўсядзённага вопыту. Як расказала загадчыца аддзялення. за апошнія два тыдні вялікі попыт быў на цукар, прадалі каля двухсот кілаграмаў.
І пры гэтым мы яшчэ словам не абмовіліся пра асноўную работу паштавікоў – газеты, часопісы, лісты ды паштоўкі. “Обальшчыну абслугоўваюць шэсць паштальёнаў, абальчане выпісваюць больш чым дзве тысячы экзэмпляраў,  – расказвае А. Г. Будневіч. – У нас ёсць 6 чалавек, якія выпісваюць па 16-17 выданняў”. Алена Генадзьеўна падкрэсліла, што ўсе обальскія паштальёны старанныя, імкнуцца аператыўна несці ў кожны дом свежыя навіны. А больш за іншых (каля 800 экземпляраў) – на рахунку  паштальёна З. Д. Пруднікавай.
Самыя папулярныя на Обальшчыне выданні – “Герой працы”, “СБ. Беларусь сегодня” і “Витебские вести”. “Раёнку добра выпісваюць. Калі ў мінулым годзе у нас было 170 падпісчыкаў, то зараз – 250, — кажа А. Г. Будневіч і дадае: — Упэўнена, што да канца года прыхільнікаў раёнкі на Обальшчыне будзе звыш  300 чалавек”.

Обольский ГДК представляет "Крестины"

Цэнтр культуры і адпачынку
Обальскі  ДК – цэнтр культуры  гарадскога пасёлка. Сюды прыходзяць на канцэрты і дыскатэкі. Тут працуюць  два тэатральныя аб’яднанні па інтарэсах – для дарослых і дзяцей, два танцавальныя калектывы, дзіцячая вакальная група, фальклорны гурт. А яшчэ дзеці наведваюць аматарскія аб’яднанні “Падлетак” і “Парус”, клуб “Экспромт”.
Круглы год у Доме культуры кіпіць жыццё.  “Калектыў Дома культуры дружны, малады і на многае здатны, – кажа дырэктар Обальскага ДК Валянціна Сіценка. – Праводзім клубныя агеньчыкі, тэматычныя сустрэчы, конкурсы, канцэрты, святы народнага календара. Сёлета ў раённым конкурсе “Тэатральная вясна-2013” занялі першае месца, а ў аглядзе-конкурсе “Песні юнацтва нашых бацькоў” – трэцяе месца. І вялікая заслуга ў правядзенні мерапрыемстваў народных калектываў  “Ветэран” і “Абалянка”, што працуюць пры нашым Доме культуры”.
Народны ансамбль народнай песні “Абалянка” існуе пры Обальскім ДК больш за трыццаць гадоў. У рэпертуары розныя песні: лірычныя, жартоўныя, каляндарныя, абрадавыя, патрыятычныя. Як адзначае кіраўнік калектыву Вольга Карбавец, адна з галоўных мэт ансамбля – прапаганда беларускай народнай песні. Багаты  рэпертуар і харэаграфічныя пастаноўк робяць выступленні “Абалянкі” цікавымі і запамінальнымі.  “Абалянка” – пастаянны ўдзельнік абласных і раённых святаў.  Такіх, як  абласныя конкурсы маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”, “Беларусы – гэта мы”, “Славянскі базар у Віцебску”. Вось  і сёлета падчас “Славянскага базару” выступалі з канцэртам на вуліцы Пушкіна ў Віцебску. А на Дзень Незалежнасці ў Шуміліне  прымалі ўдзел у святочным тэатралізаваным шэсці.
У мінулым годзе ўдзель-нікі ансамбля “Абалянка” (іх усяго 15 чалавек) правялі шмат выязных тэатралізаваных канцэртаў у Лётцах і аграгарадках Віцебскага раёна. І папоўнілі спецрахунак гарадскога ДК – зарабілі больш за шэсць мільёнаў рублёў, дадае Валянціна Сіценка.
Народны клуб “Ветэран” быў створаны ў 1986 годзе. Работа калектыву скіравана на вывучэнне, адраджэнне і папулярызацыю народнай песеннай творчасці, на аб’яднанне песняй людзей сталага ўзросту, кажа кіраўнік клуба Галіна Чарнічэнка. Падчас святкавання ў Шуміліне Дня Незалежнасці работнікі   Обальскага ДК разам з клубам “Ветэран” і ўдзельнікамі ансамбля “Абалянка” паказвалі народна-абрадавае свята “Хрэсьбіны”.
Гліна і торф – валютныя запасы Обальшчыны
Мадэрнізацыя як выратавальнае кола, альбо Кадры і даўгі, што, як путы, трыножаць бег
Зараз Обальскі керамічны завод стабільна працуе, практычна ўся цэгла, што вырабляецца, адразу прадаецца.  Па  пераважнай большасці паказчыкаў прадпрыемства дае  добры плюс да мінулага года. На першы погляд можа здацца, што завод поўнасцю выйшаў з крызісу і ў яго няма ніякіх праблем. На жаль, не ўсё так станоўча.
Вытворчасць цэглы ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года вырасла на 70%, з пачатку года абальчане вырабілі 18,4 мільёна штук цэглы. «Абодва цэхі працуюць у тры змены, — адзначае галоўны інжынер Обальскага керамічнага завода С. А. Ляўшоў. – У сярэднім за суткі цэх №1 вырабляе 50-60 тысяч штук цэглы, цэх №2 – 80–90 тысяч. Але завод працуе толькі на палову сваіх магутнасцяў. На большае пайсці не дазваляюць кадры, дакладней, іх адсутнасць».
“Зараз на вытворчасці занята 420 чалавек – і завод працуе на 50%  ад сваіх магутнасцяў”, – расказвае галоўны эканаміст ОКЗ А. М. Скамарохава. Апошнім часам на працу на завод уладкаваліся каля трыццаці чалавек.Праўда, спецыялістамі іх цяжка назваць, працуюць не праяўляючы вялікай ахвоты, могуць прагуляць. Дарэчы, працоўная дысцыпліна для керамічнага – даволі вострая праблема. Фактычна, у чвэрці працуючых яна, мякка кажучы, кульгае, як вынік – прагулы, нізкаякасная праца. Відавочна, што такое становішча не надае плюсаў прадпрыемству. “Пастаянна шукаем новыя кадры, разглядаем розныя варыянты,  – дзеліцца С. А. Ляўшоў. – Так, на лета на працу запрасілі студэнцкі будаўнічы атрад з Гарадоцкага каледжа. Да нас прыехала 18 маладых людзей”.
Галоўны крытэрый, які  прымусіць людзей трымацца за сваё працоўнае месца,  — заработная плата. За май сярэднямесячная зарплата на керамічным склала тры мільёны рублёў, у маі мінулага года была 1,7 мільёны рублёў. Як адзначыла А. М. Скамарохава, да канца года павінны выйсці на сярэднемясячную зарплату ў 3,8 мільёны рублёў.   За май  чысты прыбытак керамічнага склаў 220 мільёнаў рублёў, прыбытак ад рэалізацыі – 460 мільёнаў рублёў. Калі звярнуцца да мая  мінулага года, убачым: чыстыя страты – 1 мільярд 340 мільёнаў рублёў, страты ад рэалізацыі – 800 мільёнаў рублёў. “Для таго, каб атрымліваць мінімальны годны прыбытак, рэнтабельнасць прадукцыі павінна складаць 7-12%, — адзначае А.М. Скамарохава. –  Пакуль што мы выйшлі на 6,5%”.
За апошні год значна абнавіўся транспарты парк прадпрыемства. Сярод апошніх пакупак – экскаватар і вілачны пагрузчык “Амкадор”, неўзабаве пабагацее завод і на новы МАЗ. Алё ўсё адно тэхнікі не хапае, таму і спрабуюць знайсці іншыя аптымальныя варыянты. Таму  сёлета ўпершыню  нанялі пяць машын менавіта для вывазу сыравіны. Як адзначыў С. А. Ляўшоў, такая практыка поўнасцю сябе апраўдала.
“Прыкладна палова нашай прадукцыі ідзе на экспарт, — расказвае начальнік аддзела па камерцыйнай рабоце А. І. Манак. – Амаль уся экспартная прадукцыя ідзе на Расію, у чым несумненная заслуга  ўласнай дылерскай сеткі.  Асабліва эфектыўна нашы дылеры працуюць у Маскве і Смаленску. Сёлета змаглі вярнуць перспектыўны рынак Калінінградскай вобласці, Змаглі выйсці і на рынак Пскоўшчыны. Зразумела, што тыя 3-4%  пакуль што кропля ў моры, але, як кажуць, пачатак ёсць”. Аляксандр Іванавіч упэўнены, што ў Расіі  можна прадаваць і больш цэглы, попыт на обальскую прадукцыю добры. Сёлета на экспарт адправілі 2,1 мільён штук цэглы, зарабілі 420 тысяч долараў ЗША, у мінулым годзе за адпаведны перыяд прадалі на 150 тысяч долараў (830 тысяч штук цэглы).
“Станоўчая дынаміка на прадпрыемстве ёсць, — дзеліцца дырэктар Обальскага керамічнага завода П. І. Манак. – Але без мадэрнізацыі заводу не абыйсціся. Менавіта ў гэтым – наша будучыня”.  Кіраўніцтва завода плануе ўжо сёлета пачаць мадэрнізацыю цэха №2. Ёсць папярэднія дамоўленасці з нямецкімі і ўкраінскім вытворцамі на выраб, пастаўку і мантаж сучаснага абсталявання. Дэмантаж старога абсталявання  цэха №2 пачнуць восенню, калі  закончыцца сезон. Усе работы па мадэрнізацыі павінны заняць  7-8 месяцаў, так што пры добрым раскладзе наступны сезон абальчане пачнуць на новым сучасным абсталяванні. Але ўласных сродкаў на мадэрнізацыю не хопіць, трэба браць крэдыт. А гэта не так проста, замінаюць даўгі мінулых год. “Апошні год мы разлічваемся па ўсіх цякучых плацяжах, — адзначае Павел Іванавіч. – Поўнасцю разлічыліся з  плацяжамі ў бюджэт –  выплацілі 6,7 мільярда рублёў. Яшчэ 3 мільярды  заплацілі па банкаўскіх крэдытах, але засталося яшчэ 7 мільярдаў – асноўны доўг, працэнты, пеня. Вось і адмаўляюць пакуль што нам у крэдыце”. Яшчэ на керамічным “вісіць” 30 мільярдаў запазычанасці за спажытыя энергарэсурсы. “У пытаннях ранейшых даўгоў спадзяёмся на адтэрміноўку, — кажа П. І. Манак. – Таксама ёсць спадзяванні і на інавацыйны фонд”.
Праблем на Обальскім керамічным заводзе хапае. Але важна тое, што кіраўніцтва бачыць гэтыя праблемы і імкнецца іх вырашаць. Для Обальскага керамічнага мадэрнізацыя павінна стаць тым выратавальным колам, якая адкрые заводу перспектыву на будучыню.
Заробак – на дне балота
Старажылы вытворчасці  па здабычы і перапрацоўцы торфу  ВУ “Полацкгаз” (былога торфапрадпрыемства імя  Даўмана) з жахам згадваюць тыя часы, калі прадпрыемства, мякка кажучы, стаяла на каленях. І толькі пасля 2007 года, калі  далучыліся да “Полацкгазу”, людзі аджылі ў прамым сэнсе гэтага слова: закупілі новае абсталяванне , наладзілася вытворчасць,  з’явіліся новыя рынкі збыту. І сёння прадпрыемства жыве, працуе і мае нядрэнныя паказчыкі ў рабоце, якімі не сорам і пахваліцца, адзначае дырэктар ВУ “Полацкгаз” А. А. Карабкоў. Толькі за першае паўгоддзе здабылі больш за 8 тысяч тон верхавога торфу.   “Галоўнае багацце нашага прадпрыемства – гэта людзі, – кажа Андрэй Аляксандравіч. – Зараз на прадпрыемстве працуюць 112 чалавек. Гэта  дзякуючы ім да пачатку жніўня   выканаем гадавы план здабычы верхавога торфу – дзесяць тысяч тон”.
Работнікі  прадпрыемства жартуюць, што іхні заробак ляжыць на дне балота. Сёлета работы ідуць на  тарфяных месцанараджэннях Чысцік і Сідзень. Тут торф здабываюць, фрэзеруюць, варушаць, зграбаюць у валкі, складваюць у штабелі. Асабліва цэніцца  “белы торф” верхавога тыпу. У гэтым годзе прадпрыемства закупіла дзве пнеўмаўборачныя машыны вытворчасці “МагілёўЭнэргаРамонт”.  І  беларуская тэхніка апраўдала сябе высокай прадукцыйнасцю. Ды і працаваць на ёй можна не толькі ў сонечныя дні – на якасць торфу гэта не ўплывае.
“Белы  торф” мала раскладаецца,   – тлумачыць аператар ПЭВМ В. С. Чугунова. –  Ён складаецца ў асноўным з багульніку, верасу, са сфагнавых або белых мхоў, таму і носіць такую назву. Гэты торф у большасці сваёй адпраўляем на экспарт – у Італію, Турцыю, Прыбалтыку. Асабліва цэніцца обальскі торф у Германіі. Дарэчы, у чацвёртым квартале бягучага года плануем асвоіць другую чаргу  тарфянога месцанараджэння Сідзень. Распрацоўваецца праект  паўднёва-ўсходняй часткі месцанараджэння Чысцік – там таксама будзем здабываць верхавы торф”.
Участак па перапрацоўцы торфу працуе ў дзве змены.  Падчас прыезду раённых журналістаў тут кіпела работа.  Прыйшлі вагоны з участка Сідзень. “Белы торф” (дарэчы, па колеру яго,  хутчэй, можна назваць шэрым) разгружаецца, ідзе па канвееру  далей – на прасушку і ўпакоўку. І на пляцоўцы гатовай прадукцыі адзін за адным з’яўляюцца  вялікія бігболі, вагой па 700-900 кілаграмаў кожны. А пагрузчык  ужо ўскладвае   бігболі на фуру, якая павязе обальскі торф у Германію ці Італію.
У Обалі робяць і кавалкавы торф. Ім можна паліць у кацельні, у печцы. І з кожным годам усё больш  гаспадароў давяраюць  кавалкаваму  торфу, бо з ім менш работы – у параўнанні з дрывамі  не трэба пілаваць і калоць. «Летась прадалі 5 тысяч тон кавалкавага торфу, – кажа В. С. Чугунова, – а сёлета планку трымаем вышэй – на  8 тысяч тон.  Оптам наш торф купляюць жыллёва-камунальныя гаспадаркі Полацка і Наваполацка, а таксама Шумілінскае УП ЖКГ – адгрузілі ім  140 тон.  З васьмі тысяч тон, што запланаваны на год, зараз здабыта 5200 тон”.
Палепшылася і якасць кавалкавага торфу. “ Зараз ніякіх праблем няма, – кажа начальнік вытворчасці  І. У. Андрэеў. –  На замену старай тэхніцы прыйшла  сучасная. Калі раней здабывалі  дзве тоны ў гадзіну, то на новых – 5,2 тоны. Ды і такі торф атрымліваецца больш якасным і гладкім па знешняму выгляду. Мы верым, што прадпрыемства, якое сёлета святкуе 90-годдзе, у далейшым будзе расці і развівацца”.
Падрыхтавалі Ларыса Зайцава і Аляксандр Шэдзько
Надрукавана ў №55 ад 16.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *