В «Роднике» растят картофель и овощи

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Бульба
У гэтым годзе ў СФГ “Раднік” пасадзілі 150 гектараў бульбы. Рабоце спрыяла надвор’е – цёплае, без дажджоў. Таму і справіліся з пасадкай усяго за дваццаць дзён.
“Раднік” спецыялізуецца на вырошчванні элітных гатункаў бульбы. І ў  гэтым годзе іх пасадзілі з добры дзясятак. У гаспадарцы аддаюць перавагу раннім гатункам “лілея”, “уладар”, “зорачка”, “няптун”, “брыз”, “рыкея”. Гэтыя гатункі хутка выспяваюць, і ўжо ў канцы ліпеня “Раднік” кожны год атрымлівае першы прыбытак ад продажу бульбы. Пытаемся ў галоўнага агранома гаспадаркі Л. М. Прыгун, якія гатункі, надзейныя па лёжкасці,  лепш саджаць на ўласных сотках. “Рэкамендую “ўладар” і “брыз”, яны цудоўныя па смакавых якасцях”, – кажа Людміла Мітрафанаўна.
Зарэкамендавалі сябе і познія гатункі “рагнеда” і “скарб”. Разам з тым у Беларускім навукова-даследчым інстытуце бульбаводства і плодагародніцтва набылі і новы гатунак “маніфест”, пад які дадаткова распрацавалі тры гектары.
“У гэтым годзе справіліся з пасадкай у першай дэкадзе мая, – гаворыць галоўны аграном. – Значна аблегчыла работу тое, што ўпершыню ў бульбасховішчы ў Галях пачалі выкарыстоўваць механізаваны сарціравальны пункт. Ды і нашы механізатары не падвялі: добра працавалі Анатоль Шэдзько, Васіль Лямнёў, Іван Мамойка, Віктар Юхнавец”.
Да таго ж, хвалілі ў “Радніку” і шэфаў: з ПМК-70 падвозіць бульбу дапамагаў Аляксандр Аўчыннікаў,  а з УП ЖКГ  наразаў барозны Аляксандр Ушал.
Зараз механізатары СФГ “Раднік” акучваюць раннія гатункі бульбы, затым будзе праведзена хімпраполка.
Гародніна
Тыдзень таму, калі карэспандэнты раённай газеты наведалі СФГ “Раднік”, там заканчвалі сець моркву. На полі паміж Галямі і Мішкавічамі працавала гароднінная сеялка дакладнага высеву. Гэта механізатар А. Ф. Шэдзько сеяў моркву.  Дарэчы, Анатоль Францавіч вельмі вопытны сеяльшчык, і сёлета ён адзін пасадзіў не толькі моркву, але і  ўсю бульбу ў гаспадарцы.
Мы пацікавіліся, які ж гатунак морквы сеяць у “Радніку”. Аддалі перавагу сярэдняранняму сорту “юкон”, ураджай атрымаюць праз сто дзён пасля пасадкі.  Сёлета на палетках “Радніка” расце і пяць гектараў чырвоных буракоў гатунку “Чырвоны шар” і “Болтардзі”.
Як правіла, кожны год  ураджай  убіраюць бульбаўборачнымі камбайнамі. А прадаюць райспажыўтаварыству і насельніцтву. Нетаварныя караняплоды  ідуць на корм каровам.
Капуста “вытворчасці” СФГ “Раднік” рэкламы не патрабуе. Хто хоць аднойчы купляў тут гародніну, прыязджаюць за ёй зноў. Гэта ў першую чаргу ўстановы адукацыі, райбаль-ніца, райспажыўтаварыства. Ну, вядома, і мясцовае насельніцтва. Уся астатняя капуста прадаецца ў Расію. І сёлета ўжо ёсць заказы на будучы ўраджай. У гаспадарцы нават жартуюць, што прадалі толькі пасаджанае.
У гэтым годзе на палетках “Радніка” расце адзін гектар засолачнага гатунку “фактар” і чатыры гектары позняга сорту “сакратэс”.  Дарэчы, яго агранамічная служба гаспадаркі рэкамендуе  саджаць і на ўласных сотках – качаны добра захоўваюцца ажно да чэрвеня.
Кармавы боб
Летась на палетках СФГ “Раднік”  расло пяць гектараў кармавога бобу, а сёлета пасеялі ў два разы больш. Новая культура апраўдала сябе высокай ураджайнасцю, немудрагелістай тэхналогіяй вырошчвання. Немалаважна  і тое, што ў кармавых бабах знаходзіцца 25-35% бялку.
Спецыялісты гаспадаркі мелі рацыю, калі кармавы боб  выкарысталі для вытворчасці камбікорму. Дадалі да яго муку з кукурузы, гароху, ячменю, рапсу. Атрымаўся збалансаваны корм уласнай вытворчасці, які дадавалі да сенажу. Ці не таму гаспадарка і зімой была адной з лепшых у раёне па надоях малака.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *