Школьные новости Шумилинщины

Новости Образование

Тры прызавыя месцы на абласным этапе
Трэці год вучні Шумілінскага раёна ўдзельнічаюць у фестывалі міжкультурных камунікацый па замежных мовах. Сёлета на абласным этапе фестывалю 13 вучняў Шумі-ліншчыны прадстаўлялі сваё майстэрства ў трох намінацях на нямецкай і англійскай мовах:
“Прэс-цэнтр” па тэме “Маладзёжныя субкультуры” – Обальская СШ;
“Фабрыка зорак” – Шумілінская СШ №1;
“Я гід” па тэме “О, спорт, ты – мір” – Шумілінская раённая гімназія.
Больш за 400 вучняў вобласці былі на свяце замежных моў. У сценах гімназіі №2 г. Віцебска, дзе праходзіў фестываль, гучалі выступленні на нямецкай, англійскай, іспанскай, кітайскай, польскай, французскай мовах.
Шумілінскія ўдзельнікі паказалі сваё выканаўчае майстэрства, моўную падрыхтоўку, арыгінальнасць, творчы падыход і артыстызм. І як вынік – тры прызавыя месцы:
Дыпломамі 2 ступені ўзнагаро-джаны Кацярына Філіпенка з Шумілінскай СШ №1 і творчая група Обальскай СШ.  Аліна Балыкова з Шуміліскай СШ №1 атрымала дыплом 3 ступені.
Хочацца пажадаць новых творчых поспехаў вучням і іх настаўнікам!
А. БАБІЧАВА, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
«Майскі зоркапад»
Тыдзень таму адбыўся раённы фестываль дзіцячай творчасці “Майскі зоркапад” – своеасаблівая справаздача аб’яднанняў па інтарэсах устаноў адукацыі раёна.
Аб’яднанням па інтарэсах, якія існуюць не толькі пры цэнтры дзяцей і моладзі, але і ў многіх школах раёна, было што паказаць і чым пахваліцца. Дзеці цэлы год вучыліся спяваць, танцаваць, плесці, вышываць, выразаць. Многія школьнікі ў гэтым навучальным годзе сталі пераможцамі розных раённых і абласных творчых конкурсаў.
Музычная частка фестывалю дзіцячай мастацкай творчасці прайшла ў актавай зале СШ № 1.   Усяго на сцэне выступілі 123 удзельнікі.
Яшчэ сотня дзяцей падрыхтавала свае работы да выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці  “З рога ўсяго многа”, якая размясцілася ў  выставачнай зале цэнтра дзяцей і моладзі. Тут можна ўбачыць  вырабы з дрэва, фанеры, скуры, нітак,  саломы. Радавалі вока бацік і аплікацыя, вышыўка і вязанне.
Хочацца адзначыць аб’яднанне па інтарэсах Кардонскай школы “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, дзе займаюцца  валеннем  з воўны. Дарэчы, такой тэхнікай у гэтым навучальным годзе ў раёне  сталі займацца ўпершыню. І старанне прынесла поспех: шарсцяныя сумачкі, тапачкі і розныя ўпрыгожванні выглядалі арыгінальна. Дарэчы, выстава па дэкаратыўна-прыкладной творчасці будзе працаваць у цэнтры дзяцей і моладзі да канца лета. Так што ў кожнага ёсць магчымасць паглядзець на прыгажосць, зробленую рукамі дзяцей.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
«Вясёлка талентаў» у раённай гімназіі
Ярка, урачыста, святочна напрыканцы навучальнага года прайшоў  у раённай гімназіі фестываль дзіцячай творчасці “Вясёлка талентаў”.  Ва ўтульнай зале Лескавіцкага сельскага клуба на працягу сямі дзён  адбываліся сапраўдныя цуды: запальваліся «зорачкі», гучалі новыя імёны.  Фестываль  падарыў гледачам і ўдзельнікам зарад пазітыву і добрага настрою.
У фае вучэбнага корпуса гімназіі наладзілі экспазіцыю малюнкаў «Які прыгожы гэты свет!». Пераможцамі  конкурсу мастакоў сталі шасцікласніца Ганна Зданевіч і сямікласніца Кацярына Гарохава.
Самым доўгачаканым стаў конкурс “Міс Гімназія — 2014”. Канкурсанткі дэманстравалі свае творчыя здольнасці, інтэлект, мастацтва прыгажосці. Усе ўдзельніцы былі вартыя перамогі і не засталіся без прызоў, а  тытул  “Місс Гімназія”  атрымала Ганна Шаматурына.
На  выставе дэкаратыўна-прыкладнай творчасці “Чароўны куфэрак” былі прадстаўлены работы з бісеру, паперы, прыроднага матэрыялу, аплікацыі.     Сапраўдны феерверк талентаў,  яскравая энергія маладых выканаўцаў панавалі на конкурсе “Песенная карусель” і танцавальным конкурсе “Рытмы планеты”.  Вучні дэманстравалі свае лепшыя  вакальныя і танцавальныя нумары.
А хто не марыў бліснуць на сцэне?! Колькі ўсяго павінен умець акцёр: спяваць, танцаваць, пераўвасабляцца ў іншыя вобразы, быць пластычным, арганічным, абаяльным. “Тэатральны вінегрэт” прадставіў такую магчымасць кожнаму. А лепшымі акцёрамі сталі вучні 7 класа.
Моцную падтрымку ўдзельнікам “Вясёлкі талентаў” забяспечылі самыя ўдзячныя гледачы – бацькі і сябры канкурсантаў, выхавальнікі і настаўнікі гімназіі. Яны дапамагалі юным талентам раскрыцца, ствараючы атмасферу цеплыні і шчырай падзякі.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №41 ад 30.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *