Ученики Башнёвской школы изучают географию и историю страны в путешествиях

Молодёжь Образование

Плошча Перамогі, помнік “Кацюшы” і пейнтбольны клуб
Удзельнікі турыстычна-краязнаўчага гуртка “Вандроўнік” і аб’яднання па інтарэсах “Спадчына”, якія працуюць пры Башнёўскай СШ, многія мерапрыемствы прысвячаюць 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Нашу паездку ў Мінск мы таксама прысвяцілі гэтай славутай даце. У сталіцы пабывалі на самай маладой плошчы сталіцы – плошчы Дзяржаўнага сцяга і герба, на самых урачыстых плошчах – плошчы Незалежнасці і плошчы Перамогі. На Кастрычніцкай плошчы нас зацікавіў знак “Нулявы кіламетр”, дзе ўказаны адлегласці да ўсіх райцэнтраў і абласных гарадоў краіны, а таксама сталіц суседніх дзяржаў. Наведалі мы і самую старую плошчу Мінска – плошчу Свабоды, а таксама плошчу Я. Коласа – там мы з цікавасцю агледзелі не толькі помнік песняру беларускай зямлі, але і скульптуры герояў ягоных твораў.
Вельмі ўразіла выспа Мужнасці і Смутку. Даніну павагі мы аддалі і Партызанскаму праспекту, названаму ў гонар подзвігу партызан Вялікай Айчыннай вайны. Спадабалася Нацыянальная бібліятэка, каля якой мы не прамінулі сфатаграфавацца
А яшчэ нам запомнілася паездка ў Оршу на радзіму  У. Караткевіча і месцы баявых дзеянняў  К. Заслонава. Вялікае ўражанне атрымалі ад мемарыяльнага комплексу “Кацюша”.
Вядома, мы часта бываем у Віцебску, і кожны раз адкрываем для сябе нешта цікавае. І ва ўсіх паездках заўсёды разам з намі наш кіраўнік і арганізатар Марына Ягораўна Аляксеенка.
Дарэчы, з апошніх экскурсій у Віцебск нам асабліва запомнілася паездка ў пейнтбольны клуб, якую мы таксама прысвяцілі Вялікай Перамозе. У клубе для нас падрыхтавалі некалькі сцэнарыяў гульні, выдалі форму, бронекамізэлькі, каскі і зброю, праінструктавалі, як  упраўляцца са зброяй, расказалі пра правілы гульні. Мы падзяліліся на тры каманды: чырвоную “Альфа”, аранжавую “Спартанцы”, сінюю “Цэнзура”. Не ўсё у нас атрымалася адразу, але гульня была настолькі дынамічнай і азартнай, што і да гэтага часу дух захоплівае (дзякуй арганізатару клуба Сяргею Арлову, суддзям, фатографу).
Вось так мы рыхтуемся да 70-годдзя вызвалення Шумілінскага раёна і ўсёй нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А як рыхтуецеся вы?
Лізавета КЛЯМПАЧ, вучаніца 8 класа Башнёўскай СШ.
Надрукавана ў №44 ад 10.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *