Бенефис Анатолия Михеева

Культура Людзі і лёсы

Бенефіс Анатоля Міхеева
Анатолю Васільевічу Міхееву – 65. І я амаль упэўнена ў тым, што нікому не трэба прадстаўляць гэтага чалавека. Адны ведаюць яго як выкладчыка дзіцячай школы мастацтваў, аўтара і выканаўцу цудоўных песень, іншыя – як добрага сем’яніна і надзейнага сябра. Ясна адно – Анатоль Міхееў адбыўся як асоба, як прафесіянал, як сын сваёй Радзімы.
Шуміліншчыну музыкант пакідаў толькі аднойчы, калі вучыўся ў Віцебскім музычным вучылішчы. А пасля заканчэння вучылішча ён раз і назаўсёды ўладкаваўся на працу ў музычную школу выкладчыкам па класу баяна. І ў яго працоўнай кніжцы ёсць толькі адзін запіс. А. В. Міхееву ўдалося на працягу ўсяго жыцця заставацца верным аднойчы абранай прафесіі, жонцы-сяброўцы жыцця, сваім дзецям і сваім вучням.
Кар’ера Анатоля Васільевіча доўгая, цікавая, імклівая – як рака. Не – як песня. А тое, што ў песні гэтай ёсць багатая армія паклоннікаў, – несумненна. Узяць хаця б творчы вечар у гонар юбілею спевака, які прайшоў 11 чэрвеня (акурат у дзень нараджэння) у чытальнай зале раённай бібліятэкі. Павіншаваць музыканта са слаўнай датай палічылі сваім абавязкам былыя вучні – сённяшнія музыканты, родныя і сябры, прыхільнікі  творчасці, калегі. У бібліятэцы быў сапраўдны аншлаг. Кожнаму хацелася павіншаваць юбіляра, выказаць словы прызнання, падарыць кветкі. А адказваў ён тым, што ўмее рабіць лепш за ўсё, –  песняй. Пра каханне, пра Радзіму, пра Шуміліншчыну.
“Няхай ваша душа спявае яшчэ доўгія гады, – дарыла віншаванні юбіляру намеснік начальніка ад-дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая. – Ведаеце, я падлічыла, што на наступны год мы таксама будзем адзначаць ваш юбілей – 45 год педагагічнай дзейнасці”. Валянціна Георгіеўна сказала яшчэ шмат цёплых слоў у адрас віноўніка свята, яго любімай жонкі Ларысы Рыгораўны, падарыла песню. А таксама ўручыла Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне культуры, значны ўклад у выхаванне маладога пакалення, развіццё самадзейнага мастацтва, высокі ўзровень творчай работы і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна. Яшчэ адна ўзнагарода ў калекцыю да тых шматлікіх, якія давялося атрымаць за доўгую працоўную біяграфію, і якія можна было бачыць на выставе побач з фатаграфіямі і брашурамі вершаў.
Гэты вечар яшчэ раз пацвердзіў той факт, што Анатоля Васільевіча высока ацэньваюць як прафесіянала яго калегі, многія з якіх звязалі сваё жыццё з музыкай з яго благаславення. “Колькі сябе памятаю, я побач з Анатолем Васільевічам заўжды адчуваў сябе толькі вучнем, а ніяк не калегам. Ён для мяне – заўжды настаўнік”, – прызнаўся Аляксандр Петухоў, кіраўнік народнага сямейнага ансамбля “Забава”. Ён параўнаў свайго настаўніка з самай пеўчай птушкай – з салаўём. І нават спеў пра гэта. Ігралі ў гэты дзень для свайго былога настаўніка і сённяшняга калегі Віктар Скорынаў, Святлана Чарткова і Ганна Багданава. Анатоль Васільевіч заўважыў, што гэта трыо – яго лепшыя вучні.
Такая доўгая творчая біяграфія, канешне, дала магчымасць чалавеку актыўнаму і нястомнаму праявіцца ў самых розных іпастасях. Вядома, што ў свой час Анатоль Васільевіч нават іграў на скрыпцы ў складзе фальклорнага калектыву “Гульбічы”. Дарэчы, менавіта тады калектыў і атрымаў званне “Народны”. Удзельнікі “Гульбічаў” на чале са сваім нязменным кіраўніком Ларысай Цыркуновай таксама прыйшлі павіншаваць юбіляра, як паміж імі заведзена, заліхвацкай сакавітай песняй і румяным пірагом. Песню юбіляру падарыла і К. Ф. Палоўнікава, яна сказала, што ганарыцца тым, што ў ветэранскай арганізацыі ёсць такі творчы чалавек, вядомы не толькі ў раёне, а і ў вобласці, і нават у рэспубліцы. Да таго ж, А. В. Міхееў занесены ў рэспубліканскую энцыклапедыю “Хто ёсць хто. Людзі справы” побач з іншымі людзьмі, якія шмат зрабілі для свайго раёна.
Ведаеце, вось так узяць і ў адным артыкуле пералічыць усё тое, што гаварылі і жадалі Анатолю Васільевічу ў гэты дзень, – проста немагчыма. Скажу адно – калі адначасова столькі людзей маюць шчырае жаданне быць побач з вамі, шчыра і нязмушана вам падпяваць, адрасаваць самыя сардэчныя пажаданні – значыць, вы сапраўды пражылі шчаслівае, правільнае жыццё. Жывіце доўга, спявайце, натхняйцеся. А мы, раўняючыся на вас, будзем станавіцца лепшымі.
Тэкст і фота Наталлі ЧАРНІЧЭНКІ.
Надрукавана ў №46 ад 17.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *