Секреты развития от «Приозёрного»

Сельское хозяйство Экономика

Сакрэты развіцця ад «Прыазёрнага»
Дзе-дзе, а ў СВК “Прыазёрны” Закон Рэспублікі Беларусь “Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян” узялі на ўзбраенне. І за мінулы год гаспадарка заняла першае месца ў вобласці па закупу малака ў насельніцтва –  на адну карову закупілі 3691 кілаграм, перавысілі ўзровень папярэдняга года на 684 кілаграмы. У якасці ўзнагароды гаспадарка нядаўна атрымала прэмію памерам у сорак базавых велічынь.
Як удалося гаспадарцы дабіцца такіх поспехаў? Гэтае пытанне адрасуем намесніку кіраўніка СВК “Прыазёрны” па ідэалагічнай рабоце Н. М. Юхнавец.
“Па развіццю асабістых падсобных гаспадарак у нас распрацаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў, – падзялілася Ніна Міхайлаўна. – Перш за ўсё прадугледжаны льготы па апрацоўцы прысядзібных участкаў, можна нядорага выпісаць касілку ці прэс-падборшчык для нарыхтоўкі сена. Акрамя гэтага, кароў на прыватных падворках асемяняюць бясплатна – для гэтага дастаткова здаць цяля ў калгас. За ветэрынарнае лячэнне – 50%-ая скідка. У гэтым годзе калгаснікам і былым работнікам выдавалі бясплатна сена. А салому ўвогуле можна было браць у неабмежаванай колькасці”.
І гэта яшчэ не ўсё. Калі гаспадар прадаў ад адной каровы не менш дзвюх тысяч кілаграмаў малака (базіснай тлустасці), яму бясплатна прывозяць на агарод 30 тон гною, а пры продажы звыш 2500 кг малака – 50 тон.
Сярод лепшых малаказдатчыкаў гаспадаркі – Г. В. Марудава і Н. К. Шаўцова з Амбросавіч, Л. В. Баркоўская з Дабеі. Гэтыя вяскоўцы трымаюць па дзве-тры каровы.
А ўсяго сёлета ў прыватным сектары “Прыазёрнага” налічваецца 102 каровы, летась было столькі ж. У гэтым годзе дванаццаць сем’яў купілі ў гаспадарцы кароў з растэрміноўкай на некалькі месяцаў. Ёсць і яшчэ жадаючыя.
– Тут нават не ў льготах справа, а ў адносінах кіраўніка гаспадаркі да людзей, – лічыць лепшая малаказдатчыца з вёскі Сосніна Тамара Іванаўна Косцерава. – Трымаем дзве каровы, адну купілі ў калгасе. Грошы выплачваем паступова, з пенсіі думаю разлічыцца з рэштай доўгу.
Дарэчы, у калектыўным дагаворы СВК “Прыазёрны” вызначана пяць прызавых месцаў для малаказдатчыкаў і два прызавыя месцы для малаказборшчыкаў. У канцы года ўсе пераможцы атрымаюць важкія грашовыя прэміі. Так што ёсць стымул здаваць малако дзяржаве і працаваць добра.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №93 ад 30 лістапада 2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *