Криминал. Происшествия

Происшествия

Экскаватары
У кар’еры Заполле Обальскага керамічнага завода абрабавалі экскаватар. Укралі два акумулятары, набор інструментаў, два кіслародныя балоны, дворнікі. Урон, нанесены ОКЗ, складае каля 17 мільёнаў рублёў. З кабіны другога экскаватара, які належыць ААТ “КрашМаш”, укралі магнітолу коштам у мільён рублёў. Узбуджана крымінальная справа. Злачынцы вышукваюцца.
Кветкі
Жыхарка Шуміліна, дачны дом якой знаходзіцца ў в. Беразніца, паведаміла ў міліцыю, што з палісадніка нехта выкапаў кветкі,  кошт якіх ацэнены амаль у 400 тысяч рублёў. Па гарачых слядах міліцыянеры ўстанавілі, што пагаспадарыў на чужым дачным участку жыхар в. Ляжні. Раённым аддзелам Следчага камітэта па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
“Мотарух без парушэнняў”
З 20 па 26 чэрвеня прайшла рэспубліканская прафілактычная акцыя па папярэджанні ДТЗ з удзелам двухколавых транспартных сродкаў “Мотарух без парушэнняў”. Падчас акцыі супрацоўнікі ДАІ выявілі на дарогах раёна 91 парушэнне. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 4 вадзіцелі, якія ехалі на матацыклах ці мапедах. Асноўныя парушэнні наступныя: кіраванне транспартным сродкам без правоў, без тэхагляду і без страхоўкі.
“Прышпіліся”
27 чэрвеня прайшоў адзіны дзень бяспекі дарожнага руху. Інспектары дарожна-патрульнай службы выявілі ў гэты дзень 18 парушэнняў. Чатыры чалавекі (вадзіцелі ці пасажыры) не былі прышпілены рамянямі бяспекі. Ім пагражае штраф да адной базавай велічыні. Калі такое парушэнне паўторнае на працягу года,  штраф  – ад 2 да 5 базавых велічынь.
Наезд
У Віцебску на вуліцы Касманаўтаў жыхар Шуміліна на аўтамабілі “Рэно-Меган” наехаў на аўтамабіль “Хонда”, які належыць жыхару абласнога цэнтра. Наш зямляк шчыра прызнаўся супрацоўнікам ДАІ, што быў няўважлівым на дарозе. Мужчына выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Нецвярозы
У а.-г. Мікіціха супрацоўнікі ДАІ спынілі вялікагрузны аўтамабіль “Вольва”, які належыць літоўскай фірме. Стан вадзіцеля адразу вык-лікаў сумненне, і яго праверылі на алкатэстар. Сумненні пацвердзіліся: 1,6 праміле. Аўтамабіль дастаўлены на штрафстаянку РАУС, а на вадзіцеля складзены адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф у памеры 75 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Не ўступіў дарогу
У Дабеі адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Полацкага раёна на асабістым аўто “Форд” не прапусціў “Опель” (на ім па галоўнай дарозе ехаў мясцовы жыхар). У выніку ДТЗ абедзве машыны пашкоджаны. На жыхара Полацкага раёна складзены адміністрацыйны пратакол, які адпраўлены для далейшага разгляду па месцы жыхарства парушальніка.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №51 ад 08.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *