Роман Юматов из Оболи Шумилинского района — человек творческий

Духоўнае Мир увлечений Общество

“Адрэналіну зашмат не бывае”
Асоба Рамана Юматава з Обалі не зусім ардынарная. Ён –  творчая натура. У свой час пасля заканчэння Обальскай СШ па-ступіў на юрыдычны факультэт, толькі вось жыць па правілах, калі так можна сказаць, юнак не змог. Яму патрэбны быў пастаянны пошук, у нечым удасканальвацца, ён любіў свабоду.
“З юнацтва  прыйшла рок-музыка, – расказвае Раман. – Гадоў у чатырнаццаць вельмі захапіўся гуртом  “Queen”. Асабліва даспадобы была работа барабаншчыка гурту. Вось я ўзяў нейкія старыя каробкі і пачаў барабаніць…”  Неўзабаве знаёмыя знайшлі хлопцу і стары барабан. У хуткім часе апынуўся ў складзе обальскага рок-гурту “Окно”.  Тры гады работы з “Окном” зрабілі з самавучкі-барабаншчыка сапраўднага прафесіянала. Юматаў, маючы добры музычны слых і  адчуваючы рытм, дабаўляў з кожнай рэпетыцыяй.  А затым было першае выступленне. “Аддаеш сваю энергетыку слухачам, а табе ў адказ –  адрэналін, – дзеліцца Раман. – Вось гэта тое,  дзеля чаго і выступаюць артысты. Адрэналіну зашмат не бывае”. Тры гады ў “Окне” Р. Юматаў ўспамінае з асаблівай пяшчотай і цеплынёй, як сам кажа, без гэтага калектыву не было б сёння таго Юматава, якога ведаюць многія.
Адметным стаў  1997 год.  Хлопец становіцца ўдарнікам шумілінскага рок-гурту “Эксперымент-12”. Гэта быў ужо зусім іншы ўзровень. Патрэбен быў прафесіяналізм.  “Рамана заўважылі на фестывалі “Стракаты свет”, – успамінае лідар “Эксперыменту-12” Максім Крыгін.– Адразу падкупіла яго жаданне іграць, прычым рабіць гэта якасна.”  Шумілінскі рок-гурт стаў родным для Рамана, і сёння цяжка ўявіць Юматава без “Эсперыменту-12”, а “Эксперымент-12” без Юматава.
“Усе “эксперыментаўскія” песні блізкія па душы, – адзначае Раман. – Хаця ёсць тыя, якія я люблю больш. Напрыклад, у “Мужика”, “Ночи”, “Между небом и землёй” ёсць цудоўныя рытмічныя пераходы, дзе можна поўнасцю раскрыцца ўдарніку. А вось як слухачу больш даспадобы “На Литейном…”, “Свобода”.
Але ж Юматаў не быў бы Юматавым, калі б спыніўся толькі на адной групе. З 2000-х гадоў ён становіцца барабаншчыкам у віцебскіх “Небоскрёбах”, а зусім нядаўна – барабаншчыкам у кавер-бэндзе скрыпачоў “Дрынк-Сіці”. Яму даспадобы новыя праекты, нават розная музыка. Праўда, з адным Раман згадзіцца не можа – выступленне пад фанаграму. Толькі жывы гук, толькі жывы кантакт са слухачамі. І гэта прынцыповая пазіцыя музыканта. Гадоў 15 назад было першае і адзінае выступленне “пад фанеру”. Выканалі з сябрам песню “Любэ”. “Камбат”. Няма эмоцый, няма адрэналіну…
Сёння барабаншчыка Юматава называюць адным з лепшых на Віцебшчыне, музычныя крытыкі ставяць яго як мінімум у лік лепшых пяці Прыдзвіння. А сам Раман на гэта адказвае іранічна: “Мне ўжо дзяцей гадаваць трэба, а я ўсё ў рок-н-рол гуляю…”
*  *  *
Ёсць у Юматава і вопыт артыста. У мінулым годзе знакаміты расійскі рэжысёр Аляксандр Міта ў Віцебску здымаў стужку “Шагал-Малевіч”. На пробы прыйшоў  Раман і адразу трапіў у лік артыстаў. У стужцы Раман заняты ў трох эпізодах ён там камандзір чырвонаармейцаў і член растрэльнай брыгады. “Здымацца ў кіно, тым больш у Аляксандра Міты – гэта нешта неверагоднае, – успамінае Раман. – Робіцца ажно 20-30 дубляў. Трэба сыграць так, каб рэжысёр паверыў, а гэта не так проста”.
Раман прызнаецца, што  зняўся б у кіно яшчэ раз. Толькі няхай запросяць.
*  *  *
“Не магу жыць без адрэналіну, – усміхаецца Раман. – Рок-музыка, кіно – усё добра. Але ж хочацца новых адчуванняў”. І новы “адрэналін” Юматаў ужо выбраў: марыць скокнуць з парашутам. Толькі вось ці хопіць смеласці…
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *