Дровы будуць

Общество Экономика

Дровы будуць
Вось калі б можна было назапасіць сённяшняе цяпло наперад, на зіму. А нельга. На вуліцы 30 градусаў, абліваешся потам, шукаеш цянёк – самы час думаць пра халады, пра тое, чым і як будзеш грэцца, калі тэрмометр пакажа тыя ж 30, толькі са знакам “мінус”. Канешне, гэта не пра тых, каму ўсё роўна, адкуль бярэцца цяпло ў батарэях. Тым не менш высветліць, як  ідуць справы з нарыхтоўкай паліва ў раёне, ёсць рэзон: абмяркоўвалася гэтая тэма і на адной з планёрак у старшыні райвыканкама.
Зацішша на пляцоўках адгрузкі дроў канстатаваў дырэктар райпалізбыту У. М. Кійко: “Апошні тыдзень-паўтара чалавек па пяць за дзень абслугоўваем, а да гэтага – за дрывамі маглі ўсяго два кліенты на дзень завітаць”. Цёплую леташнюю зіму “абвінавачвае” ў такой сітуацыі Уладзімір Мікалаевіч: людзі зэканомілі, не патрацілі назапашаныя дровы і брыкет, таму і бурацца планы паліўзбыту. І калі рэалізацыю дроў прадпрыемству больш-менш удаецца весці на ўзроўні мінулага года, то з брыкетам праблемы – мінус 300 тон да леташняга.
Вядома, спецыялісты райпаліўзбыту не спяць у шапку. У іх ужо больш за пяць гадоў існуе электронная база: яны ведаюць кожнага свайго патэнцыяльнага кліента. Таму пастаянна абзвоньваюць іх, нагадваюць пра неабходнасць у час паклапаціцца пра халады. Дырэктар прадпрыемства не выключае такой сітуацыі, калі ў кастрычніку-лістападзе здарыцца ажыятаж, толькі тады ўжо людзям прыйдзецца чакаць сваёй чаргі на дровы. Так складваецца, што многія кліенты райпаліўзбыту з году ў год імкнуцца абвергнуць вядомую мудрасць “Рыхтуй сані летам, а калёсы – зімой” ці “Запас бяды не чыніць”.
У той жа час сёння на пляцоўцы прадпрыемства ў чаканні гаспадароў “адпачывае” 350 кубаметраў дроў. І пакуль яны там ляжаць, прадпрыемства не можа разлічыцца па рахунках з мясцовым лясгасам. Для спажыўцоў заўважым, што фіксаваны кошт паліва ў параўнанні з мінулым годам не змяніўся. А калі хто мае нейкія сумненні ў якасці дроў, то Уладзімір Мікалаевіч усіх запрашае прыйсці і паглядзець, што бяруць. Як у магазіне. Тады і прэтэнзій не будзе.
Райпаліўзбыт працуе ў асноўным з людзьмі, з прыватнымі заказчыкамі, прадпрыемствы і арганізацыі спажываюць толькі каля 5%  ад іх рэалізуемых аб’ёмаў. А мы пацікавіліся таксама, як ідзе назапашванне паліва ў некаторых арганізацыях.
Да прыкладу, галоўны ўрач райбальніцы К. Ф. Баканаў гаворыць, што з неабходных медыцыне 500 нарыхтавана ўжо 400 кубаметраў дроў. Пра нейкія праблемы з пастаўкамі ад лясгаса гаворыць у мінулым часе. Работа наладжана. У той жа час заяўляе, што самы на-дзейны яго пастаўшчык – прыватнае прадпрыемства “Кубаметр”, які ўжо даўно выканаў усе свае абавязацельствы (палова ад неабходных бальніцы аб’ёмаў). Гэта прадпрыемства забяспечвае дрывамі Мікалаеўскую ўчастковую бальніцу і бліжэйшыя ФАПы. Супрацоўніцтва з мікалаеўскім прадпрымальнікам Віталем Васёхам дазваляе эканоміць на транспартных выдатках, заўважае Канстанцін Фёдаравіч.
Гэтай жа логікай кіруецца і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А. Ф. Мацвяйчук. Культура наогул не супрацоўнічае з лясгасам: у яе свой пастаўшчык – таксама прадпрымальнік. Усяго для патрэб устаноў культуры трэба мець да ацяпляльнага сезона 500 кубаметраў дроў і 40 тон брыкету.
З неабходных 900 кубаметраў 500 кубаметраў дроў ужо нарыхтавала адукацыя, расказаў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч. Ніякіх праблем яны не бачаць, бо маюць уласны трактар і самі вывозяць паліва з лесу.
Вышэйапісанае дазваляе рабіць высновы, што нарыхтоўка паліва на зіму ў раёне ідзе спакойна. Усе, з кім удалося пагаварыць, сцвярджалі, што зімой будуць з дрывамі.
Наталля
ДАРОШЧАНКА.
Надрукавана ў №56 ад 25.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *