Спыніцца перад безданню

Актуалии Общество

Спыніцца перад безданню
Нядаўна адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якое вёў старшыня гэтай камісіі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў. Падаем чытачам некаторыя ўражанні ад пасяджэння.
А дзеці ў прытулку
Рэдка якое пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх абыходзіцца без выкліку абавязаных асоб.  Не выключэнне і гэтае пасяджэнне. На камісію былі выкліканы дзве маці, чые дзеткі знаходзяцца ў прытулку.
Першая жанчына спалохалася, што можа страціць дзетак. Поўнасцю змяніла лад свайго жыцця. У хаце навяла парадак, працуе без прагулаў. Адным словам, робіць усё, каб дзеткі вярнуліся дадому.
А вось другая жанчына – “перакаці-поле”. З працай не вызначылася, ды і з жыллём праблемы.
Падлетак і піва
Як правесці вольны час? Для многіх падлеткаў адказ на гэтае пытанне відавочны – возера, актыўны адпачынак. Але яшчэ даволі часта – і піва. Затрыманне непаўналетняга ў стане алкагольнага ап’янення, складанне пратаколу — усё вядзе да сур’ёзных праблем. Гэта павінны ўсведамляць і бацькі, і дзеці.
На пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх былі выкліканы двое хлопцаў з бацькамі. Летнім днём адзін з іх з’ездзіў у райцэнтр за півам, а затым  пайшлі на возера.  Абодва непаўналетнія  – неблагія хлопцы, някепска вучацца. Абяцалі больш не паўтараць такіх памылак.
“Начны” адпачынак
Непаўналетнія з 23.00 на вуліцы могуць знаходзіцца толькі з дарослымі. Толькі вось пра гэтае патрабаванне некаторыя забываюць. Так, непаўналетні жыхар аднаго з аграгарадкоў нашага раёна быў дастаўлены дадому работнікамі міліцыі ў 23.30. Таму і прыйшлося  і хлопцу, і маці чырванець на камісіі. І папярэджанне для іх будзе добрым урокам.
Ляпнуць дзвярыма
Шаснаццацігадовая дзяўчына вучыцца ў адным з віцебскіх каледжаў, жыве ў інтэрнаце. Адміністрацыя ўстановы справіцца з ёй не можа. Дзяўчына і выпіць любіць, і пакурыць, і ноччу позна заявіцца ў інтэрнат, і з вучобай праблем хапае. Вось і накіравала кіраўніцтва каледжа ліст у камісію па справах непаўналетніх, каб дапамаглі.
Дзяўчына прыйшла на камісію з маці. Але ж нармальнай размовы не атрымалася: калі яе паспрабавалі пасароміць, ляпнула дзвярыма і выбегла з кабінета.
Маці прызналася, што адна ўжо не можа даць рады з дачкой. Час выхавання, мякка кажучы, ужо ўпушчаны і зараз неабходна шукаць новыя падыходы, каб дзяўчына не скацілася ў бездань…
Юны вадзіцель — парушальнік
Быў разгледжаны пратакол, скла-дзены на непаўналетняга за язду на скутары без вадзіцельскага пасведчання і за іншыя парушэнні.
Так, непаўналетні П. з Полькавічаў ехаў на скутары без моташлема і вадзіцельскага пасведчання да дзяўчыны ў Бешанковічы, дзе і быў затрыманы работнікамі міліцыі.
”Мабільныя” злодзеі
Дзяўчыну выклікалі на камісію з-за яе “спрытнасці” з мабільным тэлефонам. Яе маці знайшла мабільнік, вяртаць гаспадару не збіралася. Як расказала дзяўчына, маці планавала выкінуць сімку і далей тэлефонам карыстацца сама. Толькі вось дзяўчына напачатку вырашыла “перакінуць” грошы  на свой тэлефон. Дзве базавыя велічыні – кошт ўчынку.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №57 ад 29.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *