Медики советуют, как переносить жару

Безопасность Здоровье

Як перанесці летнюю спёку?
Мы заўсёды з нецярпеннем чакаем лета: сезона садавіны, гародніны, сонца, магчымасці адпачыць каля вады. Але калі слупок тэрмометра зашкальвае за 30 градусаў, а надвор’е бязветранае і бязвоблачнае, кожны спрабуе змагацца са спякотай. Існуюць вызначаныя правілы выжывання пры такой анамальнай спёцы.
Вопратка павінна быць толькі з натуральных тканін светлых тонаў і свабоднага крою. Ніжняя бялізна таксама павінна быць баваўнянай. Галаву трэба пакрываць галаўным уборам. Абутак адкрыты і лепш з натуральнай скуры.
Дзецям, людзям, якія пакутуюць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, пажылым людзям лепш знаходзіцца на вуліцы да 12.00 або пасля 17.00.
Калі ваша працоўная дзейнасць праходзіць на адкрытым паветры, то спецыяльная вопратка павінна быць таксама з натуральнай тканіны. Па ўзгадненні з адміністрацыяй прадпрыемства магчымы перанос пачатку працоўнага дня на больш раннія гадзіны. Пры сабе трэба мець невялікую ёмістасць з вадой.
Лепш за ўсё дапаможа прагнаць смагу і вярнуць страчаную вадкасць арганізмам цёплы кіславаты напітак (квас, кампот, морс, зялёны чай і мінеральная вада без газу).
У спякотныя дні неабходна больш піць, бо наш арганізм страчвае шмат вадкасці. І калі ў норме арганізму дастаткова 1-1,5 літра вадкасці ў суткі, то ў спякоту можна выпіваць да 3-х літраў.
Ведайце і памятайце: халодныя напіткі не праганяюць смагу!!! Знізіць тэмпературу тулава можна, калі мокрай анучай працерці скуру ў локцевых згібах, падкаленных ямках і на бакавой паверхні шыі – там прахо-дзяць буйныя крывяносныя сасуды, і іх ахалоджванне прынясе вам палёгку.
Калі ў вас праблемы са здароўем, то трэба мець з сабой усе неабходныя лекавыя прэпараты і сродкі экстраннай сувязі (мабільны тэлефон).
У кватэры выратаваннем ад спякоты могуць стаць шчыльныя шторы на вокнах, жалюзі, змочаныя вадой і развешаныя па кватэры махровыя ручнікі, вялікія міскі з вадой і кавалкамі лёду з халадзільніка, частыя праціранні падлогі халоднай вадой. Перыядычна прымайце душ або ванну з амаль цёплай вадой. Скразныя праветрыванні непажаданы, паколькі можна хутка захварэць.
Калі ў вас з’явіліся слабасць, млоснасць, сэрцабіцце, узмоцненая патлівасць, цьмянасць свядомасці, неабходна тэрмінова звярнуцца да ўрача.
За апошнія выхадныя брыгада хуткай дапамогі ЦРБ двойчы выязджала на месцы адпачынку ў в. Язвіна і а.-г. Амбросавічы для аказання хуткай дапамогі ад цеплавога ўдару і страты прытомнасці.
І. ГЛАЗУНОВА, фельчар-валеолаг Шумілінскай ЦРБ.
Надрукавана  ў  №58  ад 01.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *