Хто на пляжы гаспадар?

Здоровье Общество Экология

Хто на пляжы гаспадар?
Пляж у Лескавічах, трэба сказаць шчыра, не бачыў даўно. Неяк не выпадала прыехаць сюды да спёкі, бо ён не пад рукой. Словам, быў тут, на азёрным плёсе даўно, гадоў, можа, пяць назад. І вось прапанавалі з’ездзіць, і я рашыўся скупаць свае “мошчы” ў чыстай азёрнай вадзе.
Было гэта ў нядзелю, 27 лютага. Дзень каціўся да схілу, людзей было не столькі, як было полуднем (казалі, не было дзе ўпасці яблыку), і я з горыччу заўважыў, што засталася на пляжы ўсё тая ж здзічэласць, нядбайнасць і закінутасць. Словам, і тады, гадоў пяць таму, і зараз у пляжа быў адзін гаспадар – неахайнасць. Нехта скасабочана паставіў перапранальні, нехта не зладзіў туалет, а хтосьці завёз машыны тры пяску, але ён сіратліва ляжаў на аўтастаянцы, наверсе, перад спускам да возера.  Пяску для дзяцей на пляжы яўна не ставала (усю плошчу пад пяском захапілі валейбалісты, якія “рэзаліся” ля абдзёртага шнура ад сеткі). “Якое ўбоства?!” – жахнулася неяк само сабой.
Чую, як побач заныла дзіця, нахілілася да вуха матулі і нешта просіць. Тая без усякіх хітрыкаў і кажа: “Ідзі ў кусты. Што, няма дзе?..” Дзіця пабегла ў кусты, і я зразумеў, пра што ішла гаворка. Так, туалета ні на пляжы, ні на аўтастаянцы не было. Ад таго, што было ў мінулагоднім сезоне, застаўся ўтравелы падмурак, побач з кантэйнерам, забітым смеццем, якое павінна прыбіраць камунальная служба (на здымку).
Зазірнуў на пляж і раніцой у сераду, 30 ліпеня. Было 8.50. У возеры заспелі двух плыўцоў. Жанчына прыехала з Калінінграда, у гасцях. Вада ў возеры клас, прызналася яна, а вось  пляж не вытрымлівае ніякай крытыкі.
Мне стала сорамна за тых,  хто ў адказе за пляж. Хто ж гэты “гаспадар”? Узнімаемся на гару і сустракаем чалавека, які спускаецца з парожнім мяшком. “Вы за смеццем?” – пытаемся ў яго. –“Ага”. – “Адкуль вы?” – “З лясгасу”. Трактарыст, мусіць, не ведаў, што давядзецца ў тую раніцу яму вынесці да трактара не адзін мяшок, а, можа, мяшкоў, дзесяць з пэт-бутэлькамі (іх на пляжы пасля адпачынку мора). “А пясок калі звезяце ўніз?”  –“А гэта пытанне да майго начальства”.
Пясок патрэбен на пляжы не праз месяц, а сёння і зараз. Бо ў жніўні,  калі адступіць спёка, пясок можа застацца і да наступнага пляжнага сезона, пакуль не парасце травой.
“А гаспадар тут хіба ёсць?!” – падумалася сумна і безнадзейна…
Мікалай БАРЫСАЎ.
Надрукавана  ў  №58  ад 01.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *