В Шумилинской районной организации ОО «Белорусское общество инвалидов» живет дух единства и несгибаемой надежды

Актуалии Духоўнае Край шумілінскі Общество

Песні ў граніце
30 ліпеня ў кафэ “Фартуна” члены раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” сабраліся на тэматычную сустрэчу “Рэха мінулай вайны”. Мерапрыемства ладзілася з нагоды 70-годдзя  вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і было прысвечана ваеннай песні – песні ў граніце.
Ну, хто з нас не ведае “Катюшу”, “День Победы”, “Священную войну”, хто не падпявае, у каго не бягуць мурашкі па спіне? І няважна, што мы, сучаснікі, ведаем пра вайну толькі па кнігах, фільмах, расказах дзядуль і бабуль.
І ўдзельнікі свята шмат спявалі, не па сцэнарыю – ад душы дарылі песні адзін аднаму. Яны наогул такое вельмі любяць, становяцца яшчэ больш шчаслівымі. Праўда, у гэты дзень у вачах многіх стаялі слёзы, але свята тым не менш атрымалася па-сапраўднаму жыццесцвярджальным і аптымістычным.
Асаблівая ўвага была ў адрас малалетніх вязняў, членаў сем’яў загінуўшых, работнікаў тылу. “Ніхто ніколі не знойдзе слоў, каб апісаць усё тое, што прыйшлося вам перажыць, – гаварыў іерэй Вадзім, –  Я хачу схіліцца перад вашай мужнасцю, вашай вытрымкай і цярпеннем. Вы выжылі, калі вакол былі ворагі, калі не хапала ежы, не было побач блізкіх”. Слова ўзялі і самі ўдзельнікі тых падзей. Малалетнія вязні М. А. Кавалёва, А. В. Пальвінская, Д. М. Нікіфарава дзяліліся ўспамінамі, у  іх вайна ўкрала дзяцінства, пакінуўшы на ўсё жыццё адчуванне страху за сваю сям’ю, за мір, за свабоду.
Ад імя раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” з добрымі словамі і падарункамі выступіла старшыня арганізацыі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. Г. Навіцкая.
У гэтага свецкага мерапрыемства была і другая частка, калі віншавалі юбіляраў, уручалі дыпломы ўдзельнікам “Славянскага базару”, пілі чай і дзяліліся добрымі навінамі. Старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Л. М. Нагібава жадала ўсім здароўя, дзякавала за дапамогу і падтрымку ва ўсіх пачынаннях.
Варта заўважыць, што ў гэты дзень кафэ было запоўнена “пад завязку”: з усіх куткоў раёна сабралася каля 80 чалавек. Нягледзячы на спёку, адлегласць, на праблемы са здароўем. А Алена Сяргееўна Трафімава, да прыкладу, прыехала на свята з Віцебска. Жанчына нядаўна памяняла навікоўскую прапіску на віцебскую, але не страціла сувязі з шумілінскімі сябрамі. Кажа, што ў Віцебскім раёне няма такой моцнай арганізацыі, не праводзяцца мерапрыемствы, а тут – заўжды цікава, тут яе чакаюць.
Што тут можна дабавіць? Можна толькі радавацца за гэтых людзей, ну, і вядома, браць за прыклад іх жыццёвую пазіцыю.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *