В Шумилинском районе хлеб помогают убирать шефы

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Дапамагаем убіраць хлеб”
Як і кожны год, сёлета на падмогу ва ўборцы ўраджаю прыехалі памочнікі з іншых прадпрыемстваў і арганізацый раёна і вобласці.
Задаволены сваімі шэфамі і іхняй работай у ААТ “Лаўжанскае”: з камунгасу аператарамі сушыльных установак тут працуюць тры чалавекі, з лясгасу – два. Добра працуе механізатар з ОКЗ. Вельмі дарэчы перад жнівом была падмога з віцебскага прадпрыемства “Гарант” – гаспадарцы выдзелілі матэрыяльную дапамогу на набыццё запчастак.  З “Віцебскрыбы” абяцалі прывезці для сталоўкі бясплатна рыбу.
“А да нас з прадпрыемства меліярацыйных сістэм прыехаў на падмогу МАЗ, – расказаў дырэктар ААТ “АграБаравінка” В. С. Селязнёў. –  Механізатар аддзела адукацыі сеў за штурвал камбайна. Віцебскі “Другасчэрмет” выдзеліў ГАЗ-53 на развозку абедаў”.
Свае памочнікі ў КУСГП “Мішневічы” – каторы год запар сюды прыязджае аўтамабіль для развозкі абедаў з “Віцебскаблпошты”. Вадзіцелі мяняюцца, але многія з іх ужо не першы сезон у Мішневічах, працавалі падчас пасяўной.
З віцебскага мантажнага ўпраўлення “Прафтэхмантаж” у “Прыдзвінскі” прыехаў зваршчык, а “Віцебскі хладакамбінат “ выдзеліў машыну.
Як расказаў кіраўнік СФГ “Раднік” Ю. В. Сямёнаў, у гаспадарцы добрыя памочнікі на зернесушылцы: па два чалавекі з камунгасу  і прадпрыемства меліярацыйных сістэм, адзін – з лясгасу. Акрамя гэтага, з ПМС падчас уборачнай працуе зваршчык.
Ёсць свае шэфы і ў “Ульскім”. На мінулым тыдні мы засталі на палетках вадзі-целяў з ОКЗ Аляксандра Сцепаненку і Дзмітрыя Шандова. “Дапамагаем убіраць хлеб”, – кажуць яны. Аляксандр Сцепаненка працуе на палетках трэці жніўны сезон запар, Дзмітрый Шандоў – другі. За адзін рэйс мужчыны перавозяць па шэсць тон зерня. А за дзень робяць па 11-13 рэйсаў. “І сваіх механізатараў, і ўсіх нашых памочнікаў мы кормім на полі абедамі, – кажа в. а. дырэктара КУСГП “Ульскі” В. У. Лабейка. – Шэфаў стараемся не крыўдзіць: мяркуем таксама вылічваць толькі 20% кошту за абеды. Няхай гэта будзе своеасаблівым бонусам і ўдзячнасцю за добрую работу”. У дыспетчарскай Обальскага керамічнага завода нам расказалі, што А. Сцепаненка і Д. Шандоў – не адзіныя памочнікі на жніве. Нядаўна ў СФГ “Раднік” накіравалі на адвозку зерня МАЗ. А на днях за дапамогай звярнуліся з “Прыдзвінскага” – туды таксама з завода  накіруюць тэхніку.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *