“Драбяза”, ад якой, між тым, людзям баліць

Актуалии Общество Президент

“Драбяза”, ад якой, між тым, людзям баліць
Пытанні па-ранейшаму з перавагай жыллёва-камунальнага характару. Двое жыльцоў Шуміліна заклапочаны тым, што на парозе дажджы і восень, а дахі шматпавярховых дамоў, дзе яны жывуць, працякаюць. Старшыня райвыканкама звязаўся па мабільным тэлефоне з дырэктарам  УП ЖКГ І. К. Штуро і паставіў канкрэтныя задачы.
Вуліца Ударная ў Шуміліне. Тут на працягу кіламетра, як засведчыў адзін з наведвальнікаў, усяго тры вулічныя ліхтары, разбітая дарога. Па святлу дадзена даручэнне кіраўніку РЭС (там трэба ставіць дадаткова апору), даручэнне атрымалі кіраўнікі зацікаўленых прадпрыемстваў і па дарозе. У  Шуміліне вядзецца ўкладка шчэбенем вуліц, хутчэй за ўсё,  шчэбеню хопіць і на вуліцу  Ударную.
Пра пчол у вёсцы Цаўі Лаўжанскага сельсавета, пра тое, што іх усяляк стараецца патруціць ядахімікатамі мясцовая гаспадарка, пытанні задаюцца не першы раз. Пчаляр хоча, каб прыехала да яго раённая камісія і  расследавала б інцыдэнт. Тым не менш чалавеку не раз даводзяць, каб той звяртаўся з фактамі патравы ў міліцыю, прыцягваў да разгляду справы работнікаў сельсавета, аграномаў.
Зноў пра дарогі, пра тое, што чалавеку баліць, калі ні прайсці па дарозе, ні праехаць. Як вось па вуліцы Заводскай у мястэчку Обаль. Колькі той вуліцы – метраў дзвесце, а жанчына, якая прыйшла на прыём да кіраўніка раёна, з трывогай чакае асенняй бездаражы, у час якой па раскіслай дарозе пойдуць у школу яе дзеткі. А яшчэ – побач з катэджамі (а тут чатыры асабнякі), па дарозе ніводнай лямпачкі на вуліцы. Жанчына – прыёмная маці, ёй вельмі баліць, таму і прыйшла на прыём.
А вось у вёсцы Ілава (Мікалаёўскі сельсавет) дарогу разбіваюць будаўнікі, якія ўзводзяць на Заходняй Дзвіне ГЭС. У іх цяжкая тэхніка, якая не шкадуе добра-такі ўкатаную гравійку. Аб гэтым расказаў У. П. Куранному па тэлефоне адзін з жыхароў вёскі і параіў звярнуцца да генеральнага падрадчыка аб’екта з тым, каб мелі на ўвазе рамонт сапсаваных дарог.
Падобныя просьбы гучалі і раней, калі будаўнікі працавалі ў раёне вёскі Надзежына. У падрадчыкаў, відаць, такая завядзёнка: закончылі кавалак аб’екта і ўзяліся за рамонт знявечаных дарог.
Не абышлося без званка па якасці ці недахопу вады.  Адзін з жыльцоў па вуліцы Суворава скардзіўся: вада з крана пахне лекамі. Скарга паўторная, раней чалавеку давалі адказ з ДУ “Шумілінскі РЦГЭ“ (спецыялісты Цэнтра  бралі на аналіз ваду). Тады скарга не пацвердзілася. Галоўурач установы С. А. Конышаў абяцаў узяць на аналіз ваду паўторна.
І нарэшце – праблема пажылых людзей. З адной скаргай жанчына з в. Добрына прыйшла не па адрасе (ёй трэба заручыцца дакументам аб стане здароўя блізкага ёй чалавека), па другой – ветэран вайны, якая хоча “абмяняць” сацыяльны ложак у Ждановічах, пад Мінскам, дзе знаходзяцца састарэлыя ветэраны вайны, на сацыяльную кватэру ў Шуміліне. Разгляд апошняй заявы зойме нейкі час з тым, каб усё было зроблена па законе.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №62 ад 15.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *