Куда поступили выпускники школ Шумилинского района?

Актуалии Молодёжь Образование

Вучыся, студэнт!
Жнівень. Сталі канчаткова вядомы вынікі паступлення нашых сёлетніх выпускнікоў сярэдніх школ на вочную форму навучання ў ВНУ. Наколькі паспяховым быў выпуск, якія ВНУ “штурмавалі” яны?
Як паведамілі ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, сёлетні паказчык паступленняў у вышэйшыя навучальныя ўстановы крыху ніжэйшы за мінулагодні – 44,9% (у 2013 г. – 47,7%). 53 юнакам і дзяўчатам са 118 пашчасціла стаць студэнтамі.
“Самы высокі вынік паказала раённая гімназія, – кажа в. а. начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму В. М. Саковіч. – Між іншым, як і чакалася: установа апраўдвае сваю назву і прызначэнне. У іх з 14 выпускнікоў у ВНУ паступіла 13 чалавек, прычым, шасцёра – у сталічныя.”
Асаблівы гонар гімназіі – залатая медалістка Наталля Пятрова – паступіла ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на інжынерна-тэхналагічны факультэт, будзе займацца праектаваннем і эксплуатацыяй газанафтаправодаў.
Пяць з сямі выпускнікоў Мікіціхінскай СШ паступілі ў ВНУ краіны. Таксама адзін з самых высокіх раённых паказчыкаў.
50%-е паступленне прадэманстравалі выпускнікі дзвюх школ раёна – Шумілінскай СШ №1 (20 з 40 чалавек) і Кардонскай д/с-СШ (6 з 12).
Дзіяна Байдакова, залатая медалістка з СШ №1, стала студэнткай БДУІР і будзе вучыцца на праграміста-лагіста. Як і марыла.
Астатнія сярэднія школы выглядаюць наступным чынам: Башнёўская СШ – трое з васьмі сталі студэнтамі ВНУ, Шумілінская СШ №2 – двое з васьмі, Обальская СШ – трое з дванаццаці, Слабадская д/с-СШ – адзін з шасці. У дзвюх школах – Амбросавіцкай д/с-СШ (6 выпускнікоў) і Мішневіцкай (5 выпускнікоў)  – паступіўшых у ВНУ сёлета няма.
Куды адправіцца на вучобу наша моладзь? 10 выпускнікоў возьмуць курс на сталіцу – горад Мінск, 29 чалавек абралі сабе вышэйшую навучальную ўстанову, як кажуць, пад бокам, бліжэй да дома, і будуць вучыцца ў Віцебску, 8 выпускнікоў паедуць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. На геаграфічнай карце паступленняў у ВНУ ёсць Гродна, Магілёў, Горкі.
Самы буйны і славуты ўніверсітэт краіны – БДУ – залічыў да сябе студэнтамі дваіх выпускнікоў з гімназіі, не менш прэстыжны БДУІР – таксама дваіх, з гімназіі і СШ №1. І, канешне, самым папулярным сярод выпускнікоў стаў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава – ажно 14 хлопцаў і дзяўчат будуць грызці граніт навукі тут.
А вось падлічваць, колькі выпускнікоў паступіла на бюджэт, а колькі на платную форму навучання, мы не будзем. Якая розніца (хаця для бацькоў розніца вельмі адчувальная), галоўнае, каб было жаданне вучыцца і стаць – у самым шырокім сэнсе слова – адукаваным спецыялістам.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №64 ад 22.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *