Кома…алкогольная!

Здоровье Общество

Яму – 20. А 21 год мог і не споўніцца…
Выпадак з маладым хлопцам, якога днямі амаль без прыкмет жыцця прывезла ў рэанімацыю цэнтральнай раённай бальніцы машына хуткай дапамогі, уразіў.
“Глыбокая кома, моцнае агульнае пераахаладжэнне, чэрапна-мазгавая траўма і ніякай рэакцыі на раздражняльнікі – такі стан бывае толькі на грані жыцця і смерці”, – расказала загадчыца рэанімацыйнага аддзялення бальніцы Вольга Леанідаўна Барадзіна.
Далейшую інфармацыю лепш перадаць на мове ваенных: на выратаванне маладога чалавека былі кінуты ўсе сілы медыцыны. Імгненна ў рэанімацыі сабраліся спецыялісты: хірург, неўролаг, рэаніматолаг, былі праведзены лабараторныя і рэнтгенаграфічныя даследаванні. Выклікалі санітарную авіяцыю: спатрэбілася кансультацыя нейрахірурга з вобласці.
Шумілінскія ўрачы зрабілі ўсё, і нават болей таго, што ад іх залежала. Дзякуючы іх прафесійнай аператыўнай дапамозе, хлопец выжыў. Наперадзе дарагое лячэнне, даследаванне на тамографы, кантроль за лабараторнымі аналізамі.
Здаецца, толькі парадавацца за хлопца і нашу медыцыну. Але, калі ўнікаеш у падрабязнасці гісторыі, становіцца і горка, і сумна, і няёмка за ўсё, што з асобнай часткай моладзі творыцца апошнім часам. Медыкі аднагалосна пацвердзілі сваё заключэнне: не разбітая галава, а гарэлка давяла маладога чалавека да глыбокай комы. Як атрымаў траўму, чаму ляжаў на вуліцы – высвятляе міліцыя.
Безумоўна, у жыцці ўсякага бывае. Але не паддаецца тлумачэнню пытанне: што кіруе маладымі людзьмі, якія ў прамым сэнсе заліваюцца спіртным? І ці ёсць такая нагода напіцца гарэлкі, каб арганізм адмовіўся жыць?!
Таццяна РАСТОЎСКАЯ.
Надрукавана ў №95 ад 7.12.2010 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *