Гандляры і сарамліўцы

Общество Экономика

Гандляры і сарамліўцы
Гандаль – рамяство даўняе.  Чамусьці купцы ўяўляюцца нам тоўстымі і сытымі. Як у фільмах. Такі стэрэатып. І яго нічым, напэўна, не вынішчыць у нашай свядомасці.
Гэты стэрэатып шкодны. І не толькі таму, што ён у корані няправільны, а і яшчэ – ён зрабіў, па ўсім відаць, свой адмоўны ўплыў на характар і стыль жыцця некалькіх пакаленняў нашых людзей. Купец, гандляр, можа, з часоў НЭПа стаў ледзь не лаянкавым словам, а пасля наогул атаясамліваўся з чалавекам, які несумленна ўзбагачаецца, нячысты на руку, махляр і прайдзісвет. Гэты стэрэатып крыху памяняўся з прыходам прадпрымальніцтва. Памяняўся, але не дарос да той адзнакі, калі чалавеку гандляваць таварам (сваім ці набытым за свае грошы) – і не сорамна, і не ў цяжар, і не ходзіць за ім “слава” рвача і куркуля.
Якраз ходзіць. Як цень. Гэта цень адтуль, з пары купецтва. І ён знікне не скора. Еду на рынак, каб купіць сабе абнову. Гандлёвыя рады, рады, рады… Побач з жанчынамі стаяць і мужчыны. Іх безліч, палатак, ралетаў, іх процьма, і ўсе гандлююць. Выбіраю летнія штаны, кашулю і чую побач: “Колькі кашуля?” Я адказваю. “Ну і рвачы. Хочуць на нас нажыцца. А ці ведаюць яны, якія ў нас зарплаты?! Гэта ж трэба – 150 тысяч за кашулю?! А што ў ёй, метр тканіны, і то не нашай, а кітайскай. У-у, напладзілася гэтых купі-прадай!…”.
Я, нібы пад гіпнозам, падаю назад кашулю, іду па радах. Выбіраю. Такія ж кашулі, ёсць таннейшыя, але горшыя і па фасоне, і па якасці. Нарэшце спыняюся ля аднаго ралета, і злева чую: “Колькі яна? Ай-яй-яй! Гэта ж трэба…”. Не, усё-такі гэтая жанчына мяне не загіпназавала.
Заходжу на свой, местачковы рынак. Тут адны жанчыны. Гандлююць і тым, што вырасцілі, і тым, што прадаюць, бо самой непатрэбна. Стаяць слоікі з мёдам, пакецікі з яйкамі, ля ног набіты мяшок з гарохавымі і бабовымі струкамі (аказваецца, і гэта можна прадаваць), побач жанчына прадае кветкі. Розныя –  гладыёлусы і астры, яшчэ нейкія, прыгожыя і мясістыя. І твары гэтых кабет адны і тыя ж. Чалавек дзесяць, новага прыплыву гандляроў няма. Нібы не пускае іх сюды гэтая “эліта”.
Ведаю нямала жанчын, якія ніяк не адважацца прыйсці на рынак, а можа, праўда іх не пускаюць, баяцца канкурэнцыі. Не, ім сорамна, яны  не могуць перамагчы ў сабе гэтае прыкрае пачуццё. Яны ўмеюць вырасціць, але прадаваць не ўмеюць. Ніхто іх не вучыў. Помню пару, калі везлі ў Маскву на продаж малако, тварог, смятану ад сваёй, як кажуць, кароўкі. Прыехалі такія на рынак, а гандаль не ідзе: стаяць моўчкі, глядзяць, як віруе Масква. Ніхто дамашні тваражок не бярэ.  І калі б не знайшоўся аптовы купец (купіў па заніжаных цэнах), хто ведае, можа, давялося б везці цяжкія сумкі назад або аддаваць людзям бясплатна.
Тое ж і з кветкамі. Прадаюць іх, каб мець прыварак да пенсіі, да зарплаты. Але – праклятае пачуццё сораму. Як яго перамагчы? А можа, шкада ўсё ж часу: выстаіш дзень, а заробіш, як той Заблоцкі на мыле. Ёсць і яшчэ адна прычына не ісці з таварам на рынак. У размове адна жанчына прызналася: “Існуе нейкі закон  подласці. Да цябе прыходзяць, каб бясплатна папрасіць кветкі, на вяселле там ці на юбілей, а суседцы даюць за кветкі грошы. Пакупнік, мусіць, адчувае маю сарамлівасць, можа, і дабрату. Хіба будзеш за прыгажосць, якую дорыш людзям, браць грошы?..”.
Не, што ні кажыце, а гандаль – старажытнае рамяство. Са сваімі хітрыкамі і выдумкамі, сакрэтамі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *