На заседании президиума Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Президент Экономика

Каб грошы не праляталі міма
На пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райсавета І. М. Новікавай, былі разгледжаны тры важныя для раёна пытанні.
“Аб развіцці прыдарожнага сэрвісу на тэрыторыі раёна і мерах, якія прымаюцца па ўдасканаленні прыдарожнай інфраструктуры” – менавіта так гучала першая тэма. Як заўважыла І. М. Новікава, пытанне актуальнае для Шумілінскага раёна тым, што праз усю тэрыторыю праходзяць некалькі дарог рэспубліканскага значэння. Маніторынг ДАІ паказаў, што кожны дзень толькі па дарозе Р-20 праязджаюць да 10 тысяч аўтамашын, а гэта патэнцыяльныя кліенты магазінаў, кафэ, аўтазаправак, гасцініц, аўтасэрвісаў, якія маглі б пакідаць грошы ў нашым раёне пры ўмове прадстаўлення ім адпаведных паслуг.
Для развіцця прыдарожнага сэрвісу створана моцная нарматыўна-прававая база, аснову якой складаюць праграма “Дарогі Беларусі” на 2006-2015 гады, Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 мая 2008 года №270 “Аб мерах па развіцці прыдарожнага сэрвісу”, пастановы Савета Міністраў Беларусі і Віцебскага аблвыканкама. Для развіцця паслуг уздоўж дарог створаны ўсе ўмовы, задача – знайсці інвестараў, якія пачалі б укладваць грошы ў канкрэтныя праекты, адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў.
У сваім дакладзе галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Г. Т. Калыхан расказала, што створаныя прыдарожныя аб’екты: комплекс “Метан”, кафэ “Караван”, магазін “Юбілейны”, АЗС – працуюць паспяхова. Але далёка не ўсе выкарыстоўваюць магчымасці прыдарожнага сэрвісу: ніяк не наладзіцца работа кафетэрыя “Юбілейны”, адсутнічаюць запатрабаваныя паслугі ў кафэ “Віраж” (Язвіна), марудна вядзецца ўзвядзенне аб’ектаў аўтасэрвісу, гасцініцы, адсутнічаюць аўтастаянкі для вялікагрузнага транспарту, патрэбны яшчэ АЗС у Шуміліне і Обалі. У планах узвядзенне ля дарогі Р-20 у райцэнтры буйнога гандлёвага цэнтра тыпу “Еўраапт”.  У якасці прычын такой сітуацыі спецыяліст назвала складаны працэс афармлення прадпрыемства, выдзялення зямельнага ўчастка, афармлення праектнай дакументацыі, узгаднення з рознымі службамі, санітарныя патрабаванні.
Абмеркаванне прайшло актыўна, можна казаць востра. Сапраўды, пры наяўнасці прыкладаў эфектыўнай работы крыўдна, калі мільярды, якія б маглі застацца ў раёне і працаваць на карысць жыхароў Шуміліншчыны, пралятаюць міма. У ходзе абмеркавання ўзнікла пытанне аб тым, як прыцягнуць увагу праязджаючых да турыстычнага патэнцыялу раёна.
У прынятым рашэнні акрамя актывізацыі работы па ўдасканаленні работы існуючай прыдарожнай інфраструктуры, будаўніцтву новых гандлёвых і сэрвісных аб’ектаў адзначана і неабходнасць прапаганды турыстычнага патэнцыялу Шумілінскага раёна праз сувенірную прадукцыю, інфармацыйныя буклеты, лістоўкі, якія павінна быць ва ўсіх аб’ектах прыдарожнага сэрвісу. Трэба зрабіць, каб чалавек, які едзе транзітам, зацікавіўся нашым раёнам, каб у яго з’явілася жаданне затрымацца ці вярнуцца яшчэ раз.
Абмеркаванне работы па добраўпарадкаванні ў Сіроцінскім сельсавеце прайшло ў рэжыме дыялогу старшыні райсавета І. М. Новікавай са старшынёй сельсавета С. У. Каржуевым. У сельсавеце праводзіцца работа па навядзенні парадку, тут ёсць узорныя сядзібы, прыкладнай можна назваць тэрыторыю Слабадской д/с-СШ, Слабадскога і Сіроцінскага ФАПаў, шмат робіцца на вытворчых аб’ектах (“Вітконпрадукт”). Але ёсць і адваротныя прыклады. Аб’ектыўна гучала крытыка па стану калодзежаў, слаба вядзецца работа па навядзенні парадку ля закінутых дамоў. Старшыня сельсавета прызнаваў, што толькі адзінкі падтрымліваюць парадак ля сядзіб пастаянна, большасці прыходзіцца нагадваць па некалькі разоў, каб абкасілі сваю тэрыторыю, прыбралі ля падворкаў. “Тады, чаму да іх не прымаюцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння?” – пыталася Ірына Мікалаеўна.
У прынятым рашэнні адзначана пэўная работа, якая вядзецца ў сельсавеце, але звернута ўвага кіраўнікоў усіх сельвыканкамаў на неабходнасць актывізацыі работы па навядзенні парадку ў сельскіх населеных пунктах, на індывідуальны падыход да кожнага вяскоўца ў справе добраўпарадкавання.
З дакладам “Аб ходзе выканання пастановы прэзідыуму Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў ад 15.04.2013 года №103 “Аб стане супрацьпажарнай бяспекі ў жылым сектары і на тэрыторыі раёна” выступіў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч. У бягучым годзе ў раёне адбылося 14 пажараў, у агні загінуў 1 чалавек (у параўнанні з мінулым годам колькасць пажараў зменшылася на 4, гібель людзей менш на 1), шкода ад агню склала 112 мільёнаў рублёў. Складаная сітуацыя ў Мішневіцкім сельсавеце, дзе адбылося 6 пажараў (у мінулым годзе -2), у тым ліку загінуў чалавек.
Галоўнай прычынай пажараў з’яўляецца чалавечы фактар, але ёсць і значныя недахопы аб’ектыўнага характару.  Маніторынг паказаў, што ў гандлёвай сетцы часта адсутнічаюць аўтаматычныя пажарныя апавяшчальнікі, элементы сілкавання да іх, няма пячнога ліцця, сухой гліны, пячной цэглы, а без гэтага як адрамантаваць печ, як папярэдзіць пра небяспеку.
Не абсталяваны і не падключаны да пульта МНС аб’екты з масавым знаходжаннем людзей (Шумілінскі РЦК, Башнеўскі СК). Адзначана адсутнасць сістэмнай работы па супрацьпажарнай прафілактыцы ў жылым сектары і на вытворчых аб’ектах. У рабоце прысутнічае фармалізм, некампетэнтнасць адказных асоб. Дакладчык адзначыў і неабходнасць стварэння дабраахвотных пажарных каманд, базамі для якіх прызначаны мехдвары Крывое Сяло ААТ “Прыздзвінскі” і Маркава ААТ “Прыазёрны мір”.
Супрацьпажарная прафілактыка – гэта, у першую чаргу, выратаваныя жыцці нашых людзей. У прынятай пастанове адзначана праведзеная работа ў раёне па супрацьпажарнай бяспецы. Разам з тым названы і недахопы ў рабоце, прызначаны адказныя асобы і ўстаноўлены тэрміны па ліквідацыі недапрацовак у прафілактыцы пажараў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў № 67 ад 02.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *