Подворный обход в Сиротинском сельсовете Шумилинского района

Официально Сельское хозяйство

“Парадак трэба наводзіць кожны дзень”
У аўторак адбылося падвядзенне вынікаў падворнага абходу ў Сіроцінскім сельсавеце. Зранку старшыня райвыканкама У. П. Куранны і ягоны намеснік В. В. Доктараў правялі прыём грамадзян у Сіроціне і Слабадзе, а затым адбыўся аб’езд па сацыяльных і вытворчых аб’ектах сельсавета.
Кіраўнік раёна адзначыў на пачатку мерапрыемства, што ў сельсавеце праведзена значная работа. Населеныя пункты, сацыяльныя аб’екты выглядаюць на парадак лепш, чым у мінулы аб’езд. Адчуваецца і работа старшыні сельсавета С. У. Каржуева з насельніцтвам па навядзенні парадку на сядзібах, каля шматпавярховых дамоў, у вёсках. Гэта не значыць, што можна спыніцца на дасягнутым, падкрэсліў У. П. Куранны, гэта значыць, што ўзяты добры старт у гэтым накірунку. Тым больш, што ёсць над чым працаваць, ёсць і з кім працаваць.
Падчас аб’езду, у якім удзельнічалі прадстаўнікі раённых службаў, кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў і арганізацый, старшыня райвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць давесці да ладу дарогі, па якіх ужо ў суботу паедуць дэлегацыі з многіх раёнаў вобласці на “Дажынкі” ў Гарадок, навесці парадак на палях. На МТФ Сіроціна КУСГП “Сіроцінскі” кіраўнік раёна запатрабаваў актывізаваць работу па завяршэнні рэканструкцыі фермы да пачатку стойлавага перыяду. Звярнуў увагу на прыкрыя недахопы ў рабоце будаўнікоў, калі на сучаснае абсталяванне праз дзіравы дах льецца дажджавая вада.
У вёсцы Філіпенкі жывуць пераважна дачнікі, большасць сядзіб дагледжаныя, патанаюць у кветках, але ўвагу старшыні прыцягнулі лазні і гаспадарчыя пабудовы, якія быццам магнітам цягне на бераг возера. Землеўпарадкавальная служба і аддзел архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама атрымалі заданне праверыць адпаведнасць такой забудовы прыродаахоўнаму заканадаўству, будаўнічым нормам і навесці парадак, калі дапушчаны парушэнні.
У аграгарадку Слабада ўдзельнікі аб’езду наведалі кацельню УП ЖКГ. Галоўны інжынер прадпрыемства А. М. Догель расказаў, што ў рэканструкцыю цепласетак сёлета ўкладзена больш  за 5 мільярдаў рублёў. Усталяваны другі новы кацёл, які працуе на шчапе, заменены цеплатрасы. Новае абсталяванне будзе эканоміць паліва, яно дазволіла вызваліць працоўныя рэсурсы, аблегчыла працу на кацельні, а жыхары Слабады атрымаюць гарачую ваду і цяпло ў кватэрах. Пастаянныя скаргі з гэтага аграгарадка павінны знікнуць. Як паведаміў Аляксей Мікалаевіч, цяпер на чарзе рэканструкцыя кацельні ў Обалі і аграгарадку Мікіціха.
У памяшканні сельскага Дома культуры кіраўнік раёна і ўдзельнікі мерапрыемства наведалі комплексны прыёмны пункт КУП БАН.
У зале Дома культуры адбылося падвядзенне вынікаў. Падчас прагляду відэафільма пра сельсавет старшыня райвыканкама зноў звярнуў увагу на непарадак на некаторых вытворчых аб’ектах. “Парадак трэба наводзіць не толькі да аб’езду і на тых аб’ектах, якія наведваюць. Парадак трэба наводзіць кожны дзень і на кожным аб’екце,  – заўважыў У. П. Куранны. – Тады будзе не сорамна сустракаць любыя праверкі і камісіі хоць кожны дзень”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *