Городок приветствовал лучших труженников села

Актуалии Общество Сельское хозяйство

Гарадок вітаў лепшых працаўнікоў сяла

У мінулую суботу Гарадок было не пазнаць. Невялікі райцэнтр запаланілі тысячы гасцей з усёй Віцебскай вобласці, са сталіцы і іншых рэгіёнаў Беларусі, з Расіі – тут ладзілася абласное свята працаўнікоў сяла  “Дажынкі”.
Да свята Гарадок рыхтаваўся грунтоўна. У цэнтры горада новае аблічча набылі практычна ўсе будынкі, вуліцы пераўтварыліся ў прыгожыя, утульныя пешаходныя зоны. Абнавіліся ўсе грамадскія, культурныя, адукацыйныя ўстановы, многія прадпрыемствы, магазіны, жылыя дамы, гарадскі парк, скверы, двары. Брацкія могілкі, на якіх пахаваны савецкія салдаты-вызваліцелі, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, таксама набылі новы выгляд.
Галоўнай падзеяй свята стала ўзнагароджанне лепшых камбайнераў і вадзіцеляў на адвозцы зерня падчас жніва. Пад гарачыя апладысменты каравай з мукі новага ўраджаю уручаецца старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Мікалаевічу Косінцу. У апошнія гады ў аграпрамысловы комплекс вобласці ўкладзены вялікія сродкі. Значна абнавіўся парк сельскагаспадарчай тэхнікі – з 2008 года ў гаспадаркі вобласці паступіла больш за 15,9 тысячы адзінак тэхнікі. Па праграме “Чыстыя палі” уведзены ў абарот 210 тысяч гектараў зямель, якія раней выкарыстоўваліся неэфектыўна, вядзецца меліярацыя, што дазваляе эфектыўна выкарыстоўваць сучасную тэхніку. Аграрыі вобласці працуюць у цесным супрацоўніцтве з вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук. Пра ўсё гэта гаварыў кіраўнік вобласці. Дзякуючы гэтаму, а таксама ўпартай, напружанай працы вяскоўцаў, гараджан, якія таксама дапамаглі падчас сельскагаспадарчых работ, Віцебская вобласць сёлета атрымала рэкордны ўраджай збожжа – 1 млн. 302 тыс. тон. Атрымана рэкордная ўраджайнасць льновалакна – 10 ц/га. Для нашага паўночнага рэгіёна гэта сапраўды выдатныя паказчыкі, адзначыў А. М. Косінец. Асноўная задача АПК Віцебшчыны на перспектыву – павелічэнне экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі, павышэнне эфектыўнасці вытворчасці, стварэнне буйнатаварных комплексаў з замкнутым цыклам вытворчасці, падкрэсліў кіраўнік вобласці.
А. М. Косінец павіншаваў пераможцаў спаборніцтва на жніве з дасягнутымі поспехамі, уручыў ім удзячныя лісты аблвыканкама, прэміі і каштоўныя падарункі.
Для працаўнікоў сяла, для ўсіх гледачоў, якія сабраліся на цэнтральнай плошчы горада, самадзейныя артысты з усіх раёнаў вобласці, і прафесійныя спевакі са сталіцы далі вялікі святочны канцэрт.
Цырымоніі ўзнагароджвання папярэднічала ўрачыстае шэсце дэлегацый раёнаў па цэнтральных вуліцах Гарадка. У суправаджэнні сцягаў Беларусі, Віцебскай вобласці і “Дажынак-2014” узначальваў калону сімвалічны каравай Віцебшчыны, на якім красавалася лічба сёлетняга рэкорднага ўраджаю. Пад гукі духавых аркестраў, у суправаджэнні  барабаншчыц  дэлегацыі шлі пад прывітальныя воклічы жыхароў горада, гасцей свята.

Калона нашага раёна замыкала шэсце, яна выглядала адметна, бо белыя з золатам касцюмы нашых музыкантаў і барабаншчыц  у пахмурны дзень радавалі асаблівай святочнасцю.
А пасля афіцыйных урачыстасцяў на вуліцах Гарадка закіпеў вялікі святочны кірмаш: з шашлыкамі і каўбасамі, з песнямі і танцамі, з сувенірамі і падарункамі. Прадоўжылася свята ў горадзе і на наступны дзень.
*   *   *
На шматлікіх пляцоўках, што раскінуліся па цэнтральных вуліцах Гарадка, разгарнулася маштабнае свята. Дзясяткі культурных, спартыўных, выставачных мерапрыемстваў наперабой запрашалі на свае пляцоўкі гараджан і шматлікіх гасцей Гарадка.
Па шматгадовай традыцыі сучасныя ўзоры беларускай тэхнікі дэманстравалі такія гіганты машынабудавання як “Гомсельмаш”, “Амкадор”, “МТЗ”.
У цэнтральным парку свае рады выставілі народныя майстры. Гандлёвыя падворкі прадставілі райспажыўтаварыствы з усіх раёнаў вобласці, буйныя прадпрыемствы харчовай прамысловасці.  Багата людзей было на шумілінскім панадворку, якое наладзіла наша райспажыўтаварыства. Разнастайны асартымент, даступныя цэны і ветлівасць прыйшліся даспадобы пакупнікам. Зазывалі  і забаўлялі іх культурнай праграмай работнікі дзіцячай школы мастацтваў.
На канцэртных эстрадах у розных частках горада ладзіліся канцэрты самадзейных артыстаў. На адной са сцэн, на канцэрце аграрнай моладзі наш раён прадстаўлялі народны ансамбль “Гарэзнікі” з Обалі і харэаграфічны калектыў Лаўжанскага сельскага цэнтра культуры.
На асобных радах сваю прадукцыю дэманстравалі ўстановы адукацыі вобласці, у тым ліку і наш аддзел адукацыі, спорту і турызму.
Адметнай рысай сёлетняга свята, так сказаць, разынкай, стаў конкурс брэндаў гарадоў і раёнаў. “Сырны разгуляй” (Браслаў), “Малочныя рэкі” (Верхнядзвінск), “Мядовая скарбонка” (Полацк), “Прыдзвінскі квас” (Віцебск), “Журавы і журавіны” (Міёры), “Дэндра-2014” (Лепель) – кожны раён імкнуўся паказаць сваё, уласцівае. Наш раён прадставіў “Кірмаш Бульбашоў”.
Усіх гасцей Шумілінскага панадворка вітаў імправізаваны пан Бульбаш, дарэчы, гэты персанаж быў вельмі папулярны ў наведвальнікаў.
Цікавай і арыгінальнай атрымалася выстава майстроў Шуміліншчыны. А майстар-ганчар Аляксандр Любімаў з Обалі прапанаваў сваю персанальную выставу.
Кніжная крама “Бульбяны рай”– выстава ад Цэнтральнай раённай бібліятэкі – прапанавала не толькі тэматычную падборку літаратуры, а і адмысловую прэзентацыю гатункаў бульбы, якія вырошчваюць у сялянска-фермерскай гаспадарцы “Раднік”.
Які ж падворак без клуба нацыянальнай кухні “Разынка”! На гэты раз можна было пачаставаць дванаццаць страў з бульбы. А самымі папулярнымі ў гасцей панадворка сталі дранікі, якія ўмомант разляцеліся.
А весялілі завітаўшых на “Кірмаш Бульбашоў” народнымі песнямі артысты з Шуміліна, Обалі і Кардона.
Дарэчы, па выніках абласнога конкурсу пляцовак, брэндаў гарадоў і раёнаў тэатра-лізаваная пляцоўка нашага раёна “Кірмаш Бульбашоў” стала лаўрэатам другой ступені, саступіўшы толькі “Сунічнаму падвор’ю” з Лёзна.
*   *   *
Упершыню на свяце працаўнікоў сяла “Дажынкі” ў важкім “фармаце” былі прадстаўлены мас-медыя  вобласці – газеты, радыё і тэлебачанне. Прэзентавала сваю газету і наша раёнка.
Шумна і вірліва на плошчы ў Гарадку, дзе меліся прайсці ўрачыстасці, стала недзе а дзясятай гадзіне раніцы, але многія рэдакцыі завезлі свой “рэквізіт” значна раней. Вось разбіваюць палатку з глыбоцкай газеты, доўга і старанна выстаўляюць на стэлажык кніжкі мясцовага паэта Алеся Жыгунова, дастаюць ноўтбук, побач месцяцца калегі з Докшыц, з Бешанковіч, з Шаркоўшчыны. У кожнага свой стыль падачы сябе, калі хочаце, свая прэзентацыя.
Журналісты з Докшыц прыцягнулі  міні-калёсы з батлейкай, прывезлі і важка паклалі на стол каравай. Пазней раздавалі яго ў прыкуску з мядком.
Кідкія назвы газет, падшыўкі на стале (як вось  у нас),  гармонік, зыкі якога з палаткі верхнядзвінскай газеты разлягаліся па ўсёй плошчы, а тут раптам, як чорт з бутэлькі, выскачылі на пляц артысты з Лёзна і ўзяліся прапагандаваць сваю раёнку.
Словам, фантазія біла цераз край, быў і крэатыўны стыль прэзентацыі, і  чыста класічны, без дамешак розных гармонікаў і батлеек. Як вось у нас. Мы прывезлі падшыўкі газет і выставу матэрыялаў пра працаўнікоў вёскі. Сціпла, аднак многія яшчэ да дажджу гарталі падшыўкі, дзівячыся таму, што захаваліся ў Шуміліне газеты нават 70-х гадоў…
Рэпартаж з «Дажынак» падрыхтавалі
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ, Мікалай МАРОЗ, Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў № 75 ад 30.09.2014 г.



1 комментарий по теме “Городок приветствовал лучших труженников села

  1. Трэба дадаць, што народны фальклорны калектыў «Гульбічы» браў удзел на галоўнай пляцоўцы ў канцэрце з удзелам афіцыйных дэлегацый.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *