Лауреаты из Болгарии, Грузии, Сербии и… Оболи

Образование Общество

Лаўрэаты з Балгарыі, Грузіі,  Сербіі і… Обалі
У верасні настаўніца рускай мовы і літаратуры Обальскай СШ Таццяна Станіславаўна Карнеева правяла тыдзень у Маскве – на фінальнай частцы XIV Міжнароднага Пушкінскага конкурсу “Пушкін. Інтэрнэт. Базар. Хто ж сапраўдны настаўнік рускага ў маёй краіне?”. У Маскву настаўніца  была запрошана як адзін з 50 лаўрэатаў міжнароднага конкурсу.
“Мы вельмі ганарымся, што настаўнік з нашага раёна ўпершыню  стаў лаўрэатам гэтага прэстыжнага конкурсу, – расказала метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Цярэнцьева. –  Адзначу, што наша настаўніца была адзіным лаўрэатам з Віцебскай вобласці.  Мы шчыра віншавалі Таццяну Станіславаўну з перамогай, з дыпломам, які ёй уручылі ў “Белай зале” будынка Урада  Масквы”.
Пасля паездкі ў сталіцу Расіі мы сустрэліся з Т. С. Карнеевай, якая з гэтага навучальнага года працуе метадыстам аддзела адукацыі,  і папрасілі падзяліцца ўражаннямі. “Паездка была незабыўнай, гэта як казка, як падарунак лёсу, – расказала Таццяна Станіславаўна. –  З Беларусі ў фінальнай частцы конкурсу бралі ўдзел сем настаўнікаў рускай мовы і літаратуры – з Мінска, Маладзечна і Гомеля. Разам з намі былі і нашы калегі з Балгарыі, Грузіі, Малдовы, Сербіі, Эстоніі, Кіргізіі, Абхазіі і іншых краін. Мы дзяліліся адзін з адным сваім вопытам, напрацоўкамі, планамі”.
Напэўна, усім удзельнікам свята вельмі цікава было пазнаёміцца з маскоўскай сістэмай адукацыі, наведаць адкрытыя ўрокі ў гімназіі № 1565 “Свіблава”. “Уразіла, што ў гімназіі прапускная сістэма: зайшло дзіця ў гімназію – і на пэйджар бацькам прыходзіць паведамленне, выйшла – зноў паведамленне, – кажа Таццяна Станіславаўна. – Такім чынам бацькі могуць кантраляваць: ці прагульвае ўрокі сын ці дачка. Даспадобы прыйшліся  электронныя школьныя журналы і дзённікі. Прычым, бацькі могуць паглядзець адзнакі толькі свайго дзіцяці, а не ўсяго класа”.
Лаўрэатам Пушкінскага конкурсу цікава было паглядзець ваенна-музычны фестываль “Спаская вежа”, які адбыўся на Краснай плошчы, паўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах, прысвечаных Дню горада, паглядзець тэатралізаванае прадстаўленне “Фантазіі вячэрняга Царыцына”. Незабыўнымі былі літаратурная экскурсія “Пушкінская Масква” і аглядавая экскурсія па горадзе.
“На жаль, лаўрэаты не маюць права на наступны год удзельнічаць у конкурсе, – кажа Таццяна Станіславаўна. – А вось усім астатнім настаўнікам рускай мовы і літаратуры раю  паспытаць свае сілы ў Міжнародным Пушкінскім конкурсе”.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №76 ад 03.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *