Н. В. Лузгина: «Учитель — это не профессия, это стиль жизни»

Актуалии Образование Общество

“Настаўнік – гэта не прафесія, гэта лад жыцця”
Апошні раз фотаздымак гэтай жанчыны красаваўся на першай старонцы раённай газеты крыху больш за 5 год. Тады Ніне Уладзіміраўне Лузгіной, настаўніцы матэматыкі Шумілінскай СШ №1, было прысвоена ганаровае званне “Жанчына года Шуміліншчыны”. І вось зноў прызнанне  – настаўніца прадстаўляе сёлета на раённай Дошцы гонару педагагічную гвардыю. З зайздросным пастаянствам прозвішча матэматыка Лузгіной з’яўляецца на старонках газеты, калі агучваюцца перамогі вучняў і іх настаўнікаў на разнастайных алімпіядах і конкурсах.
Прафесіяналізм, патрабавальнасць, пастаянная праца над сабой. Адданасць калектыву (33 гады працуе ў СШ №1), дзецям, сям’і. А яшчэ справа гонару – падрыхтаваць вучняў па матэматыцы так, каб яны маглі па сваіх балах быць канкурэнтаздольнымі з гімназістамі і ліцэістамі і  прайсці на бюджэт. І яны праходзяць, і вучацца, і дзякуюць сваёй настаўніцы за ўсё, што яна для іх зрабіла.
Формула, здавалася б, простая. Але паспрабуй кіравацца ёй усё жыццё! І ці не адсюль поспех і высокія вынікі? І такая вялікая колькасць таленавітых дзяцей, якія дзякуючы настаўніцы Лузгіной дабіліся многага на матэматычным попрышчы. Прычым Ніна Уладзіміраўна і пасля  школы трымае цесныя сувязі са сваімі выпускнікамі: дае парады, калі просяць, перажывае, радуецца іх удачам, ганарыцца.
Здавалася б, столькі вопыту і напрацовак, што можна ўрэшце і расслабіцца. Ды дзе там, Ніна Уладзіміраўна Лузгіна сабе і зараз такога не можа дазволіць, не ў яе характары. Планы, канспекты, падрыхтоўка да ўрокаў, факультатываў, алімпіяд, пазакласных мерапрыемстваў. Ну, хіба ў чым не можа сабе адмовіць, дык гэта ў чытанні мастацкай літаратуры. А яшчэ аддушына – чатырохгадовы ўнучак Пашачка, якому Ніна Уладзіміраўна гатовая прысвяціць усю сябе.
“Настаўнік – гэта не прафесія, – кажа Н. У. Лузгіна. – Настаўнік – гэта лад жыцця”. І ёй такі лад падуладны і да таго ж даспадобы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №76 ад 03.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *