Поэт Олег Салтук издал новый сборник стихов «Вяртанне»

Духоўнае Мир увлечений Общество

Новая кніга земляка
“Люблю свой край з вясёлаю тугою…”

Кніга вершаў  нашага земляка Алега Салтука “Вяртанне”, якая нядаўна пабачыла свет,  – плён  разважанняў паэта, шчырых і непадробленых,  заўзятых і ціхіх, як само жыццё. Разважанняў часам нялёгкіх, з прысмакам горычы і крыўды за сваю радзіму. Паэт разумее, тым не менш, што час не суняць, не спыніць яго маланкавы бег, аднак у гэтым новым ён шукае ўсё ж і тое, з чым ён жыў і зрадніўся ў маладосці, што цешыла яго сэрца, ад чаго яно хмялела. Шукае і – не знаходзіць. Ад гэтага баліць, паэта абураюць язвы сённяшняга дня, ён не можа спакойна назіраць, як драбнее чалавек духоўна, як адыходзіць на другі, на трэці план усё святое і чыстае, чым жыў чалавек да гэтага.
Ты маладая, і я малады…
Свет яшчэ добры, людзі не злыя.
Потым настануць часіны другія…
І заканчвае верш перакананым:
Тое збываецца, што не ўмірае.
Або вось не можа стрываць паэт здзекаў,  учыненых над святымі некалі рэчамі, над яго дзіцяча-юнацкімі ўспамінамі. У вершы “У Маскве” ён кажа: “Цар-звон стаіць шчарбаты, нібы бомж”, “Ад сарака славутых саракоў у кніжках успаміны засталіся”. Не разумее Алег Салтук сучаснай папсы, якая нічога не дае ні розуму, ні сэрцу, не прымае ні багацеяў, духоўна бедных, ні розных прахіндзеяў…
Няхай у многіх вершах  зборніка (а ў яго трапілі амаль 250 новых твораў) адчуваюцца ноткі настальгіі па тым часе, з якога выйшаў ён сам і па якім сумуе, тым не менш шчырая і даверлівая размова з чытачом імпануе і прыцягвае. Асаблівы і светлы сум у паэта па маленькай радзіме – вёсцы Рыжэнькі, што недалёка ад Мішкавіч. Да гэтай любай паэту мясціны ён вяртаецца ў кніжцы некалькі разоў.
Пройдзе ўсё, бо не вечныя мы,
Ды ніколі не счэзнуць, я знаю,
Над старою Нярэшняй дымы
Туманоў без канца і без краю.
Радкі – з верша “Радзіма”, прысвечаным сёстрам Эме і Любе. Ён сам ведае, сэрца яго жыве тым, што яны, “дымы туманоў”, будуць “стаяць праз гады над усім, што ім добра знаёма” і клікаць іх, сваіх дзяцей, сваіх пасланцоў да сябе. Клікаць ва ўспамінах, бо ў той вёсцы, дзе паэт нарадзіўся, няма каму жыць. Вёска асірацела, адзічэла, парасла хмызам і … цёплымі і гаючымі ўспамінамі дзетак, якіх раскідала па свеце. ”Люблю свой край з вясёлаю тугою і разлюбіць ніколі не змагу”, – прызнаецца ён радзімаму краю ў сваёй беззапаветнай сыноўняй любові.
Алег Салтук любіць дарагое з дзяцінства яго сэрцу. Ён не можа наглядзецца на ружовы ўсход, на зарніцы, на тое, як “неба сыпле зоркі шчодрай жменяй”. Ён і свой вершаваны блок (адзін з чатырох у кніжцы) так і назваў “Зорнай прычашчуся цішынёй”. Менавіта цішыня, а не грукат і мітусяніна сённяшняга дня, лагодзіць і гоіць сэрца паэта, надае яму новыя сілы для творчасці.  Наогул жа гэтай любоўю прасякнуты многія вершы ўсіх чатырох частак кніжкі, за якімі лёгка пазнаеш поры года. Тут схаваны, па ўсім відаць, глыбокі сэнс: баліць паэту і вясною, і зімой, і летам, і падчас асянін, бо не балець не можа. Любіць паэт таксама незалежна ад таго, калі любоў гэтая прыходзіць, любіць шчыра і шчодра. Любіць жанчыну, любіць той край, дзе нарадзіўся, любіць Ушаччыну,  любіць тое, што любіў усё жыццё. І не прымае таго наноснага і штучнага, што прыбіла да нашага берага хвалямі з Захаду ці яшчэ адкуль. У апошнім вершы блока “Асяніны мае, асяніны” пад загалоўкам “Я б усе зачыніў кабакі…” паэт рэзкі і безапеляцыйны ў сваім непрыманні і шынкоў, і камерцыйных банкаў, якія нажываюцца на людзях, з тэлебачання ён разагнаў бы “смехачоў дуркаватых” і паламаў бы гульнявыя аўтаматы. І многае памяняў бы паэт у сённяшнім жыцці, але аб тым, што “невясёлы ўдаўся матыў”, не шкадуе.
У Алега Салтука побач крочаць боль, пакуты і любоў. Але для яго любоў усё ж  першаснае, самае важнае, чым жыве чалавек. Тым не менш без болю ўсё адно не абысціся, не пражыць. Любоў і пакуты паэта Алега Салтука  і паяднаны ў чарговай кнізе “Вяртанне”. Дастойнай кнізе  Паэта. Земляка. Грамадзяніна.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №77 ад 07.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *