Легко ли молодой семье построить квартиру за 400 миллионов рублей? В Шумилино строится новый кооперативный дом

Общество Экономика

Два мільёны са сціплай зарплаты, або сказ пра адмысловы кааператыў
Паглядзеў па тэлебачанні сюжэт з расійскай Калмыкіі – у якіх там халупах жывуць, як бядуюць?!  Прэзідэнт Расіі  Уладзімір Пуцін, шакіраваны сітуацыяй, учыніў разнос мясцовым чыноўнікам. А мне падумалася: сітуацыя, мусіць, як з бальніцай: пакуль не бываеш там, здаецца, што хворых і няма наогул, і медыкі сядзяць склаўшы рукі, а трапіш і – бярэшся за галаву: усюды чэргі. Так і з жыллём:  чэргі, чэргі, чэргі…
Не абышлі  жыллёвыя чэргі  і шумілінцаў. Хаця і ўзводзіцца за апошнія гады  нямала, у тым ліку і шматкватэрнага кааператыўнага жылля. Сёння ўмовы крэдытавання  завязаны на стаўцы рэфінансавання, і бралі члены ЖБК № 12 (дом узводзіцца ў мікрараёне СШ № 2, пра яго і пойдзе далей гаворка) крэдыты, па словах старшыні кааператыва С. Я. Сахончыка, пад 3% гадавых. Праўда, квадратны метр проста залаты – 6 мільёнаў 540 тысяч, адпаведна дом на 40 кватэр  “цягне” больш як на 15 мільярдаў. І зараз 2-пакаёвая кватэра абыдзецца гаспадару ў 386 мільёнаў рублёў. Калі б вярнуцца гады на тры-чатыры назад, лічбы проста шакіравалі б, бо тая ж двухпакаёўка каштавала ў межах 90 мільёнаў.
Ну, што і казаць, за пяць апошніх гадоў сітуацыя з даходамі ў Беларусі  змянілася. А яшчэ  зручна ж і выгадна: кожная кватэра будзе абсталявана індывідуальнымі газавымі катламі. Іншымі словамі, цяпло і гарачую ваду  гаспадар можа эканоміць, як яму захочацца, і ад камунгаса  практычна залежыць не будзе. Хіба па падачы халоднай вады і па каналізацыі. Адсюль і квадратны метр  плошчы не 2 мільёны рублёў з хвосцікам, як было, а ўтрая больш.
Дом з такой сістэмай ацяплення –  першы ў раёне. Праўда, яго асаблівасць яшчэ ў тым, што ў ім няма ніводнай сацыяльнай кватэры. Упершыню за апошні час, раней выдзялялася штогод па 3-5 кватэр. Начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама В. С. Селязнёў не ўтойваў свайго шкадавання:  усё-такі   нямала бескватэрных мнагадзетных сямей, сірот і іншых сацыяльна малаабароненых людзей, а дзе браць для іх прыстойны вугал. Трэба, відаць,  уладам шукаць іншыя варыянты. Багатай на дзяцей сям’і  не пад сілу пабудаваць, скажам, трохпакаёвую кватэру. І вось чаму. Быў час, калі тая ж 2-пакаёвая  кватэра каштавала 120 мільёнаў і выдаваўся крэдыт на 40 год так, што месячныя выплаты складалі даволі сціплыя сумы. Сёння тыя  мільёны трэба раскідаць на 20 гадоў, і, як падлічыў С. Я. Сахончык, яму ў першыя месяцы давядзецца аддаваць за месяц банку 2 мільёны 13 тысяч рублёў. А ў дадатак – аплата камунальных паслуг, электраэнергія. А да гэтага дадаць мэбляванне новай кватэры. Старыя ж канапы ў новую кватэру не пацягнеш…
– Не боязна было ісці на такі крок? – пытаемся ў С. Я. Сахончыка.
– Ды не, – адказвае ён. – Мы спачатку спрабавалі зачапіцца за аднапакаёвую, але перадумалі: навошта засяляцца, каб праз нейкі час зноў станавіцца на паляпшэнне жыллёвых умоў?.. А з крэдытамі? Цяжка будзе, затое кватэра, і новая. А гэта для сям’і вельмі важна.
– Разлічваеце на дапамогу бацькоў, сваякоў? А можа, на інфляцыю?..
Старшыня кааператыва скупа ўсміхаецца. Маладая сям’я Сахончыкаў – без вялікіх дастаткаў (гаспадар, настаўнік СШ № 1, зарабляе каля 4 мільёнаў рублёў, жонка збіраецца выходзіць на працу пасля дэкрэтнага водпуску), а са сваіх зберажэнняў ёй трэба ўнесці да канца ўзвядзення дома  31 мільён рублёў. Уносіць грошы сям’я  пачала, хаця  ўсе праблемы з узносамі яшчэ наперадзе. Тым не менш С. Я. Сахончык не губляе аптымізму.
Захацелася пабываць на будаўнічай пляцоўцы кааператыўнага дома. Мікрараён СШ № 2. Надвор’е сухое, ціхае. Работа кіпіць: муляры ПМК-70 (прадпрыемства-генпадрадчык) заканчвалі першы паверх,  з боку, дзе працавала гарадоцкая брыгада, тыльная сцяна вырасла трохі вышэй. На аб’екце   майстар, прараб, в. а. галоўнага інжынера ПМК-70, тут жа прадстаўнік заказчыка – упраўлення капітальнага будаўніцтва. Затрымак у рабоце няма, яе не так даўно  наладзілі  двухзменнай (да гэтага не ставала муляраў), і адразу больш шпарка пайшла справа. Дом на пяць паверхаў, пажадана паверх выводзіць за два тыдні (першы асілілі да 20 дзён), паралельна весці аддзелачныя работы, ставіць вокны, масціць падлогу, праводзіць кабель. Усё гэта важна, улічваючы сціслыя тэрміны для здачы дома “пад ключ”. Ніхто не дапускае і думкі, каб жыллё здавалася з бракам (кожны член кааператыва падпісвае акт прыёмкі), таму галоўнае – якасць. Аднак і тэмпы трэба трымаць высокія.
На рыштаваннях – комплексная брыгада Валерыя Чарвянкова. Прафесіяналы, на іх рахунку не першы такі гмах. Валерый называе  свае ўдарныя сілы – Івана Герона, Сцяпана Віднікевіча, Валерыя Міронава, Руслана Чарвянкова, Міхаіла Цуранава, Аляксандра Багданава, Юрыя Забалотнікава, іншых. Такія майстры дрэнна працаваць  не ўмеюць,    ды  і гарадоцкія іх калегі – таксама не навічкі. За якасцю сочаць не толькі самі будаўнікі –  прарабы ды майстры з ПМК-70. Ды і заказчыку не трэба, каб пасля здачы жылля члены кааператыва абівалі парогі розных інстанцый…
І нарэшце   пра так званае арэнднае жыллё. Яно надзвычай запатрабавана. Не прасохне, як кажуць, друкарская фарба ў раённай газеты з аб’явай, як звоняць у аддзел ЖКГ райвыканкама. Асабліва ў Шуміліне. У Віцебску заклалі першы арэндны дом на 180 кватэр,  там ад людзей   няма адбою. “Добра было б увязацца ў падобны дом і нам ”, – зазначае В. С. Селязнёў.
І на нашу вуліцу прыйдзе свята. Упэўнены – прыйдзе: у чалавека павінна быць альтэрнатыва, права выбару.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №33 ад 26.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *