Экономика выходит на финишную прямую

Актуалии Президент Экономика

Эканоміка выходзіць на фінішную прамую
У панядзелак у малой зале пасяджэнняў райвыканкама сабраліся начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў, раённых службаў, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна для ўдзелу ў абласным селектары і раённай нарадзе.
Спачатку адбылася абласная селектарная нарада, якую правёў старшыня віцебскага аблвыканкама А. М. Косінец.
Аляксандр Мікалаевіч акрэсліў шэраг задач на чацвёрты квартал па паспяховым завяршэнні гаспадарчага года. Толькі напружаная праца дазволіць выканаць асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці. Адбыўся падрабязны аналіз работы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, сістэмы грамадскай бяспекі. Неабходна мабілізаваць усе рэсурсы, арганізаваць работу ў дзве-тры змены, каб выканаць даведзеныя заданні. Тым больш, што на 2015 год стаяць не менш напружаныя задачы, чым сёлета, у тым ліку і па напаўненні абласнога бюджэту, адзначыў кіраўнік вобласці. А. М. Косінец паведаміў таксама, што абласныя дажынкі ў 2015 годзе пройдуць у Талачыне.
Пасля абласнога селектара рабочую нараду па бягучых пытаннях правёў старшыня райвыканкама А. П. Куранны. Уладзімір Пятровіч заўважыў, што такія кірмашы выхаднога дня, які адбыўся ў мінулую суботу, трэба праводзіць кожны выхадны дзень. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы павінны забяспечваць насельніцтва раёна неабходнай прадукцыяй уласнай вытворчасці: збожжам, бульбай, гароднінай, калі ёсць попыт, то і саломай, арганічнымі ўгнаеннямі і іншым.
У ходзе нарады разглядаліся актуальныя пытанні работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі: асвятленне вуліц гарпасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў, пачатак ацяпляльнага сезону, добраўпарадкаванне і г.д. Абмяркоўваліся задачы, якія стаяць перад аграрыямі раёна па завяршэнні ўборкі бульбы, кукурузы, па ўздыму зябліва, вывазцы арганікі на палі, пастаноўцы жывёлы на стойлавае ўтрыманне. Кіраўнік раёна падкрэсліў сваё патрабаванне па навядзенні парадку на ўсіх без выключэння вытворчых аб’ектах і ў населеных пунктах.
Начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі далажыў, што за 9 месяцаў ў раёне назіраецца рост злачыннасці ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, прычым на фоне істотнага зніжэння цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, рэцыдыўнай, падлеткавай злачыннасці. Асноўную негатыўную тэндэнцыю далі крадзяжы. Начальнік міліцыі заўважыў, што большасць крадзяжоў адбываецца з-за бесклапотнасці нашых грамадзян, якія пакідаюць без нагляду веласіпеды, іншую маёмасць, незачыненыя дамы і кватэры. Сваю лепту ўносяць службовыя асобы і кіраўнікі некаторых прадпрыемстваў, якія не надаюць належнай увагі арганізацыі і кантролю вартавой службы, пытанням працоўнай дысцыпліны з боку тых жа вартаўнікоў.
Начальнік РАНС  А. І. Сасновіч засяродзіў увагу прысутных на месячніку пажарнай бяспекі, які праводзіцца ў кастрычніку. У пачатку ацяпляльнага сезона асаблівая ўвага з боку адпаведных службаў, кіраўнікоў арганізацый, грамадскасці павінна быць накіравана на пажарную бяспеку, бо менавіта гэты, пераходны перыяд з’яўляецца найбольш небяспечным. Варта ўзяць пад кантроль адзінокіх, старых грамадзян, а таксама сем’і ў сацыяльна небяспечным стане.
На нарадзе таксама быў разгледжаны ход выканання пратаколаў даручэнняў старшыні райвыканкама асобнымі арганізацыямі і службовымі асобамі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №77 ад 07.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *