Чествовали молодые таланты Шумилинского района

Актуалии Молодёжь Образование

Пашана – разумным, здольным, таленавітым
У мінулую суботу  актавая зала Шумілінскай СШ №1 былая поўнай  – праходзіла традыцыйнае штогадовае мерапрыемства “Маладыя таленты Шумілінскага раёна”.
Пераможцы абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў і фестываляў, педагогі, якія дапамаглі раскрыцца юным здольнасцям, бацькі – гэта ў іх гонар гучалі ўрачыстыя прамовы і песні, ім уручаліся падзякі раённага выканаўчага камітэта, прэміі. Дарэчы, іхнія імёны неаднаразова былі на старонках раённай газеты – Дзіяна Байдакова, Ганна Ляснічая, Яўген і Вадзім Грачухіны, Дзіяна Пушнякова, Георгій і Максім Архіпавы, педагогі Н. У. Лузгіна, Т. В. Дарафеева, Г. М. Салапаеў, П. В. Ганушчанка і многія іншыя – добра вядомыя жыхарам нашага раёна.
“На першым такім мерапрыемстве было чатыры чалавекі, а зараз перад намі поўная зала здольных у самых розных сферах вучняў, – успамінала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, адкрываючы ўрачыстасці. – Гэта вельмі няпроста – дабіцца поспехаў, дабіцца прызнання на высокім узроўні. Гэта сумесная ўпартая, напружаная праца вучня і педагога, гэта моцная падтрымка бацькоў. Сваімі поспехамі вы праслаўляеце наш Шумілінскі раён.
Без маладых талентаў не можа быць развіцця наогул. Таму мясцовыя органы ўлады будуць і надалей аказваць падтрымку моладзі”.
І гэта не проста словы, Ірына Мікалаеўна прывяла ў прыклад нашу землячку, біятланістку Алу Талкач, якая паказвае высокія вынікі на міжнародных спаборніцтвах. І. М. Новікава пажадала прысутным, каб яны выйшлі са сваімі дасягненнямі на рэспубліканскі і сусветны ўзровень. Каб кожны знайшоў справу свайго жыцця ў роднай Беларусі і ў родным Шумілінскім раёне. Яна ўручыла падзякі райвыканкама і грашовыя прэміі пераможцам абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Спартыўны блок мерапрыемства адкрыў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які нагадаў пра добрыя вынікі выхаванцаў Г. М. Салапаева (біятлон), П. В. Ганушчанкі (грэка-рымская барацьба), успомніў пра валейбольную школу А. Я. Завадскага, справу якога годна працягваюць вучні і калегі. “У складаемыя любога поспеху абавязкова ўваходзіць талент.  Ваш талент, дзеці, – зазначыў Анатоль Мікалаевіч,  – але да яго абавязкова трэба прыкласці працу педагога, які вылучыў і развіў гэты талент, падтрымку бацькоў. І канешне ж, патрэбна стварэнне матэрыяльнай базы, умоў для росту і развіцця таленавітых маладых людзей – гэта задача для ўлады”.
А. М. Зайцаў нагадаў пра адкрыццё ў Шуміліне лепшай, на дадзены момант, у вобласці дзіцячай школы мастацтваў, пра ўзвядзенне фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які дадаткова створыць умовы для адпачынку і заняткаў спортам у раёне. Анатоль Мікалаевіч уручыў ганаровыя ўзнагароды спартсменам, якія паказалі лепшыя вынікі на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах: барцам, валейбалістам, мнагаборцам і іх педагогам. Дарэчы, за біятланістаў узнагароды атрымлівалі іхнія бацькі, бо самі юныя спартсмены разам са сваім трэнерам Г. М. Салапаевым знаходзіліся на спаборніцтвах.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова ўручыла ўзнагароды пераможцам музычных і іншых творчых конкурсаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Колькі талентаў, колькі дасягненняў і поспехаў толькі за адзін год. І, гледзячы на зал, можна ўпэўнена сцвярджаць, што на наступны год будзе не менш, бо ў зале многа зусім юных, якім яшчэ не адзін год вучыцца ў школе, а значыць, як адзначыла Валянціна Васільеўна, іх здольнасці будуць развівацца і квітнець. Яна выказала падзяку бацькам, якія  выхоўваюць такіх таленавітых дзяцей, настаўнікам, якія, не шкадуючы часу, працуюць з дзецьмі, заклікала вучняў шанаваць бацькоўскі дом і родны край.
Пасля ўрачыстасцяў прысутным быў падараны невялікі канцэрт, і на сцэну зноў падымаліся тыя, каму ўручаліся ўзнагароды, але на гэты раз яны былі ў ролі артыстаў і дэманстравалі гледачам  свае таленты.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *