Банковская карточка: что с ней делать и как сберечь?

Общество

Банкаўская картка: што з ёй рабіць і як зберагчы?
Калі гэта было?

У Беларусі банкаўскія карткі з’явіліся ў 1993 годзе. Зараз іх выпушчана ўжо больш за 10 мільёнаў – больш, чым усё насельніцтва краіны. І гэта значыць, што ў многіх беларусаў не адна, а некалькі картак.
Карткі афармляюць і выдаюць у банку. У кожнага банка – свае ўмовы выдачы і абслугоўвання картак, таму перш чым зрабіць свой выбар, варта вывучыць прапановы розных банкаў.
Як правіла, у многіх з нас зараз маецца так званая зарплатная картка. Гэта нешта накшталт ключа да банкаўскага рахунка, на які прадпрыемства пералічвае зарплату.
Акрамя таго, ёсць яшчэ і крэдытныя карткі. На рахунку, да якога яны прывязаны, ляжаць не нашы ўласныя грошы, а грошы банка, якія ён запазычыў. Плюс крэдытнай карткі ў тым, што мы плацім банку працэнты толькі за тую суму, якую патрацілі. Калі ж мы бяром крэдыт наяўнымі – працэнты налічваюцца адразу на ўсю суму.
Таксама ёсць зберагальныя карткі. Па сутнасці, гэта тое ж самае, што і ўклад. Мы самі можам адкрыць рахунак у банку, пакласці на яго неабходную суму, на якую банк будзе налічваць працэнты, а з дапамогай карткі пры неабходнасці можна траціць грошы са свайго рахунка. Дарэчы, карткі могуць быць як рублёвымі, так і валютнымі.
Што можна рабіць з дапамогай пластыкавай карткі?
– бяспечна захоўваць свае грошы;
– атрымліваць дадатковы даход у выглядзе працэнтаў да свайго картрахунка;
– рабіць пакупкі ў магазінах, гандлёвых цэнтрах, кафэ і г. д.;
– аплачваць камунальныя паслугі, размовы па мабільным тэлефоне і г. д. у інфакіёсках і банкаматах;
– пераводзіць грошы з адной карткі на другую;
– выпісваць газеты і часопісы;
– аплачваць крэдыты банка;
– рабіць пакупкі ў інтэрнэт-магазінах;
– знімаць наяўныя грошы ў банкаматах і касах банкаў.
Нашы банкі выпускаюць і спецыяльныя дзіцячыя карткі, якімі могуць карыстацца дзеці. Атрымаць яе можна толькі разам з бацькамі. Пасля гэтак жа, як і дарослыя, дзіця можа разлічвацца з дапамогай карткі ў магазінах, кафэ, школьных сталовых.
Правілы бяспекі
Некаторыя людзі наўмысна адмаўляюцца ад банкаўскіх картак, тлумачачы гэта павышанай бяспекай і цяжкасцямі пры яе карыстанні. На самой справе гэта не так. Калі выконваць простыя правілы бяспекі, праблем з карткамі ніколі не ўзнікне. Вось галоўныя з іх.
На асобны лісток запішыце нумар карткі, а таксама тэлефон службы падтрымкі банка. Калі картку скралі ці вы яе згубілі, трэба як мага хутчэй патэлефанаваць у банк і заблакіраваць рахунак да таго часу, пакуль не атрымаеце новую картку.
ПІН-код (пароль з чатырох лічбаў), які дае доступ да грошай на вашым рахунку, ні ў якім разе нельга насіць разам з карткай у кашальку. Гэтыя лічбы лепш за ўсё запомніць!
Калі атрымліваеце картку ў банку, трэба паставіць на зваротным баку свой подпіс. У магазіне касір павінен зверыць яго з подпісам на чэку – каб вашымі грашыма не скарысталіся злодзеі.
Калі карыстаецеся банкаматам, інфакіёскам ці разлічваецеся карткай у магазіне, сачыце за тым, каб тыя, хто стаіць у чарзе за вамі, не ўбачылі, які ПІН-код вы набіраеце. Калі вам здаецца, што нехта стаіць вельмі блізка, не саромейцеся і ветліва папрасіце адысці крыху далей.
Захоўвайце чэкі пасля праведзеных разлікаў (іх выдае касір у магазіне і банкаматы-кіёскі). Калі вы ўбачылі, што на картачцы засталося менш грошай, чым павінна быць, звярніцеся ў банк.
Нікому не давайце карыстацца сваёй карткай. Фінансавая бяспека – гэта тое ж самае, што і асабістая гігіена. Дарэчы, прадавец у магазіне не мае права разлічваць пакупніка, калі ён прыйшоў з чужой карткай.
Падрыхтавала
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №81 ад 21.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *