Картошкой по льготной цене обеспечивают одиноких пенсионеров в Шумилинском районе

Общество

Сацыяльная дапамога: бульба па льготнай цане
Далёка не ўсе састарэлыя людзі маюць магчымасці і здароўе даглядаць уласны агарод і расціць там садавіну-гародніну. Добра, калі ёсць дзеці ці яшчэ якія блізкія родзічы, калі ёсць каму дапамагчы. Але ж у раёне жывуць  і адзінокія састарэлыя – ім на дапамогу прыходзяць работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
“Мы загадзя збіралі ў састарэлых заяўкі на бульбу, – расказала загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ТЦСАН Я. М. Сянькова. – Сабралася 12 чалавек, у асноўным усе  пражываюць у кватэрах і ўласнага агарода не маюць”.
Работнікі цэнтра звярнуліся да прадпрымальніка з Ерашова Валерыя Шэдзько з просьбай прадаць для старых бульбу па льготнай цане. І той пайшоў насустрач: загрузіў больш за тону бульбы на цане 2500 рублёў за кілаграм.
Забяспечана на зіму гароднінай і аддзяленне кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. “Нашы работнікі ездзілі ў СФГ “Раднік” нарыхтоўваць моркву, буракі, капусту, – расказала загадчыца аддзялення С. М. Якаўлева. – Акрамя таго, купілі ў “Радніку” дзве тоны бульбы. Думаем, для нашага аддзялення, дзе зараз знаходзіцца 25 чалавек, яе хопіць на ўсю зіму”. У аддзяленні ёсць і ўласны агарод –  з яго ў ліпені-верасні бяруць для сталоўкі буракі, цыбулю, моркву, капусту. Акрамя гэтага, работнікі аддзялення нарыхтавалі на зіму яблыкаў. А з Мішневіцкай сярэдняй школы падарылі летам вядро чырвоных парэчак – іх замарозілі і зараз вараць для састарэлых кампот.
Часовы прытулак ад дамашняга насілля
Год таму пры аддзяленні кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і  інвалідаў ТЦСАН з’явіўся “крызісны” пакой. “У ім створаны нядрэнныя бытавыя ўмовы для часовага пражывання, – расказала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро. – А гэта часовае пражыванне патрэбна тым,  да каго прымяняецца фізічнае і псіхалагічнае насілле, хто з’яўляецца ахвярай гандлю людзьмі, хто пакутуе ад канфліктаў у сям’і”.  Дарэчы, у крызісны пакой могуць накіроўваць людзей супрацоўнікі РАУС, работнікі ЦРБ,  аддзела адукацыі і іншых адказных структур. На тэрмін да дзесяці дзён могуць звярнуцца за прытулкам і самі людзі.
І такія, каму часова  патрэбна дапамога, на жаль, ёсць у нашым раёне. Так, у гэтым годзе ў крызісным пакоі часовы прытулак атрымалі два чалавекі, расказала Валянціна Рамуальдаўна. Пажылая жанчына ратавалася ад свайго нецвярозага сына, які,  патрабуючы ў маці грошы, пабіў яе.  «Жанчыну прывезлі да нас з сінякамі, увесь твар быў у крыві, – узгадвае загадчыца аддзялення С. М. Якаўлева. – Пенсіянерцы вельмі цяжка было маральна, з ёй працаваў псіхолаг. Мы прапанавалі жанчыне застацца на сацыяльным ложку, але яна адмовілася і праз тыдзень адправілася дадому».
З сынам-выпівохам працавалі супрацоўнікі міліцыі. “Вялі прафілактычныя гутаркі, мужчына “сядзеў на сутках” за распіццё спіртных напіткаў, – кажа ўчастковы інспектар РАУС Д. Зубараў. – Пакуль у сям’і спакойна. Сын ведае, што ён у РАУС на асобым кантролі. Магчыма, гэта і стрымлівае яго”.
Яшчэ адна жанчына знайшла прытулак у “крызісным” пакоі пасля канфлікту з сястрой, а потым некаторы час знаходзілася ў аддзяленні кругласутачнага прабывання.
Вядома, хацелася б, каб у “крызісным” пакоі было як мага менш наведвальнікаў. “Тым не менш, мы гатовы даць часовы дах над галавой тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, – кажа С. М. Якаўлева. – Людзі, якія церпяць ад дамашняга насілля, могуць разлічваць на нашу дапамогу”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 81 ад 21.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *