Не вярнуўся з палону…

Людзі і лёсы

Могилы советских военнопленных в Нюрнберге

Не вярнуўся   з палону…
Такіх, як герой нашага расказу, было шмат. Кожны, хто ехаў на фронт, спадзяваўся на свой літасцівы лёс, верыў, што выжыве і вернецца шчаслівы дамоў.
Верыў у шчаслівую сваю планіду і Ягор Ляшчоў з вёсачкі Башні Пагарэлаўскага сельсавета, Сіроцінскага (Шумілінскага) раёна. Яшчэ ў даваенным 39-ым ён быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, а затым быў кінуты ў ваенную крутаверць, з якой жывым не вярнуўся.
Перада мной на стале ксеракопіі дакументаў, якія данесла ў рэдакцыю бібліятэкар Башнёўскай бібліятэкі А. В. Сахончык. Першы – даведка з Пагарэлаўскага сельсавета аб тым, што сапраўды сын Фёклы Іванаўны Ляшчовай Ягор быў “узяты ў рады РККА ў 1939 годзе і да сённяшняга часу няма аб ім ніякіх звестак”. Даведка падпісана 29 жніўня 1946 года.
З Я. К. Ляшчовым сувязь згубілася на трэці дзень пасля пачатку вайны. Ён прыслаў дамоў пісьмо, якое і стала апошнім. Папаў у палон 6 жніўня 1941-га, быў вывезены ў Германію і  3 кастрычніка трапіў у лагер для ваеннапалонных.  Памёр  там 14 студзеня 1942 года. Пахаваны на Паўднёвых могілках у нямецкім горадзе Нюрнбергу.  Пра гэта даведваемся з анкеты ваеннапалоннага. Год нараджэння – 31.04.20 г. (тут закралася памылка – у красавіку не 31 дзень, а 30), даваенная праца – цясляр, ваяваў у мотабатальёне. У справе нават адбітак пальца палоннага.
І нарэшце пра тое, як знайшлося сярод дзясяткаў тысяч пахаваных на Паўднёвых могілках у Нюрнбергу імя Ягора Капітонавіча Ляшчова. З упраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на адрас дальняй сваячкі палоннага А. В. Раманавай, якая пражывае ў в. Лажок Светласельскага сельсавета,  даслалі ліст, у якім паведамлялася, што знойдзены звесткі пра Ляшчова Я. К., атрыманыя па электроннай пошце ад  Ізмайлава Ф. В.
Ізмайлаў Ф. В. перакладае і ўстанаўлівае асобы воінаў, пахаваных на Паўднёвых могілках у Нюрнбергу. На адной з пліт ёсць надпіс: “Ляшчоў Ягор (па-нямецку), 14.01.1942.”  Па базе дадзеных “Мемарыял” Ізмайлаў Ф. В. устанавіў, што Я. К. Ляшчоў прызываўся з Віцебскай вобласці, у картачцы ваеннапалоннага значыцца адрас маці. У Ізмайлава Ф. В. ёсць здымак і відэа могілак…
Шкада, але гэтае паведамленне Фёклу Іванаўну Ляшчову не заспела: яе на той час ужо не было ў жывых…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў № 81 ад 21.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *