Штрихи к семейному портрету Згирских

Культура Семья

Магія, баяны і дача, без якой Згірскім няма жыцця
Яны абое  родам з вёскі. Рыгор Згірскі з Докшыцкага раёна, Галіна – з Салігорскага. Вучыліся ў Гродзенскім музычна-педагагічным, там пазнаёміліся, у Гродне і нарадзілася студэнцкая сям’я, якая, між тым, ужо 36 гадоў як асела ў Шуміліне…
Вось так, тэлеграфным радком – пра Згірскіх. Пра юбіляраў. Рыгору Міхайлавічу 60, Галіне Браніславаўне 55. Яны лістападаўскія абое, і сын Юрый таксама Скарпіён. Ён у Мінску жыве і працуе, а вось з дачкой Аняй і самімі Згірскімі пагаварылі як след. Як толькі з’явіліся ў кватэры бацькоў Аня з дачкой Кірай, дзед, Рыгор Міхайлавіч, радасна ўсклікнуў:
– Ну вось, яшчэ два баяністы. Як пачуў, што Кірачка рэжа польку, ледзь не плакаў: наша кроў…
Так, у дынастыі Згірскіх чацвёра музыкантаў – і ўсе баяністы. Хутчэй за ўсё, хацелі, каб і Юрка пайшоў па дарозе бацькоў, і хадзіў той на гітару, а пасля кінуў – “уссеў”на матэматыку-фізіку. У школе вучыўся добра, уседліва, і калі прыйшла пара падумаць пра будучую прафесію, падаў заяву ў завочную фізіка-матэматычную школу ў Мінску. Ён гарэў жаданнем вучыцца ў сталічным ВНУ. І паступіў, і вучыўся, і прыехаў па заканчэнні ў свой раён, працаваў інжынерам у райаграсэрвісе. Зараз у Мінску, на СТА.
Гэта пра Юру – таго, хто  выбіваўся з “абоймы” баяністаў. Аднак  бацькі ганарацца сынам. Настойлівы, умее за сябе пастаяць. Ціхенька, каб бацькі не ведалі і не маглі перашкодзіць, хадзіў у секцыю бокса. Матуля бачыла, што сын прыязджаў дамоў з сінякамі, нават з паламаным носам, плакала і адно па-мацярынску ўздыхала, бо ведала, што сын секцыю не кіне. Ён разам з дыпломам ВНУ прывёз дамоў “корачкі” з кваліфікацыяй “трэнер па боксе”.
Музыка прайшла праз усё жыццё і Рыгора Міхайлавіча, і  Галіны Браніславаўны.  Музыка стала для іх і хлебам надзённым, і творчай лабараторыяй. Па-рознаму яны прыйшлі да прафесіі. Рыгору бацька купіў у Бягомлі гармонік, калі той хадзіў у васьмігодку. Хлопец тады рашыў, што можна толькі “рэзаць” днямі на гармоніку і не хадзіць у школу. Бацька ж адразу паставіў свавольніка на месца. Перад арміяй хлопец уладкаваўся загадчыкам клуба, а, вярнуўшыся з вайсковай службы, задумаў паступаць  за музыканта. У сям’і на той час ён быў сёмы, і бацька, ведаючы шчырыя намеры сына, тры гады дапамагаў яму ў вучобе.
Дарэчы, пра сямёрку як лічбу магічную Р. М. Згірскі разважае сур’ёзна.  Ён сёмы ў сям’і, сем асноўных нот у музыцы (а музыка для яго была ў жыцці калі не ўсім, то вельмі важным). Верачы ў такую магію, ён нядаўна высадзіў  на дачы ў Ільінцах (Дабейскі сельсавет) сем дрэўцаў розных парод. Ёсць ясень, бяроза, ёсць ліпа, каштан… На шчасце. Ды і няхай цешаць людзей сваімі шатамі.
У Галіны Браніславаўны бацька іграў на балалайцы. Убачыўшы, што дачка заварожана слухае, як спявае і іграе на баяне загадчыца клуба ў іхняй вёсцы, папрасіў яе даць для Галі прыватныя ўрокі. Тая згадзілася. Хаця ўрокі давала нядоўга, неўзабаве адкрылі за пяць кіламетраў ад вёскі музычную школу, і дзяўчынка пайшла туды.
Былі ў абаіх Згірскіх захапленні, пра якія згадваюць яны з надзвычайнай цеплынёй, калі хочаце, настальгіяй па той пары, калі працавалі без стомы і з маладым задорам. Галіна Браніславаўна 35 гадоў аддала працы музычнага кіраўніка ў садку ПМК-25 (зараз – № 2), доўгі час вяла там аркестр дзіцячых музычных інструментаў. За баянчыкамі-акардэончыкамі ды цымбаламі-ксілафонамі ездзіла некалі ажно ў Маскву.  Зараз яна вядзе музыку ў садку №4. Рыгор Міхайлавіч у 80-90-ых   паспрабаваў сябе ў ролі музыкі на розных юбілеях, вяселлях. У яго прыроджаны талент весельчака, гумарыста, жартаўніка.
Усё гэта па выхадных, пасля работы, вечарамі, а так ён акампанаваў доўгі час у фальклорным калектыве “Скарбонка”, быў для многіх харавых калектываў незаменным музыкантам. Так што, як сам жартуе Рыгор Міхайлавіч, “дома ён тады бываў рэдка, і дзецьмі займалася жонка”. А на сталай працы па-ранейшаму ў СШ № 1.
Апошні штрых – пра дачу. Як прызналася Г. Б. Згірская: “Без яе нам няма  жыцця”. Яна пахвалілася, што сёлета з мужам знайшлі 650 баравікоў (а лес побач), не прамінула сказаць пра капусту: яна гадоў восем запар радзіла ў іх на дачы – і прадавалі оптам, і на кірмашах гандлявалі. А пасля звялася. Няхай, усё роўна для старэйшых Згірскіх вясковы домік – магчымасць “пакапацца ў зямлі”. Усё-такі яны абое родам з вёскі. Хаця, як  пажартавалі-пасмяяліся ў час размовы  – абое яны  ўсё ж “напалову сяляне, а на другую палову – інтэлігенты”.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №84 ад 31.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *