«Быть может, тот облезлый кот был раньше негодяем, а этот милый человек был раньше добрым псом»

Общество

Як не завесці кацяня…
Нейкага афіцыйнага руху ў абарону правоў бадзяжных жывёл у нас няма, ва ўсялякім разе, на Шуміліншчыне. Вядома, усім шкада выкінутае на мароз кацяня ці прывучаную да лепшых умоў жыцця бяздомную лайку. Усім – у рознай ступені. Адны адводзяць позірк і стараюцца хутчэй прайсці міма, іншыя бяруць на сябе клопат хоць неяк дапамагчы жывёлам: падкормліваюць, стараюцца прыстроіць, імкнуцца паўплываць на грамадства. Дарэчы, апошнія, як правіла, вымушаны цярпець яшчэ і гнеў суседзяў, якіх нямала напружвае кампанія некалі хатніх жывёл ля пад’ездаў і падвалаў. Але і іх можна зразумець. Карацей, пытанне настолькі неадназначнае, што проста жах. Ясна адно, нейкага гуманнага спосабу барацьбы з гэтай з’явай у нашай краіне няма. Мы не ведаем, ні што рабіць з тымі небаракамі, якія ўжо бегаюць па нашых вуліцах, ні як скараціць іх колькасць у будучым.
А пакуль мы чакаем, што нехта абавяжа сябе займацца гэтай праблемай, можна хаця б не пагаршаць сітуацыю. А так як адказваць мы можам толькі за сябе (і гэта ў лепшым выпадку), з сябе і пачнём.
Калі вы не ўпэўнены, што зможаце клапаціцца пра гэтае кацянё (ці шчанюка) да апошніх яго дзён, карміць, лячыць, даглядаць, то не згаджайцеся ні на якія ўгаворы ўзяць яго ў дом. Нават у выпадку, калі ўпэўнены, што справіцеся, усё роўна 20 разоў падумайце, ці дазволіць вам работа, дзеці (нават, будучыя),  іншыя прычыны быць сапраўдным гаспадаром для ката ці сабакі.  Варта ўсведамляць, што згадзіўшыся аднойчы, магчымасцяў для адступлення ўжо не будзе, і калі што – усё на вашым сумленні. Хатняга гадаванца нельга завесці часова, пакуль дзеці падрастуць ці пакуль не надакучыць. Гэта – назаўжды!
Што рабіць з прыплодам (а за яго вы таксама ў адказе)? Мы апусцім негуманныя спосабы вырашэння сітуацыі, будзем зыходзіць з таго, што кацяняты ці шчаняты ўжо ёсць. Падкідваць “добрым людзям” ці да фермы, проста выкінуць на вуліцу, завесці ў лес – варыянты, якія не дадуць спакойна жыць вашаму сумленню. Лепш зыходзіць з думкі, што абавязкова ёсць добрая сям’я, якая марыць займець хатняга любімца. А гэта значыць, што малых трэба прывучыць да чысціні, зрабіць усе неабходныя прышчэпкі і шукаць новых гаспадароў. І яны абавязкова знойдуцца, трэба толькі патраціць крыху сіл і часу. А можа і не крыху. Але гэта зона менавіта вашай адказнасці.
Не кожны сёння гатовы ўсур’ёз разглядаць праблемы кінутых жывёлін. Маўляў, паглядзіце, як людзі жывуць, тут не да лішніх шкадаванняў. Усе мы выбіраем зручную для сябе пазіцыю і маем масу аргументаў у яе апраўданне.
…”Мы, отдав концы, не умираем насовсем”, – спяваў Уладзімір Высоцкі. А таму:
“Так кто есть кто, так кто был кем, мы никогда не знаем,
с ума сошли генетики от ген и хромосом.
Быть может, тот облезлый кот был раньше негодяем,
а этот милый человек был раньше добрым псом”…
Марына МАЛІНІНА.
Надрукавана ў №85 ад 04.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *