Спрос на обольский кирпич есть, но заводу необходима модернизация

Экономика

Не страціць наступны сезон
На сённяшні дзень Обальскі керамічны завод працуе больш-менш стабільна. Абальчане крыху не выконваюць даведзенае заданне, але ў параўнанні з мінулым годам  плюсуюць. За восем месяцаў выпушчана 32,176 мільёна штук цэглы (летась – 31,553 мільёнаў). Звыш 60% прадукцыі ідзе на экспарт, асноўныя пакупнікі – Маскоўская, Пскоўская, Калінінградская вобласці і Санкт-Пецярбург. “На жаль, гэтай стабільнасцю мы не можам быць задаволены, – адзначае дырэктар Обальскага керамічнага завода П. І. Манак. – Мы працуем толькі на сённяшні дзень. І толькі праведзеная мадэрнізацыя дазволіць казаць пра будучыню завода. Попыт на обальскую цэглу ёсць – значыць, неабходна павялічваць яе выпуск,  зніжаць яе сабекошт. Сёння з маральна і фізічна састарэлым абсталяваннем гэтага не зробіш. Такое магчыма толькі пасля мадэрнізацыі завода. Патрэбна і новая сучасная прадукцыя”.
Вясною з інавацыйнага фонду Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта абальчане атрымалі 17 мільярдаў рублёў. “Пасля праведзеных аўкцыёнаў заключылі кантракт з тульскай “Тэхнакерамікай”, – расказвае галоўны інжынер ОКЗ С. А. Ляўшоў. – Летам новае абсталяванне паступіла нам на завод”.  “Тэхнакераміка” прадаставіла абсталяванне для пачатковага працэсу вырабу цэглы. Восенню пачалася  яго ўстаноўка ў цэху №2. На сённяшні дзень вядуцца работы па ўстаноўцы прыёмнага абсталявання і масападрыхтоўкі. Абсталяванне манціруюць уласнымі сіламі. “Зразумела, гэта знізіла кошт мантажу, – дзеліцца Сяргей Аляксандравіч. – Праблем хапае, бо абсталяванне масіўнае, цэльнае, шматтоннае. Для яго ўстаноўкі неабходна спецыяльная тэхніка, якую заказвалі на іншых прадпрыемствах. Абсталяванне ўстановім самі, а вось для наладкі думаем выклікаць  тульскіх спецыялістаў”. Поўнасцю ўстанавіць абсталяванне, завяршыць пачатковы этап мадэрнізацыі мяркуецца да канца гэтага года.
На ОКЗ разлічвалі, што летам інавацыйны фонд Віцебскага аблвыканкама выдзеліць другую частку грошай. Але дваццаць пяць мільярдаў рублёў былі выдзелены толькі восенню. Абальчане заключылі кантракт з грэчаскай кампаніяй “Sabo”, якая паставіць новае абсталяванне  ў  наступным годзе. “Гэта абсталяванне дасць магчымасць выпускаць нам інавацыйную прадукцыю – цэглу з дабаўленнем адходаў хімічнай водаачысткі. Будзем выпускаць цэглу розных колераў”, – тлумачыць галоўны інжынер.
Паралельна  з вытворчасцю цэглы вядзецца мадэрнізацыя  ў цэху №2. Пад канец года цэх спыніць сваю работу. “Поўнасцю ўся лінія мадэрнізаванага цэха №2 павінна пачаць работу ў трэцім квартале наступнага года”, – падсумоўвае П. І. Манак.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №87 ад 11.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *