Хореография в Шумилино

Культура Общество

Харэаграфія ў Шуміліне

Дзень прайшоў дарэмна, калі я не танцаваў
Ніцшэ.

Усе мы любім танец – большасць з нас як гледачы, зачараваныя лёгкасцю рухаў, красамоўнай пластыкай цела, уменнем праз танец перадаць настрой, пачуцці. У душы мы, вядома ж, зайздросцім тым, хто ўмее праявіць сябе ў танцы. І гэта нармальна. Чалавек са старажытных часоў суправаджаў сябе спевамі і танцамі. У племя банту было прывітанне, якое ў перакладзе гучыць не як “Добры дзень” ці “Як справы?”, а “Што вы танцуеце?”.
А што танцуем мы? Сённяшні час не можа пахваліцца мазуркай ці менуэтам, якія ў 19 стагоддзі апроч танцавальных навыкаў і паставы фарміравалі і добрыя манеры. Не можа пахваліцца і больш дынамічнымі масавымі грамадзянскімі танцамі 20 стагоддзя – факстротам, чарльстонам. З мінулых часоў дажылі і танцуюцца (хоць і спрошчаныя варыянты) толькі вальс і полька. На нашых сучасных балях, у тым ліку і шумілінскіх, сёння не танцуюць кадрылю, замест страснага пачуццёвага танга мы соўгаемся, абшчапіўшыся рукамі, замест стэпа і факстрота мы проста дрыгаем канечнасцямі. І калі на такі баль завітае сапраўдны танцор, ды калі гэта мужчына, ды запросіць даму на той жа вальс і з гордай паставай галантна павядзе па кругу, – ну, дык гэта ж ужо цуд.
А што заўтра на сваім балі будуць танцаваць сучасныя дзеці, скручаныя суткамі каля камп’ютараў і планшэтаў? За гэта ў адказе мы, дарослыя, бо яны – дзеці свайго тэхнагеннага часу. Мы ж, дарослыя, можам не пагаджацца з Мальерам, які сцвярджаў, што “ўсе хваробы чалавецтва, усе трагічныя няшчасці, усе няўдачы вялікіх лідараў ўзніклі толькі з-за няўмення танцаваць”, але не можам не разумець каласальнага значэння харэаграфіі ў фізічным і духоўным развіцці дзяцей. Таму давайце хоць на якую гадзіну адарвём ад манітораў сваіх дзяўчынак і хлопчыкаў і павядзём іх на харэаграфію.
У Шуміліне гэта прасцей, чым, скажам, у Крывым Сяле ці Мішкавічах. Мастацтву танца найперш можна навучыцца ў школе мастацтваў, для гэтага тут ёсць танцавальная студыя са спецыяльным абсталяваннем і люстэркамі. Заняткі вядзе вопытны харэограф Кацярына Кузьміна. Зараз у яе чатыры групы юных танцораў ад шасці да трынаццаці год. Паколькі гэта школа, а не гурток, то і патрабаванні адпаведныя. Кацярына Сяргееўна расказала, што дзеці займаюцца па спецыяльнай вучэбнай праграме, у канцы кожнага года здаюць экзамен. Зараз малодшая група вывучае гісторыка-бытавыя танцы: паланэз, мазурку, кракавяк. У сярэдняй групе вучацца эстрадным танцам, а старэйшыя танцоры асвойваюць класічны народны танец і рыхтуюцца да абласнога конкурсу, які пройдзе ў красавіку наступнага года.
Харэограф прызналася, што займацца складана, асабліва з маленькімі, пакуль яны зразумеюць (некаторыя не зразумеюць і адсеюцца), што для таго, каб стаць танцорам і красавацца на сцэне, трэба шмат працаваць, перацярпець стому і боль, сфарміраваць у сабе ўнутраны стрыжань.    Зразумела, што з пяцідзесяці чалавек, якія займаюцца ў школе мастацтваў харэаграфіяй, прафесійнымі танцорамі могуць стаць адзінкі. Тым не менш кожнаму танец дадасць упэўненасці, дапаможа стаць стройным і грацыёзным, навучыць адчуваць рытм прыроды, бачыць танец вясенніх дажджавых кропляў і восеньскага лісця. Дзеці і самі гэта разумеюць. Яны ахвотна расказалі журналісту, чаму яны прыйшлі на харэаграфію:
Арына Філімовіч: “Каб выступаць на сцэне”;
Слава Васілеўскі: “Каб стаць знакамітым”;
Юра Лебедзеў: “Каб выступаць і трапіць на старонкі “Герой працы”;
Оля Працюк: “Для задавальнення”;
Дзіяна Барысава: “Для здароўя”;
Ягор Шчукін: “Мама сказала хадзіць – і хаджу”;
Слава Аляксееў: “Каб навучыцца добра танцаваць”;
Юля Емяльянава: “Каб постаць была прыгожая”;
Ліза Буракевіч: “Калі я чую музыку, мяне проста цягне танцаваць”…
Вучыцца танцавальнаму мастацтву можна таксама ў Цэнтры дзяцей і моладзі (ЦДМ). Прычым сюды дзіця можна прывесці яшчэ да школы. Харэограф ЦДМ Юлія Старавойтава расказала, што ў малодшай групе ў яе займаюцца дзеткі ад чатырох да шасці год, для іх харэаграфія падаецца ў гульнях. Каля трыццаці малодшых школьнікаў (пераважна з СШ №1) займаюцца ў танцавальным аб’яднанні “Рух”. Вучыць Юлія танцам і дзяцей ў СШ №2 – там набралася група з 12 чалавек. Накірунак – сучасныя танцы, такія як хіп-хоп, бразільскія карнавальныя танцы.
Юлія Старавойтава пераканана, што дзеці абавязкова павінны ўмець танцаваць, што танец здымае напружанасць, вызваляе энергію, робіць чалавека прыгожым, унутрана свабодным. Малады харэограф расказвае дзецям, што кожны танец заснаваны на пачуццях, на драматургіі, таму яна не толькі вучыць дзяцей правільна рабіць рухі, але найперш душой адчуваць настрой, характар танца. Яна стараецца ўсур’ёз зацікавіць дзяцей і лічыць, што заняткаў для гэтага недастаткова, трэба расці духоўна, падсілкоўвацца звонку. Для гэтага, напрыклад, яна павязе сваіх выхаванцаў на XXVII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі, які пройдзе ў канцы лістапада ў Віцебску.
Танцам у ЦДМ вучыць і Святлана Раманава, у яе гуртку “Смяшарыкі” займаецца 27 вучняў малодшых школьнікаў.
Як вядома, Цэнтр дзяцей і моладзі створаны для дадатковай адукацыі і карыснага правядзення вольнага часу, таму экзамены тут здаваць не трэба. Тым не менш, калі танцоры падрыхтуюць добрую харэаграфічную кампазіцыю, дык іх не тое што на школьную, але і на раённую сцэну папросяць.
Што датычыць раённай сцэны, то мы хочам бачыць многа прыгожых харэаграфічных кампазіцый у кожным канцэрце. Усё залежыць ад спецыялістаў, лічыць дырэктар раённага Цэнтра культуры Марына Прохарава, ёсць добры харэограф – будзе чым парадаваць гледача. Але маладыя харэографы, адпрацаваўшы ў райцэнтры абавязковыя два гады, збягаюць у горад, які можа прапанаваць ім больш высокія заробкі. Гэта праблема ўсёй вобласці, адзначае Марына Іванаўна.  У Цэнтры культуры сёння адзін харэограф – Ілона Карнілава – працуе кіраўніком узорнай эстраднай студыі “Асарці”, вядзе танцавальны калектыў Мікіціхінскага Цэнтра культуры і вольнага часу, яна ж ставіць падтанцоўкі для вакальных нумароў.
Марына Прохарава ў пошуках харэографа аб’ехала ўвесь Віцебск, звярнулася ў каледж культуры і мастацтваў, думала дамовіцца з кімсьці са старшакурснікаў пра падработку. Аказалася, што старшакурснікі даўно ўжо “разабраны” Віцебскам. Яна ўсё ж дамовілася са студэнтам другога курса Сяргеем Дзьячыным і з 1 лістапада ён ужо праце ў Шуміліне.  Сяргей будзе вучыць нашу моладзь сучасным танцам, у прыватнасці, вулічным.
У гэтым артыкуле нічога не напісана пра харэаграфію ў дзіцячых садах. А пісаць няма чаго,  бо няма спецыялістаў. Выхавальнікі саматужна ставяць танцы, а калі нехта яшчэ спрабуе весці танцавальны гурток, то спецыялісты раяць лепш не рабіць гэтага, каб не нашкодзіць дзіцяці.
Нехта спытае: а ці ёсць у Шуміліне студыі танцаў для дарослых? Пакуль што толькі Цэнтр дзяцей і моладзі прапануе такую паслугу. “Лаціна плюс” – так называецца танцавальнае аб’яднанне для дарослых, куды ўжо запісалася дзесяць чалавек.
Так што калі вы яшчэ не танцуеце, самы раз пачынаць. І памятайце: “Любую праблему на свеце можна рашыць танцуючы”.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 89 ад 18.11.2014 г.



1 комментарий по теме “Хореография в Шумилино

  1. Няма ў Шуміліне харэаграфіі, на жаль, гэта факт. І харэографаў няма. Адна Каця Кузьміна, сапраўдны прафесіянал, улюбёны ў народны танец, вартая, каб так звацца. Вось хто хварэе за справу і імкнецца ўлюбіць у прыгожы рух дзяцей. Ілона Карнілава стараецца, але яе пастаноўкі значна прасцейшыя. Астатнія — абы дзень да вечара. Пра якія 30 ці 27 юных танцораў гаворка? Тых, што на паперы? Хацелася б зірнуць калі не на іхнія выступленні, то хаця б на рэгулярныя рэпетыцыі. Прабачце, шумілінцам — са многімі даводзілася пра гэта гаварыць — і самім шкада, што наконт харэаграфіі мы слабыя ў каленях. Хтосьці абразіўся? Дык запрасіце на выніковы канцэрт танцавальных гуркоў напрыканцы года! Удзячна закідаю сцэну букетамі, абяцаю.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *