Молодая певица из Шумилино Мария Жукова верит в свою мечту

Молодёжь

“Павер у сваю мару!”
Голас гэтай абаяльнай дзяўчыны добра вядомы жыхарам Шуміліншчыны. Марыя Жукава пачала сваю музычную кар’еру са звычайнага школьнага конкурсу салістаў “І ў песні ёсць душа”. Кампазіцыя “Зорачка” стала яркім стартам да поспеху. І з гэтага часу Маша радуе гледача, выступаючы на галоўнай сцэне нашага гарадка.
“Я заўсёды марыла стаць спявачкай, – кажа Марыя – А калі я ўпершыню паглядзела Еўрабачанне, таксама захацела туды трапіць”.
Хвалюючай падзеяй у жыцці Машы было напісанне ўласнай песні “Сонечныя праменьчыкі”, з якой яна праходзіла абласны адборачны тур дзіцячага Еўрабачання. “Мне захацелася выступаць зноў і зноў… За кулісамі быў страх, але ён знік на сцэне”, – успамінае яна.
Да заканчэння школы Марыя ўжо мела багатую скарбонку з узнагародамі – за выдатныя выступленні на розных конкурсах і фестывалях. І яна вельмі хацела, каб яе  жыццё было звязана з музыкай. Таму і ў выбары прафесіі не было ніякіх сумненняў.
З 2014 года творчы шлях Марыі Жукавай выйшаў за межы раённай сцэны. З’яўляючыся ўжо студэнткай Віцебскага музычнага каледжа імя Салярцінскага, яна разам з групай “Music box” пачала скараць замежныя пляцоўкі. У студзені напярэдадні Ражджаства група паехала ў Германію на конкурс “Калядныя зоркі Дрэздана”, дзе заняла другое месца. А летам яна стала ўдзельніцай фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” – у складзе хору яна выступала на сцэне разам з Алегам Газманавым, а на заканчэнні канцэрта спявала фінальную песню разам з усімі зоркамі. Маша расказвае, што было вельмі цікава ўбачыць артыстаў такога маштабу, паназіраць за іх работай, пабываць на рэпетыцыях, атрымаць пэўны сцэнічны вопыт. “Страшна не было. Усе адчувалі сябе свабодна і адрываліся на ўсе сто”, – з усмешкай успамінае Марыя.
А зусім нядаўна, у кастрычніку, голас Марыі ў складзе трыа “Con Tutti” гучаў у прыгожым аўстрыйскім горадзе Вене. На конкурсе “Венскія асамблеі” спявачка заняла другое месца. Гэта адназначна поспех! Маша расказвае: “Атмасфера на падобных конкурсах незвычайная і да гэтага была мне невядомая. Як высветлілася, усе ўдзельнікі вельмі дружалюбныя, наогул, я была здзіўлена, колькі таленавітых людзей жыве ў свеце. Гледачы прымалі нас надзвычай цёпла, а ў Дрэздане прасілі выканаць песню на “біс”. А ўсё ж, прызналася Маша, на Радзіме ёй спяваецца намнога лягчэй.
“Павер у сваю мару!” – дэвіз, які суправаджае нашу таленавітую зямлячку на яе музычным шляху. А мы верым у цябе, Маша, і жадаем новых творчых поспехаў. Шуміліна табой ганарыцца!
Дар’я ЧАПУРНОВА, студэнтка 2-га курса БДУ.
Надрукавана ў № 90 ад 21.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *