Размышления о дружбе

Духоўнае

Калі сябар, то да дамавіннай дошкі?
Сяброў выбіраюць.  Без сяброў у жыцці чалавек не абыдзецца. Праўда, што лепш – мець іх менш ці больш – кожны павінен рашаць сам. На гэты конт існуе нямала крылатых выразаў. Напрыклад, такі: “Чым менш сяброў, тым менш табе зайздросцяць”. Або “У каго няма сяброў, той ці зайздроснік ці ганарлівец”. А ўвогуле наша пакаленне выхоўвалі словы: “Даўні сябар лепш за новых двух”. Адна пенсіянерка неяк у размове прызналася, маўляў, хацела б мець за сяброўку жанчыну, каб магла ёй смела сказаць: “Ну што, старая каза, калі пойдзем пенсію траціць?”
Тут ключавыя словы – не “пенсію траціць”, а менавіта “старая каза”. Каб можна было так сказаць, і сяброўка не пакрыўдзілася б.
Увогуле сябар той (сапраўдны, на ўсе гады), з кім з’еў пуд солі. Вобраз такі: калі дзяліў з чалавекам і гора, і радасці, калі прайшоў праз нягоды і жыццёвыя буры, і ты ведаеш, што без яго ў жыцці будзе цяжка. Ён будзе сябрам, закадычным,  шчырым і бескарыслівым. Менавіта бескарыслівым – на гэтым, на бескарыслівасці, па-мойму, акрамя ўсяго іншага, і трымаецца  сапраўднае сяброўства. Не на грунце нейкіх згубных захапленняў і афер, а на тым, што ад сябра ты не чакаеш, не патрабуеш ад яго нейкіх асабістых выгод. Сябар – гэта чысціня адносін, гэта ўсё як на далоні. Без усякіх хітрыкаў.
Не кожнаму шанцуе на такія адносіны. Ведаю (канечне, з кінафільмаў ды кніжак), наколькі моцная франтавая дружба або дружба тых, хто захаваў, не растрос па жыццёвых дарогах гэтае пачуццё з самага дзіцячага сада. Як вось у майго знаёмага. Двух мужчын, сёння ўжо дарослых, не разліць, як кажуць, вадой. Але калі адзін стварыў сям’ю, калі з’явіліся ў яго дзеці, тут трэба было ўжо нечым ахвяраваць. Вядома, нечым, не ўсім, не ўсёй дружбай. Хаця сям’я – не перашкода. Тым больш, калі твой сябар таксама знайшоў сваю палавінку, тады ўжо  можна дружыць і сем’ямі. Так, дарэчы, яны і робяць.
Сябры  аблягчаюць жыццё, “разбаўляюць” яго сумную будзённасць.  Вось у цябе  пераезд на новую кватэру, ты навасёл. Падзея, якая, напэўна, раз у жыцці. Хто табе дапаможа завезці мэблю, хто першым павіншуе цябе з радасцю?  Сябар. Або вось у цябе нарадзілася дзіця. Хто прыме тваю радасць за сваю? Ён. Сябар першым падставіць плячо, калі ў цябе што-небудзь сумнае або жалоба. Вядома ж, не бяром у разлік блізкіх сваякоў. Хаця і сваякі   бываюць розныя…
Ідэальная карціна? Магчыма. Мне асабіста шанцавала ў жыцці на такіх сяброў. Калі быў студэнтам, ездзіў на Брэстчыну да сябра. Закадычнымі былі сябрамі. Цікавы быў ён чалавек, шкада, што жыццёвыя пуцявіны развялі нас. Шкада, і ў першую чаргу сам сябе дакараю, пасыпаю попелам галаву: старэйшы ж быў, чаму дазволіў зачэзнуць таму дружнаму парастку… І такога, калі раскідвае жыццё сяброў па розных полюсах і не можа іх сабраць,  у нас нямала. Можа таму, калі сустракаеш недзе сапраўдных сябрукоў, у самога сэрца точыць шашаль дакору, што не маеш і ты такіх, каб на ўсё жыццё. Каб да самай дамавіннай дошкі. Былі добра знаёмыя, былі тыя, хто хацеў вадзіць з табой дружбу, але на глебе, паўтаруся, згубных захапленняў. Мінулі захапленні і адышлі сябры. Зніклі, так сказаць, як дым, як ранішні туман.
І тут не было нічога ад маёй ці іхняй зайздрасці ці ганарлівасці, бо яны былі носьбітамі іншых прафесій і ніхто з іх не цікавіўся  літаратурай. Відаць,  выпадковыя мы былі людзі…
Сяброў выбіраюць. Як золата. У адным розніца: золата – мёртвы метал, сябры – жывы арганізм. І хаця і тое, і другое губляеш са шкадаваннем, з горыччу, усё ж золата можна набыць у магазіне,  ад згубы ж сябра на ўсё жыццё застаецца пачуццё віны і дакору.
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №95 ад 09.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *