Да крынічнай энергіі дадаліся жыццёвая сталасць і мудрасць. Мікалаю Марозу — 60!

Людзі і лёсы Общество

Да крынічнай энергіі дадаліся жыццёвая сталасць і мудрасць
Аніяк не верыцца, што Мікола Мароз – такі рухомы, лёгкі на пад’ём – дасягнуў пенсійнага ўзросту. Проста немагчыма ўявіць, што ён, пайшоўшы на заслужаны адпачынак, адкладзе ўбок пяро і звычайны цяслярскі рыштунак (домік з лазенькай на ўскрайку Шуміліна збудаваў і аздобіў уласнымі рукамі) альбо, пазбавіўшыся ад веласіпеда, пачне хадзіць са старэчай асцярогай і з кійком у руцэ.
Табе, Мікола, рана спускацца з гары. Твая галоўная вяршыня яшчэ чакае цябе. Пакуль што не выйшла другое выданне кнігі “Памяць. Шумілінскі раён”, у стварэнні якой ты браў вельмі плённы ўдзел. Ды і якія твае гады! Да крынічнай энергіі дадаліся жыццёвая сталасць і мудрасць.
У журналістыку Мікола прыйшоў не адразу. Упарта шукаў сябе, сваё прызванне. Скончыўшы педагагічны інстытут, настаўнічаў у сельскай школе. Але неадольна вабіла друкаванае Слова. І ў 1982 годзе з сардэчным хваляваннем ступіў Мікола на парог рэдакцыі “Герой працы”. Вось такі паварот у лёсе. Не маючы спецыяльнай адукацыі, пры шчырым спрыянні калег даволі хутка асвоіў азы газетнай работы, стварыў сабе імя. Яго публіцыстычны талент заўважыла тагачаснае партыйнае кіраўніцтва. І вырашыла: Мароз патрэбен у партыйным апараце. Гэта была не прапанова. Гэта было ўказанне, якое аспрэчванню не падлягала.

Мікалай Мароз і Анатоль Бруцкі. Фота з архіва

Толькі журналістыка і механічнае кляпанне дырэктыўных дакладаў – рэчы несумяшчальныя. Апошняе не стасавалася з рамантычнай натурай Міколы. Спакваля згаслі агеньчыкі ў вачах, апускаліся крылы. Зноў і зноў настойліва даймаў начальства просьбамі вярнуць яго ў родную стыхію. У высокім кабінеце ўрэшце зразумелі: птушку трэба адпускаць у неба. У рэдакцыю Мароз прыляцеў вясёлым і бадзёрым, поўным творчага гарэння.
А праз колькі гадоў – новы паварот жыццёвай дарогі. Пісьменства і журналістыка – блізкія сферы, але шляхі розныя. Мікола засведчыў сябе шматграннай асобай. У друку пачалі з’яўляцца яго нарысы, лірычныя абразкі, эсэ, аповесці. І якое адметнае валоданне сакавітай роднай мовай, узятае ў спадчыну з часоў залатога вясковага дзяцінства.
Не ў кожнага пісьменніка хопіць адвагі нават падступіцца да рамана. Гэта ж такая глыба! Раман Міколы Мароза “Папялішча – не тлен” – сучасны погляд на трагічную гісторыю Обальскага камсамольскага падполля. А напісаныя быццам і прозай пейзажныя замалёўкі, якіх багата ў рамане, – паэзія глыбіннага зместу. Яны арганічна ўпляліся ў мастацкую тка-ніну твора.
Кожны юбілей – добрая нагода не толькі ўспомніць пражытае з удзячнасцю Богу, але і падумаць пра наступны дзень і новыя справы. Жадаю, сябра, лёгкасці твайму чароўнаму пяру, высокага табе палёту ў касмічнай прасторы прыгожага пісьменства.
Анатоль БРУЦКІ.
Адным штрыхом
Нарадзіўся Мікалай Мароз 13 снежня 1954 года ў вёсцы Старое Янчына, на Барысаўшчыне Мінскай вобласці, у сям’і калгаснікаў. Бацькі рана пайшлі з жыцця, таму Міколу з братамі (ён сярэдні сын у сям’і) Мішам і Валерам было не так проста прабівацца ў жыцці.
Вучыўся Мікола добра, таму вырашыў, што будзе паступаць у інстытут. За кампанію з аднакласніцай падаў дакументы ў Віцебскі педагагічны інстытут імя С. М. Кірава. Паступіў на факультэт пачатковых класаў. Прызнаецца, што ў інстытуце шмат чытаў, асабліва беларускіх аўтараў, напрацоўваў лексіку. Але нічога ў той час не пісаў. Пасля заканчэння інстытута ў 1976 годзе быў накіраваны настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Мацееўскую васьмігодку Докшыцкага раёна. Настаўнічаў 6 год. Там пазнаёміўся з будучай жонкай – Таццянай.
У 1982 годзе прыйшоў на пасаду карэспандэнта ў шумілінскую раённую газету “Герой працы”, затым быў загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі. Восем месяцаў прыйшлося аддаць працы інструктарам ў райкаме партыі. У рэдакцыю ж вярнуўся намеснікам галоўнага рэдактара. А з 1993 па 2000 год Мікалай Аркадзьевіч узначальваў калектыў журналістаў. Апошнія гады працуе намеснікам галоўнага рэдактара. Піша і выдае кнігі.
Мікалай Аркадзьевіч разам з жонкай выгадаваў дзвюх цудоўных дачок – Вольгу і Анастасію, з’явіліся на свет і радуюць сэрца тры ўнучкі. Пабудаваў дом.
Напісанае застаецца
Першая кніга прозы Мікалая Мароза “Развеяны сум” выйшла ў 2006 годзе.  Праз два гады выходзіць раман “Папялішча — не тлен”, а ў лютым 2014 – яшчэ адна кніга пад назвай “Не маючы літасці”. Таксама пісьменнік стаў аўтарам дакументальнай кнігі, напісанай па-руску “Другой судьбы не пожелая” (2009 год).
“Сам я люблю раніцу за тое, што менавіта раніцой нарадзіў тысячы мастацкіх радкоў для сваіх кніжак, напісаў не адну сотню газетных артыкулаў. Яна мая карміцелька, яна мая, калі хочаце, матуля. Не больш, не менш. Нават тады, калі прыспічыць, даруйце за лексіку, чыркануць пару радкоў вечарам, усё адно раніцой іх правіш, крэсліш, бо – на свежую галаву. Ведаю, проста перакананы, што напісанае раніцой – самае свежае, непаўторнае і чыстае. Як тая ранішняя кропля расы. Як «радар» ажурнай павуцінкі на мокрым вераснёўскім палыну ўскрай лесу, куды ідзеш па грыбы”. («Пахвалі раніцу»).
“Старая сядзела на ложку, змарнелая, сухенькая, сядзела сцішаная, задуменная. Віктар паклаў левую руку на яе кволыя і маленькія, сашчэпленыя на падале рукі, адчуў, як яны таргануліся, быццам апякліся, калі ён схіліўся і прыпаў да іх губамі. Мабыць, пасля пацалунка ў шчаку яна не чакала такой ласкі, зусім сумелася, таропка адняла рукі, узнялася з ложка і адвярнулася да акна”.  («Вяртанне»).
“Ціхі летні досвітак. Санліва і квола смяецца ў нямых берагах, нясе ў няблізкую дарогу сваю плынь рэчка Абалянка, кучаравяцца ў тумане блізкія паплавы, недзе далёка самотна гарланіць, просіцца ў кампанію сіпаты певень. Бярэцца святлець, шырыцца палоска на ўсходзе, над маладым хвойнікам святлее шафранная чырвань”. («Папялішча – не тлен»).
«Раскашавала бабіна лета. Стаяла тая пара, калі восень пачынаеш любіць, хаця заўсёды звязваеш яе з дажджамі ды слотай. За акном цягніка — золата гожага дня, прыліплая трапяткая павуцінка, а ў нашым купэ — сумота. Дзябёлы мужчына ўнурыўся ў газету, жанчына з размаляванымі вуснамі адчужана глядзіць некуды пад лаўку. Я сяджу ад акна, мне добра і ласкава на душы. Маўчу, спадзяюся на цуд. І ён неўзабаве з’явіўся ў вобразе маладой дзяўчыны, якая лёгкім ветрам уляцела ў наша купэ”. («Развеяны сум»).

У рэдакцыі яшчэ ціха, яна не прачнулася, не расплюшчыла свае вочы-вокны для новага працоўнага дня. І ты наіўна думаеш, што прыйшоў на працу першым. А – не. У сваім кабінеце ўжо шчыруе над радком твой старэйшы калега Мікалай Аркадзьевіч Мароз. Кажа, што для творчасці карысна захапіць раніцу: пакуль галава светлая, лёгка пішацца. За доўгае творчае жыццё гэта светлая галава разам з гарачым сэрцам нарадзіла некалькі мастацкіх кніг, сотні газетных публікацый, тысячы радкоў, за якімі радасць і роспач, надзеі і праўда, удзячная праца і шчырае каханне, здабыткі пакаленняў і перамогі простага чалавека… За якімі – жыццё.
І мы ўпэўнены, што будуць яшчэ сотні раніц, будуць пяро і аловак, будзе натхненне… А яшчэ мы ведаем, што спраўдзяцца ўсе самыя смелыя спадзяванні, жыццём стануць запаветныя мары. Па іншаму не можа быць, вы гэта заслужылі.
Калегі.
Надрукавана ў №96 ад 12.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *